Пошук
Архіў навін
03.03.2015
У Беларусь прыедзе Дзяржаўны Сакратар Ватыкану
 
Як паведаміла Апостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь, па запрашэньні беларускіх уладаў з 12 па 15 сакавіка 2015 году адбудзецца афіцыйны візіт у Рэспубліку Беларусь Яго Эмінэнцыі кардынала П’етра Параліна, Дзяржаўнага Сакратара Яго Сьвятасьці Папы Францішка.
 
Інфармацыю пра гэты візіт зьмясьціў партал Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі Catholic.by. Гэтым важным жэстам Рымскі Архірэй жадае выказаць сваю глыбокую павагу да беларускага народу і праз свайго найбліжэйшага супрацоўніка хоча сустрэцца з католікамі Беларусі ў малітве і еднасьці сэрцаў — адзначаецца ў паведамленьні Апостальскай Нунцыятуры.
 
Дзяржаўны Сакратар зьяўляецца галоўным супрацоўнікам Папы ў справе кіраваньня Паўсюднай Царквой, найвышэйшым прадстаўніком Апостальскай Сталіцы на міжнароднай арэне, а ў акрэсьленых умовах прадстаўляе асобу самога Рымскага Архірэя. Гэта будзе другі візіт Дзяржаўнага Сакратара Ватыкану ў Беларусь. У чэрвені 2008 году Беларусь наведаў тагачасны Дзяржаўны Сакратар кардынал Тарчызіё Бэртонэ. Беларускім грэка-каталікам той візіт асабліва запомніўся, бо тады кардынал Бэртонэ наведаў і асьвяціў будынак грэка-каталіцкага душпастырскага Цэнтру сьв. Язэпа ў Менску.
 
Дзяржсакратар Ватыкану кардынал П’етра Паралін.
Італійскі кардынал П’етра Паралін нарадзіўся 17 студзеня 1955 году ў Ск’явоне (правінцыя Вічэнца на поўначы Італіі) у сям’і ўладальніка крамы сельскагаспадарчай тэхнікі і настаўніцы пачатковых класаў. Калі яму было 10 гадоў, яго бацька загінуў у аўтакатастрофе. 27 красавіка 1980 году атрымаў сьвятарскія сьвячаньні. З 1982 году навучаўся ў Папскім Грыгарыянскім універсітэце ў Рыме, а з 1983 году рыхтаваўся таксама да дыпламатычнай службы ў Папскай Царкоўнай Акадэміі. Пасьля атрыманьня доктарскай ступені пачаў служэньне ў дыпламатыі Апостальскай Сталіцы. На біскупа быў хіратанізаваны ў Рыме 12 верасьня 2009 году Папам Бенядыктам XVI. Папа Францішак прызначыў архібіскупа П’етра Параліна Дзяржаўным Сакратаром 31 жніўня 2013 году, а 22 лютага 2014 году ўвёў яго ў Калегію кардыналаў.
 
Падчас свайго знаходжаньня ў Беларусі Дзяржаўны Сакратар Ватыкану кардынал П’етра Паралін асьвяціць закладны камень у падмурку новага будынка Апостальскай Нунцыятуры ў Менску, сустрэнецца з Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь і правядзе шэраг сустрэчаў на самым высокім узроўні.
 
Пасланьнік Сьвятога Айца мае намер таксама сустрэцца з праваслаўным Мітрапалітам Менскім і Заслаўскім Паўлам, Патрыяршым Экзархам усяе Беларусі, членамі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, каталіцкай моладдзю і вернікамі краіны.
 
Дакладная праграма візіту будзе пададзена пазьней.
 
З нагоды запланаванага візіту Дзяржсакратара Ватыкану Апостальская Нунцыятура ў Рэспубліцы Беларусь выказвае глыбокую ўдзячнасьць Папу Францішку за гэтую зычлівую ініцыятыву і заклікае католікаў краіны маліцца за пасьпяховы вынік гэтага візіту, які «зьяўляецца знакам добразычлівасьці Папы Францішка да Каталіцкай Царквы ў Беларусі і да ўсіх, хто пажадае прыняць яго пасланьніка ў духу братэрства і супрацоўніцтва дзеля супольнага дабра».
 
«Ушаноўваючы пакутніцкую гісторыю Беларусі і разьдзяляючы яе надзеі на будычыню, Пантыфік высока ацэньвае тое, што Беларусь стала месцам сустрэчы і дыялогу бакоў, уцягнутых у драматычны канфлікт, які сатрасае рэгіён», — адзначаецца ў паведамленьні Апостальскай Нунцыятуры.
Гл. таксама:
22.09.2018
Архімандрыт Сяргей (Гаек) пра чаканьні беларусаў ад сустрэчы з Папам у краінах Балтыі
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
02.07.2016
Папа папрасіў свайго пасланьніка прывітаць ад яго імя беларусаў у Будславе
21.09.2014
Сьвяткаваньні ў гонар сьвятога Язафата Кунцэвіча
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў