Пошук
Навіны
23.12.2014
Папа даслаў каляднае вітаньне католікам Блізкага Ўсходу
 
Напярэдадні Хрыстовага Нараджэньня Папа Францішак напісаў адмысловы ліст да католікаў Блізкага Ўсходу, у якім заахвоціў іх мужна вызнаваць сваю веру — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
 
У лісьце, апублікаваным 23 сьнежня 2014 году, Сьвяты Айцец выказаў занепакоенасьць лёсам вучняў Хрыста, якія жывуць на Сьвятой Зямлі з апостальскіх часоў, і запэўніў у салідарнасьці з імі ўсёй Царквы.
 
Папа спадзяецца, што зможа і асабіста наведаць ды суцешыць мясцовых хрысьціянаў. Рымскі Архірэй рашуча асудзіў тэрарыстычную дзейнасьць «Ісламскай дзяржавы» і іх жахлівыя злачынствы. Кажучы пра пакуты ахвяраў, ён адзначыў, што «зьвяртаецца да Бога і заклікае ўсіх далучыцца да дапамогі, да малітвы і да ўсіх відаў ініцыятыў». Сьвяты Айцец падкрэсьліў, што ў часы выпрабаваньняў трэба быць моцна зьяднанымі з Хрыстом, і заахвоціў, каб гэты цяжкі досьвед умацаваў веру і вернасьць, адрадзіў братэрства і еднасьць, вёў да сьвятасьці.
 
Францішак адзначыў, што складаныя выклікі зьяўляюцца шанцам для ўмацаваньня адносінаў паміж католікамі розных абрадаў і хрысьціянамі розных канфесіяў. «Гэта экуменізм крыві, які патрабуе даверу да Сьвятога Духа», — напісаў ён. Біскуп Рыму падкрэсьліў важнасьць хрысьціянскай прысутнасьці на Блізкім Усходзе і ўказаў на важнасьць міжрэлігійнага дыялогу, які ўсё больш неабходны ў сучаснай складанай сітуацыі.
«Дыялог, заснаваны на адкрытасьці ў праўдзе і любові, зьяўляецца лепшым проціяддзем ад спакусы рэлігійнага фундаменталізму, які ўяўляе сабой пагрозу для людзей усіх веравызнаньняў. Дыялог таксама зьяўляецца служэньнем справядлівасьці і неабходнай умовай для доўгачаканага міру», — лічыць Папа.
 
Рымскі Архірэй падкрэсьліў, што хрысьціяне могуць таксама дапамагчы мусульманам, паказаўшы, што, як яны самі кажуць, іслам зьяўляецца рэлігіяй міру і можа знаходзіцца ў гармоніі з пашанай да правоў чалавека і спрыяць суіснаваньню ўсіх. Адначасова Папа адзначыў, што «драматычная сітуацыя жыцьця нашых братоў-хрысьціянаў у Іраку, але таксама езідаў і прадстаўнікоў іншых рэлігійных ды этнічных супольнасьцяў, патрабуе ад усіх рэлігійных лідараў заняць выразную і сьмелуюй пазіцыю, каб аднадушна і без усялякай двухсэнсоўнасьці асудзіць такія злачынствы і практыку выкарыстаньня рэлігіі для іх апраўданьня».
 
Сьвяты Айцец нагадаў, што хрысьціянскім пакліканьнем зьяўляецца актыўны ўдзел у жыцьці сваіх краінаў, умацаваньне міру, яднаньне і разьвіцьцё ў супрацоўніцтве з нацыянальнымі і міжнароднымі органамі. Ён падкрэсьліў важнасьць прысутнасьці сьвятароў сярод вернікаў у цяжкія моманты гісторыі. У пасланьні Папа таксама заклікаў моладзь «не баяцца і не саромецца быць хрысьціянамі”, а пажылых людзей — перадаваць веру і традыцыі новым пакаленьням; працуючым у дабрачынных і адукацыйных праектах — выхоўваць у людзях культуру сустрэчы, павагі да годнасьці чалавека і абсалютнай каштоўнасьці кожнай чалавечай істоты. Сьвяты Айцец Францішак запэўніў блізкаўсходніх католікаў у салідарнасьці і падтрымцы іх у гэты складаны час усёй Царквы.
 
Папа таксама заклікаў міжнародную супольнасьць узмоцніць падтрымку для ўсяго Блізкага Ўсходу — як праз мірныя ініцыятывы і малітву, так і праз гуманітарную дапамогу. Сьвяты Айцец выказаў падзяку хрысьціянам на Блізкім Усходзе за іх сьведчаньне веры і малітву. «Я вельмі спадзяюся, што мне будзе дадзена ласка прыбыць да вас асабіста, каб вас наведаць і падтрымаць», — напісаў Папа. Ён даверыў мясцовых вернікаў апецы Маці Божай і ўдзяліў сваё апостальскае блаславеньне, жадаючы перажыць сьвяты Нараджэньня Хрыстова ў любові і супакоі Хрыста Збаўцы.
Гл. таксама:
20.12.2015
Нясумны Папа, які любіць зьдзіўляць
18.12.2015
Незвычайны музычны альбом Папы Францішка
21.02.2015
Францішак: адрозьніваць рэальны пост ад фармальнага
09.01.2015
Божая любоў шукае нават тых, хто далёкі ад Госпада
23.12.2013
Сьвяты Айцец пра заўсёды незадаволеных хрысьціянаў