Пошук
Архіў навін
30.01.2015
Кардынал Кох: Папа Францішак адчыняе многія дзьверы
 
Кардынал Курт Кох, які ўзначальвае Папскую Раду па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў, па завяршэньні Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў даў інтэрв’ю для Радыё Ватыкану. Ён адзначыў, што малітва за еднасьць ёсьць незаменная, а сама еднасьць — гэта дар Сьвятога Духу, і мы павінны быць адкрытымі для прыняцьця гэтага дару.
 
У сваім інтэрв’ю ватыканскі ярарх нагадаў, што згодна з Дэкрэтам аб экуменізме II Ватыканскага сабору «Unitatis redintegratio» духоўны экуменізм зьяўляецца душой усяго экуменічнага руху.
Кардынал Курт Кох.
Мы, людзі, ня можам уласнымі сіламі збудаваць еднасьць, мы ня можам прадказаць, як і калі гэта адбудзецца — адзначыў кардынал Курт Кох. Еднасьць — гэта дар Сьвятога Духа, і таму мы павінны быць адкрытыя да гэтага.
 
Кардынал патлумачыў, чаму сёлета аўтарамі тэмаў для разважаньняў падчас Тыдня малітваў за еднасьць, які прайшоў пад дэвізам «Дай Мне піць» (Ян 4, 7), была група хрысьціянаў з Бразіліі. У апошні час, адзначыў ватыканскі ярарх, у гэтай краіне і ва ўсім рэгіёне адбываюцца вялікія зьмены, нараджаюцца новыя хрысьціянскія супольнасьці. Евангельскія, харызматычныя і пяцідзясятніцкія супольнасьці займаюць там па колькасьці ўжо другое месца пасьля католікаў. Аднак у стасунках паміж гэтымі супольнасьцямі і католікамі шмат закрытасьці, паўстала нямала праблемаў і стэрэатыпаў. У прапанаваным для разважаньня евангельскім урыўку ўзгадваецца пра сустрэчу Ісуса з жанчынай з Самарыі, а ў тыя дні габрэі ня мелі ніякіх кантактаў з самарыцянамі. Ісус вырашае гэтую праблему і пачынае размову з жанчынай-самарыцянкай, паказваючы нам, што і сёньня «дыялог можа пераадолець шматлікія праблемы, праблемы, якія ў нас ёсьць у экуменічнай сітуацыі».
 
Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў выказаў спадзяваньне, што ў Бразіліі, а таксама ў Лацінскай Амерыцы, сёньня ўжо ёсьць шмат зьменаў да лепшага ў экуменічным сітуацыі. Пратэстанты выяўляюць вялікую цікавасьць да словаў Папы Францішка, і гэта вельмі важна, паколькі ў мінулым у стаўленьні да Папы Рымскага і католікаў у цэлым у іх існавала нямала прадузятасьці і штапмаў. Вельмі важна, што евангелісты і пяцідзясятнікі маюць сёньня магчымасьць асабіста сустрэцца з Сьвятым Айцом.
Папа Францішак з евангельскім прапаведнікам Джэймсам Робінсанам.
(Нагадаем, летам 2014 году адбыліся шэраг асабістых сустрэчаў Папы Францішка з асобнымі лідарамі харызматычных супольнасьцяў, а таксама адбыўся візіт Папы Францішка ў г. Казерта (Італія), дзе ён сустрэўся з сваім даўнім сябрам пастарам Джавані Траэціна і мясцовай пяцідзясятніцкай супольнасьцю. У той сустрэчы прынялі ўдзел каля 300 чалавек — прадстаўнікі пратэстанцкіх супольнасьцяў ня толькі з Італіі, але і ЗША, Аргентыны ды іншых краінаў. Усе гэтыя падзеі выклікалі вялікую цікавасьць і энтузіязм у многіх евангельскіх супольнасьцях у сьвеце.) На думку кардынала Курта Коха, несумненна, тут Папа Францішак сёньня «адкрывае многія дзьверы» — «тыя дзьверы, якія яшчэ не былі цалкам адкрытыя».
 
На пытаньне пра сучасны стан экуменічнага руху ў цэлым ватыканскі ярарх сказаў: «Мы заўсёды ў дарозе! За экуменізмам вялікі шлях у 50 гадоў і ёсьць шмат рэчаў, якія мы зрабілі на гэтым шляху. Я думаю, што за гэтыя гады мы змаглі паглыбіць брацкія і прыязныя адносіны з большасьцю іншых Цэркваў і царкоўных супольнасьцяў. Але мы павінны таксама шчыра сказаць, што яшчэ не наблізіліся да канца: мы яшчэ ня маем еднасьці, і менавіта таму мы ўсё яшчэ ў дарозе». Старшыня Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў кардынал Курт Кох адзначыў, што сёньня дыялог і асаблівыя адносіны ёсьць з усімі. Але гэта 15 розных дыялогаў і ацэніваць трэба усе. Таму ня лёгка сказаць: «у экуменізме мы знаходзімся ў дадзены момант...», бо «мы ўсё яшчэ ў дарозе» — падкрэсьліў ватыканскі ярарх.
Гл. таксама:
02.05.2017
Папа — копцкаму Патрыярху: нас аб’ядноўвае кроў бязьвінных мучанікаў
19.02.2015
Папа заклікаў сьвецкіх вернікаў быць апосталамі гарадзкіх кварталаў
26.01.2015
Папа: Бог прагне нашай еднасьці
10.12.2014
Еднасьць — гэта шлях, якім неабходна ісьці разам
22.11.2014
Папа Францішак: пошук еднасьці хрысьціянаў застаецца прыярытэтам для Каталіцкай Царквы