Пошук
Архіў навін
21.02.2015
Францішак: адрозьніваць рэальны пост ад фармальнага
 
Хрысьціяне, асабліва на працягу Вялікага посту, пакліканы жыць сапраўднай любоўю да Бога і бліжняга, сказаў Папа Францішак 20 лютага 2015 году падчас ранішняй Еўхарыстыі ў Ватыкане.
 
Папа Францішак на сьв. Імшы ў капліцы Дома сьв. Марты. (Фота L'Osservatore Romano).
Сьвяты Айцец зьвярнуў увагу на паводзіны тых, хто выконвае шмат рэлігійных прадпісаньняў, але паводзіць сябе несправядліва з падначаленымі — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё. Папа пачаў сваю гамілію з разважаньня над словамі прарока Ісаі: «Вось, у дзень посту вашага вы выконваеце волю вашую і патрабуеце цяжкае працы ад іншых. Вось посьціце вы дзеля свараў і разладаў, і дзеля таго дзёрзкаю рукою б’еце іншых; вы ня посьціце ў гэты час так, каб голас ваш быў пачуты на вышыні» (Іс 58, 4).
 
Папа Францішак заклікаў адрозьніваць пост «фармальны ад рэальнага». Калі чалавек адмаўляецца ад мяса, але адначасова сварыцца з сваімі працаўнікамі і эксплуатуе іх, гэта ня пост у вачах Бога, лічыць Папа. Менавіта таму, на яго думку, Ісус асуджаў фарысеяў, якія выконвалі «шмат зьнешніх прадпісаньняў, але бяз праўды ў сэрцы».
 
Сапраўдны пост павінен спалучаць любоў да Бога з любоўю да чалавека. Нельга добра выконваць першыя тры запаведзі, а занядбаць іншыя сем, перакананы Францішак. «Любоў да Бога і любоў да бліжняга — гэта адзінства, і калі жадаеш учыніць пакаяньне — рэальнае, а не фармальнае, — павінен зрабіць гэта перад Богам, а таксама і перад сваім братам, бліжнім», — сказаў Сьвяты Айцец.
 
Францішак нагадаў, што вера без учынкаў зьяўляецца мёртвай. Чалавек можа прысутнічаць на Боскай Літургіі кожную нядзелю, прыступаць да сьв. Прычасьця, рабіць ахвяраваньні на карысьць Царквы, але ён таксама, лічыць Папа, павінен спытаць сябе: «Ці дастаткова плачу падначаленым?», «Ці забясьпечваю іх сацыяльнымі гарантыямі?» «Ці не эксплуатую іх?». Нельга пералічаць грошы на патрэбы Царквы, і ў той жа час паступаць несправядліва з сваімі працаўнікамі. «Гэта цяжкі грэх — выкарыстаньне Бога для прыкрыцьця несправядлівасьці», — сказаў Францішак.
 
Сьвяты Айцец прывёў таксама прыклад чалавека, які мае магчымасьць наведваць урача без чаргі, дзякуючы страхавому забесьпячэньню. «Гэта добра – падзякуй Богу. Але ці ты падумаў пра тых, хто ня мае такіх сацыяльных адносінаў з бальніцай і вымушаны чакаць шэсьць, сем, восем гадзінаў, нават калі справа тэрміновая?», — сказаў Папа.
 
На працягу Вялікага посту Францішак заклікаў вызваліць месца ў сэрцы для людзей бедных, якія ня маюць прывілеяў, зьняволеных і маліцца, каб выкананьне зьнешніх прадпісаньняў адпавядала глыбокаму ўнутранаму абнаўленьню.
Гл. таксама:
02.12.2016
Дэлегацыя з Ватыкану перадала пасланьне Папы Царкве Канстанцінопаля
17.02.2016
Папа Рымскі і Патрыярх Маскоўскі падпісалі сумесную дэкларацыю
19.02.2015
Папа заклікаў сьвецкіх вернікаў быць апосталамі гарадзкіх кварталаў
30.01.2015
Кардынал Кох: Папа Францішак адчыняе многія дзьверы
23.12.2014
Папа даслаў каляднае вітаньне католікам Блізкага Ўсходу