Пошук
Архіў навін
11.12.2014
Юбілей біскупа Чэслава Сіповіча ў Рыме
 
100-гадовы юбілей першага беларускага грэка-каталіцкага біскупа ў XX стагоддзі Чэслава Сіповіча адсьвяткавалі ў Рыме. Урачыстасьці праходзілі ў царкве пры Папскім калегіюме «Russicum» і ў Генеральным доме Айцоў Марыянаў.
 
Архімандрыт Сяргей (Гаек) і Ўладыка Алег (Буткевіч) падчас сьвяточнай вячэрняй малітвы ў Генеральным доме марыянаў у Рыме. (Фота з сайту Svjazep.org).
Сьпецыяльна для ўдзелу ў гэтых урачыстасьцях у гонар біскупа Сіповіча ў Вечны горад з Беларусі прыбылі Ўладыка Алег Буткевіч, біскуп Віцебскі, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), а таксама пробашч касьцёла ў Друі кс. Сяргей Сурыновіч.
 
7 сьнежня 2014 году ў памяць Уладыкі Чэслава Сіповіча была адслужана сьвяточная Боская Літургія ў візантыйскім абрадзе ў царкве сьв. Антонія Вялікага пры Папскім калегіюме «Russicum», дзе праходзіў фармацыю выхаванец Друйскага кляштару марыянаў і будучы беларускі грэка-каталіцкі біскуп. Яе узначальваў архібіскуп Цырыл Васіль, SJ, Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. А 8 сьнежня, у дзень народзінаў Уладыкі Чэслава Сіповіча, у Генеральным доме марыянаў, да якіх ён належыў і пэўны час узначальваў, рыма-каталіцкі біскуп Віцебскі Алег Буткевіч узначаліў урачыстую вячэрнюю малітву.
 
З нагоды гэтых сьвяткаваньняў у Рыме супрацоўнік Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё кс. Аляксандар Амяльчэня сустрэўся ў студыі Ватыканскага радыё з Апостальскім Візітатарам грэка-католікаў у Беларусі Архімандрытам Сяргеем (Гаекам) і паразмаўляў з ім пра постаць біскупа Сіповіча, Друйскі кляштар марыянаў, дзе пачыналася яго фармацыя, і іх месца ў беларускім рэлігійным адраджэньні. Прапануем ніжэй гэтую размову.
 
Біскуп Чэслаў Сіповіч.
— Ойча Сяргей, распавядзіце, калі ласка, пра сьвяткаваньне 100-годдзя з дня нараджэньня біскупа Чэслава Сіповіча. Чаму гэтыя ўрачыстасьці маюць такое вялікае значэньне для сёньняшніх беларускіх католікаў?
 
— Хачу нагадаць, што ўвесь гэты год прайшоў пад знакам юбілею 100-годдзя ярарха. У жніўні адбыліся ўрачыстасьці на яго радзіме — у Друі. На іх прысутнічалі: Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці, біскуп Віцебскі Алег Буткевіч і грэка-каталіцкі ярарх з Славакіі, біскуп Мілан (Лях). Уладыку Сіповіча таксама ўспаміналі ў Празе, Антвэрпане і Лондане. І сёньня, у дзень яго нараджэньня – 8 сьнежня — было сьвяткаваньне ў Рыме. На самой справе гэта былі два дні сьвяткаваньняў. У нядзелю, 7 сьнежня, была сьвяточная літургія ў царкве пры Папскім калегіюме «Russicum», дзе быў высьвячаны на сьвятара Чэслаў Сіповіч. Яе ўзначаліў Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Архібіскуп Кірыла (Васіль). На гэтую ўрачыстую сьв. Літургію сабралася беларуская супольнасьць Рыму. 8 сьнежня ў Генеральным доме айцоў-марыянаў таксама была духоўная сустрэча ў памяць біскупа Сіповіча. У гэты дзень — сьвята Беззаганнага Зачацьця Маці Божай — прайшлі ўрачыстыя Нешпары, якія ўзначаліў біскуп Віцебскі Алег Буткевіч. Гэтыя два дні дапамаглі нам нанова сустрэцца з постацьцю і спадчынай біскупа Чэслава.
 
— Лейтматывам гэтых урачыстасьцяў была адна назва — Друя. З гэтым месцам зьвязана жыцьцё біскупа Сіповіча. Цяпер гэта невялікае мястэчка, ня самае важнае з геапалітычнага і рэлігійнага пунктаў гледжаньня. Але гэтая назва гучыць сёньня. Чым важная Друя сёньня для Каталіцкай Царквы ў Беларусі.
 
— Сапраўды, адтуль, з Друі, вырастаюць карані беларускай традыцыі ў Каталіцкай Царкве ў Беларусі. Каталіцкі Касьцёл і Грэка-Каталіцкая Царква не нарадзіліся ўчора. Яны маюць сваю багатую традыцыю. Асабліва ў 20-ыя гады ХХ ст., калі ў Друі быў адноўлены кляштар марыянаў, прычым беларускіх марыянаў, там пачалася праца ня толькі над малітвай па-беларуску, але і над беларускай культурай. З Друяй былі зьвязаны вялікія постаці: і архімандрыта Фабіяна Абрантовіча, і выдатнага арганізатара архімандрыта Андрэя Цікоты, і ераманаха Язэпа Германовіча і іншых. Іх справа пачала ўзрастаць і пашырацца па ўсёй Беларусі. І нават сёньня мы сустракаем людзей, якія некалі ў міжваенны час сустракаліся з кімсьці з друйскіх марыянаў, і ня толькі марыянаў, бо туды прыяжджалі і іншыя беларускія сьвятары.
 
Такім чынам, з Друяй зьвязана багатая спадчына. Мы гэтую спадчыну яшчэ, можа, не да канца асэнсавалі. Часам сёньня лічаць з геаграфічных прычынаў, што гэта глыбокая правінцыя, ня самае важнае месца. Але памятаць пра гэтую спадчыну ў Друі — гэта наш абавязак. І, слава Богу, не зважаючы на розныя цяжкасьці і складанасьці, біскуп Віцебскі бачыць каштоўнасьць гэтага духоўнага цэнтру. Сёньня, пасьля таго як марыяне, на жаль, пакінулі Друю, айцец Сяргей Сурыновіч пачаў там вельмі паважную працу. Яе можна назваць дыялогам веры і культуры.
Гл. таксама:
09.09.2019
Берасьцейцаў з юбілеем 1000-годдзя гораду павіншавалі з Рыму
22.04.2016
Год без айца Надсана – новыя выклікі для грэка-католікаў
11.02.2016
Архімандрыт Сяргей Гаек: айцец Тамаш Падзява – сапраўдны сьведка веры
08.04.2015
На Вялікдзень з грэка-католікамі Берасьця маліліся прадстаўнікі Генконсульства Ўкраіны
13.09.2014
Славацкі біскуп пра БГКЦ: гэтая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял