Пошук
Архіў навін
13.03.2015
Унія. Адроджаная беларуская Царква
 
Беларускія грэка-католікі адзначаюць сёньня 25 гадоў аднаўленьня легальнай дзейнасьці на тэрыторыі Беларусі. Праз 150 гадоў забароны, ганеньняў і забыцьця.
 
Архіўныя здымкі і дакументы з жыцьця грэка-каталіцкіх парафіяў.
11 сакавіка 1990 году ў каталіцкім касьцёле Ўзвышэньня Сьвятога Крыжа на менскай Кальварыі адбылася першая ў найноўшай гісторыі Менску імша паводле грэка-каталіцкага абраду. Яе правёў айцец Аляксандар Надсан.
 
У кастрычніку 1990 году ўніяцкая грамада сталіцы Беларусі атрымала афіцыйную рэгістрацыю. Гэтак 2015-ты стаў для беларускіх уніятаў годам 25-гадовага юбілею адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы ў сучаснай Беларусі.
 
Пра гісторыю і сучаснасьць беларускага ўніяцтва Радыё Свабода распавёў канцлер курыі Апостальскага візітатара для грэка-католікаў у Беларусі айцец Яўген Усошын.
 
Гісторыя беларускага ўніяцтва — з глыбіні стагоддзяў
 
Айцец Яўген Усошын.
На беларускія землі хрысьціянства прыйшло непадзельным. А пасьля расколу на заходняе і ўсходняе хрысьціянства нашы продкі ня раз намагаліся аб’яднацца. Царкоўныя ярархі яшчэ ў ХV стагоддзі бралі ўдзел у агульных саборах — да прыкладу, Канстанцкіх. Яшчэ адзін прыклад гэтага імкненьня, значна ранейшы, — Унія караля Данілы Галіцкага ў Драгічыне, падпісаньнем якой было прызнанае адзінства Царквы. Некалькі дзясяткаў гадоў у Беларусі дзейнічала Флярэнтыйская унія. Такім чынам, яшчэ да Берасьцейскай уніі 1596 году нашы продкі вызнавалі царкоўнае адзінства — была вялікая супольная спадчына і жаданьне хрысьціян у Беларусі жыць у адзінай Царкве.
 
Гісторыя Берасьцейскай царкоўнай уніі — асобная вялікая старонка духоўнага жыцьця беларусаў, якая мела моцны плён і ўплыў на культуру ўсяго народу. На гэты перыяд прыпаў росквіт кнігадрукаваньня, тэалагічнай думкі і іншых галінаў культуры.
 
Унія была гвалтоўна ліквідаваная царскімі ўладамі ў 1839 годзе.
 
Спробы адрадзіць унію былі на пачатку 20-х гадоў мінулага стагоддзя. Жыцьцё Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы прадоўжылася ў 50–70-х гадах у Заходняй Еўропе, падпольнае ўніяцтва існавала і ў самой Беларусі — уніяцкія сьвятары прыяжджалі з Украіны, таемна служылі ў Горадні.
 
Айцец Ян Матусевіч і беларуская моладзь у Барунах. 12 лістапада 1989 г., сьвяткаваньне дня сьв. Язафата.
Уніяцкая Царква выйшла з падпольля, аднавілася і расьцьвіла ў 1990-х гадах мінулага стагодзьдзя.
 
Айцы-заснавальнікі сучаснага беларускага ўніяцтва — Ян Матусевіч і Аляксандар Надсан
 
