Пошук
Архіў навін
09.01.2015
Божая любоў шукае нават тых, хто далёкі ад Госпада
 
Рымскі Архірэй павіншаваў 6 студзеня 2015 году каталіцкіх і праваслаўных вернікаў, якія адзначаюць Нараджэньне Хрыстова паводле юльянскага календара. Ва ўрачыстасьць Аб’яўленьня Гасподняга Папа Францішак пасьля сьв. Імшы ўзначаліў на плошчы сьв. Пятра малітву «Анёл Гасподні» і, зьвяртаючыся да сабраных на плошчы амаль 50 тысячаў пілігрымаў, спаслаўся на прыклад трох мудрацоў, што прыйшлі з Усходу.
 
Сьвяты Айцец падкрэсьліў: Богазьяўленьне нагадвае нам пра тое, што Ісус прыйшоў на зямлю, каб выратаваць усіх людзей. Бог, адзначыў Папа, «не прыберагае Сваю любоў толькі для некаторых абраных, але прапануе яе ўсім». «Як для ўсіх Ён — Творца і Айцец, гэтак жа Ён жадае быць для кожнага і Збаўцам. Таму мы закліканы мець усё больш даверу і надзеі ў адносінах да кожнага чалавека і яго збаўленьня», — сказаў Рымскі Архірэй.
Папа Францішак у базыліцы сьв. Пятра ў сьвята Богазьяўленьня, 06.01.2015. (Фота: Daniel Ibanez/CNA).
Нават тых, што нам здаюцца далёкімі ад Госпада, хто аддаляецца ад Яго любові, таксама шукае Яго гарачая, адданая і пакорная любоў — падкрэсьліў Сьвяты Айцец.
 
«У ноч Нараджэньня Хрыстова мы разважалі пра прыход у бэтлеемскую пячору пастухоў, якія належалі да народу Ізраіля, — нагадаў Папа. — Сёньня, ва ўрачыстасьць Аб’яўленьня Гасподняга, мы ўзгадваем прыход мудрацоў, якія прыбылі з Усходу, каб пакланіцца нованароджанаму Ўладару габрэяў і ўсеагульнаму Збаўцы і прапанаваць свае сымбалічныя падарункі. Сваім жэстам любові мудрацы засьведчылі, што Ісус прыйшоў на зямлю, каб збавіць не адзін народ, але і ўсіх людзей».
 
Як адзначыў Папа, падарожжа мудрацоў — гэта як «падарожжа душы, як шлях да паяднаньня з Хрыстом». Кожны хрысьціянін павінен увесь час углядацца ў неба, каб шукаць бачныя знакі нябачнага Бога, лічыць Сьвяты Айцец Францішак. Ён зьвярнуў увагу, што мудрацы з Усходу ўважлівыя да знакаў, якія паказваюць на прысутнасьць Бога, яны нястомныя ў вырашэньні цяжкасьцяў на шляху свайго пошуку, адважныя адносна наступстваў для свайго жыцьця пасьля сустрэчы з Госпадам. І такім павінна быць усё жыцьцё хрысьціяніна.
 
«Хрысьціянскае жыцьцё — гэта падарожжа, у якім трэба быць уважлівым, нястомным і мужным. Досьвед мудрацоў нагадвае падарожжа кожнага чалавека да Хрыста. Як і для мудрацоў, для нас шукаць Бога — значыць ісьці, як я адзначыў — уважліва, нястомна і мужна, углядаючыся ў неба і заўважаючы бачны знак зоркі нябачнага Бога, Які прамаўляе да нашага сэрца. Зорка, якая здольная скіраваць любога чалавека да Ісуса — гэта Божае Слова. Слова, якое ёсьць у Бібліі, у Евангельлі. Слова Божае – гэта сьвятло, якое накіроўвае наш шлях, сілкуе і абнаўляе нашую веру. Менавіта Слова Божае ўвесь час абнаўляе нашыя сэрцы і нашыя супольнасьці. Таму не забывайцеся чытаць і разважаць над ім кожны дзень, каб яно станавілася для кожнага полымем, якое носім унутры сябе, каб асьвятліць нашыя крокі і крокі тых, хто ідзе побач з намі, магчыма, спрабуючы знайсьці свой шлях да Хрыста. Заўсёды будзьце з Божам Словам! Яно павінна быць заўжды пад рукою: маленькае Евангельле ў кішэні, у сумцы, заўсёды, каб чытаць яго. Не забывайцеся пра гэта: Божае Слова заўжды з намі!» — сказаў Папа Францішак.
 
Рымскі Архірэй адзначыў, што ў гэты дзень Богазьяўленьня «нашыя думкі таксама скіраваныя да братоў і сясьцёр хрысьціянскага Ўсходу, католікаў і праваслаўных, многія з якіх сьвяткуюць заўтра Хрыстовае Нараджэньне. Ім я выказваю нашыя самыя цёплыя пажаданьні».
 
Таксама Папа нагадаў, што ў гэты дзень адзначаецца Сусьветны дзень дзяцей-місіянераў. Гэта сьвята дзяцей, якія жывуць з радасьцю дарам веры і моляцца, каб сьвятло Ісуса дасягнула ўсіх дзяцей сьвету. Рымскі Архірэй зьвярнуў увагу настаўнікаў і выхавацеляў на патрэбу выхоўваць дзяцей адкрытымі на іншых: «Я заклікаю педагогаў выхоўваць у падлетках місійны дух, каб яны былі не закрытымі, але адкрытамі, якія бачаць шырокія гарызонты, з сэрцам, якое імкнецца да гарызонту, каб сярод іх нараджаліся сьведкі пяшчоты Бога і дабравесьнікі Яго любові».
 
Напрыканцы Папа Францішак заклікаў сабраных на плошчы сьв. Пятра шматлікіх пілігрымаў зьвярнуцца да Найсьвяцейшай Дзевы Марыі, каб прасіць яе пра заступніцтва для Паўсюднай Царквы, каб Царква распаўсюджваўла па ўсім сьвеце Евангельле Хрыста, сьвятло народам, святло для ўсіх народаў. «Няхай яна натхняе нас ісьці усё далей і далей па шляху, будучы ўважлівымі, нястомнымі і мужнымі», — сказаў Папа.
 
Паводле матэрыялаў беларускай і расейскай рэдакцыяў Радыё Ватыкану.
Гл. таксама:
02.12.2016
Дэлегацыя з Ватыкану перадала пасланьне Папы Царкве Канстанцінопаля
26.01.2015
Папа: Бог прагне нашай еднасьці
12.07.2014
Кампанія Ватыкану за мір і твіт Папы з нагоды завяршэньня Чэмпіянату сьвету па футболе
23.10.2013
Папа: хто ня моліцца, той ператварае веру ў ідэалогію
30.06.2013
Невялічкая сучасная ўтопія