Пошук
Архіў навін
12.12.2014
Архімандрыт Сяргей Гаек пракаментаваў ідэю кананізацыі Францішка Скарыны
 
«Сёньня зарана казаць аб тым, наколькі жыцьцё і справы Скарыны наогул дазваляюць распачаць яго кананічны працэс», — так пракаментаваў Апостальскі Візітатар грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек пытаньне пра кананізацыю беларускага першадрукара Францішка Скарыны.
 
Помнік беларускаму першадрукару Францішку Скарыну ў Лідзе.
«Мы ўсе чакаем 500-годдзя юбілею выданьня Францішкам Скарынам першай беларускай Бібліі, — адзначыў Апостальскі візітатар БГКЦ у інтэрв’ю беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё. — У нашай Царкве ўжо 10 гадоў таму пачалося абмеркаваньне гэтай тэматыкі. Прычым гэта адбывалася ня толькі ў грэка-католікаў. Ёсьць пэўныя колы, якія пачынаюць нанова асэнсоўваць каштоўнасьць справы Скарыны». У складзе грамадзкага камітэту, які зьвярнуўся да Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы з прапановай кананізаваць першадрукара, працуе шмат вядомых гісторыкаў, заўважыў Архімандрыт Сяргей (Гаек).
 
«Яны ведаюць пра нашу духоўную сімпатыю да асобы Францішка Скарыны і ўсьведамленьне каштоўнасьці гэтай асобы для ўсёй Беларусі. Таму камітэт і заявіў пра свае спадзяванні адносна падтрымкі з боку Грэка-Каталіцкай Царквы», — сказаў а. Сяргей Гаек.
 
Нагадаем, на пачатку лістапада на Зьезьдзе Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны было абвешчана пра стварэньне ў Беларусі міжнароднага грамадзкага аргкамітэту па кананізацыі Францішка Скарыны. Яго ўзначаліў былы міністар замежных спраў кандыдат гістарычных навук Пятро Краўчанка. Сакратаром аргкамітэту стаў вядомы беларускі навукоўца і пісьменьнік, літаратуразнаўца, гісторык, доктар філалагічных навук Адам Мальдзіс, якія сьцьвярджае, што Скарына быў каталіком і сваімі справамі служыў еднасьці хрысьціянаў.
 
Адзначым таксама, паводле словаў Пятра Краўчанкі, з цікавасьцю паставіўся да самой ідэі папулярызацыі асобы Ф. Скарыны і паабяцаў спрыяць аргкамітэту Апостальскі нунцый у Беларусі архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці.
 
Сёньня міжнародны грамадзкі аргкамітэт па кананізацыі Скарыны рыхтуе аргументацыю на карысьць таго, каб гэты працэс быў распачаты.
 
Апостальскі візітатар дадаў, што біяграфія Фрацішка Скарыны вывучана яшчэ недастаткова добра і ў ёй шмат невядомых момантаў. «Таму, калі паўстаў гэты грамадзкі камітэт,
Апостальскі Візітатар грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек).
у нас зьявілася спадзяваньне на іх вельмі салідную працу, заснаваную на крыніцах, па дасьледаваньні біяграфіі першадрукара», — патлумачыў Архімандрыт Сяргей (Гаек).
 
Паводле словаў Апостальскага візітатара, Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква чакае грунтоўнага дасьледаваньня тых фактаў у біяграфіі Францішка Скарыны, якія сьведчылі б пра глыбокую веру першадрукара: «У дадзеным кантэксьце гэта самае важнае. Пытаньне кананізацыі — зусім іншая гісторыя. І тут грамадзкі камітэт ня вельмі кампетэнтны. Хоць можна маліцца ў інтэнцыі кананізацыі [Скарыны]. Але гэта справа Царквы і кананічнага працэсу, прычым вельмі складанага».
 
Архімандрыт Сяргей падкрэсьліў, што пакуль зарана рабіць нейкія высновы пра жыцьцё Францішка Скарыны, каб распачынаць кананічны працэс адносна яго. «Сёньня занадта рана казаць, наколькі жыцьцё і справы Скарыны наогул дазваляюць распачаць гэты кананічны працэс. Таму мы зараз знаходзімся на этапе асэнсаваньня яго біяграфіі, і тут ёсьць пэўныя пытаньні, на якія мы пакуль ня ведаем, як адказаць», — заключыў Апостальскі Візітатар грэка-католікаў Беларусі.
Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
12.04.2017
Апостальскі Візітатар БГКЦ пра найбліжэйшыя царкоўныя планы і задачы
22.12.2016
Апостальскі Візітатар БГКЦ павіншаваў вернікаў з сьвятам Раства Хрыстова
06.12.2016
У Берасьці падчас сьвята парафіі ў 420-ыя ўгодкі Уніі асьвяцілі крыж на каплічцы
21.09.2013
Сьвятар, які сьведчыць любоў да Бога і Бацькаўшчыны