У 1979 годзе ў вёсцы Баруны Ашмянскага раёну распачаў службу айцец Ян Матусевіч. Баруны былі адным з гістарычных грэка-каталіцкіх цэнтраў у Беларусі. Там захаваўся вялікі будынак былога кляштара айцоў-базыльянаў, а сам касьцёл — былая грэка-каталіцкая царква. У храме месьціцца ўніяцкі цудатворны абраз Маці Божай Барунскай. Там Матусевіча адведвалі айцы-базыльяне з Украіны, якія тады былі ў падпольлі. Пасьля 1988 году адбыліся паездкі айца Яна Матусевіча разам з ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім у Лондан у Беларускую місію — там адпраўляліся службы па-беларуску паводле грэка-каталіцкага абраду. Баруны становяцца месцам паломніцтва інтэлігенцыі з усёй Беларусі. 12 лістапада 1989 году, у дзень памяці сьвятога Язафата Кунцэвіча, група менскай моладзі наведала Баруны і ўзяла ўдзел у набажэнстве.
Апостальскі Візітатар для беларусаў-католікаў у замежжы а. Аляксандар Надсан паказвае макет будучай царквы ў Лондане.
На пачатку 1990 году гэтыя ж маладыя людзі пачалі працу над першым грэка-каталіцкім часопісам «Унія», а таксама заснавалі суполку «Унія».
 
У сакавіку 1990 году з Лондану ў Менск прыехаў айцец Аляксандар Надсан. У нядзелю 11 сакавіка айцец Аляксандар адслужыў літургію ў касьцёле Ўзвышэньня Крыжа на Кальварыі, якая сталася першай непадпольнай грэка-каталіцкай літургіяй у сучаснай Беларусі. Напрыканцы 1990 году была зарэгістраваная першая грэка-каталіцкая грамада сьвятога Язэпа. Пры дапамозе айца Аляксандра Надсана на беларускую мову былі перакладзеныя літургічныя тэксты і іншая духоўная літаратура. Службы ў грэка-каталіцкай царкве ідуць па-беларуску.
 
У еднасьці з Рымам, на службе беларускага народу
 
Айцец Ян Матусевіч на аўдыенцыі ў Рыме ў Папы Яна Паўла II.
Паступова ў розных гарадах Беларусі паўставалі грэка-каталіцкія парафіі: у Менску, Полацку, Віцебску, Гомелі, Берасьці, Лідзе, Горадні ды іншых вялікіх і маладых гарадах краіны. Царква набыла і дагэтуль набывае свае самабытныя рысы, высьвячаюцца новыя сьвятары. У Беларусь Ватыканам быў прысланы і служыць Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі, архімандрыт Сяргей Гаек.
 
Уніяцкая Царква ў Беларусі амаль ня мае сваіх храмаў, а многія прыходы зьбіраюцца ў рыма-каталіцкіх капліцах і касьцёлах.
 
Сьвяточнае грэка-каталіцкае набажэнства ў Чырвоным касьцёле.
Але Царква — гэта містычнае цела Хрыста. І галоўная ягоная сутнасьць — вернікі.
 
25 гадоў ад заснаваньня грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі — вельмі важны перыяд, праз які мы асэнсоўваем нашу спадчыну і наша заданьне перад будучыняй Хрыстовай Царквы ў Беларусі. Гэта значыць — для пэўных людзей, у пэўны час і ў пэўнай культурнай прасторы. Сёньня ў парафіі сьвятога Язэпа дзейнічае тэатральны гурток, клуб інтэлігенцыі.
 
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архім. Сяргей Гаек.
Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква — як даўней называлі, Уніяцкая Царква — Царква ўсходняй, візантыйскай традыцыі, у еднасьці са сьвятым Рымскім апостальскім пасадам яна заўсёды была са сваім народам, перажывала яго беды і радасьці, — сказаў айцец Яўген Усошын у інтэрв’ю Радыё Свабода.
 
Галіна Абакунчык, Радыё Свабода.
 
Капліца ў грэка-каталіцкім цэнтры сьв. Язэпа ў Менску.
Гл. таксама:
14.11.2019
30 гадоў таму ў Барунах пачалося адраджэньне Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі
21.10.2016
Беларускія ярархі падарылі Папу Рымскаму беларускі пераклад яго кнігі
08.07.2015
Што ўяўляе сабой грэка-каталіцкая Царква?
08.04.2015
На Вялікдзень з грэка-католікамі Берасьця маліліся прадстаўнікі Генконсульства Ўкраіны
04.12.2013
Пілігрымка беларускіх грэка-католікаў у Рым