Пошук
Архіў навін
16.04.2015
Вяртаньне ў сьвятло
 
Сваімі згадкамі пра а. Аляксандра Надсана дзеліцца вядомы беларускі перакладчык і журналіст Радыё Свабода Сяргей Шупа.
 
Апошнія гадоў пяць нашы тэлефонныя размовы пачыналіся аднолькава: «Айцец Аляксандар, добры дзень. Як Вы, як здароўе?» — «Дзякую, добра, хворы і хвароба мая невылечная — старасьць...» І ён заліваўся сваім непаўторным сьмехам. А калі мы заходзілі ў ягоны ўлюбёны італьянскі рэстаранчык на High Road у Фінчлі, на пытаньне гаспадара «Come stai, padre?» ён нязьменна адказваў з тым самым сьмехам: «Ancora vivo!» — «Яшчэ жывы!»
 
Айцец Аляксандар не баяўся таго дня, калі Бог пакліча яго да сябе. Апошні раз мы бачыліся 15 сакавіка, за месяц да ягонага адыходу.
Айцец Аляксандар Надсан, Лондан, 15 сакавіка 2015 году. (Фота з сайту Радыё Свабода).
Ідучы да яго, я баяўся трапіць у атмасферу паміраньня, баяўся ўбачыць гэтага некалі моцнага, аўтарытэтнага, амаль усяўладнага ў беларускім Фінчлі чалавека прыкаваным хваробай да ложка, прыгнечаным, адсутным, абыякавым да справаў гэтага сьвету. На маё зьдзіўленьне, мяне сустрэў чалавек, які нібы скінуў з сябе зямны цяжар — мы гаварылі з ім каля гадзіны, і з твару ў яго не сыходзіла сьветлая ўсьмешка.
 
Мы гаварылі і прыгадвалі ўсе прыемныя навіны апошняга часу — выхад кніг, навуковыя праекты, грамадзкія ініцыятывы — і айцец паўсюль знаходзіў нагоду некага пахваліць, за некага парадавацца. Пахваліўся і сваёй кнігай, нядаўна выдадзенай у выдавецтве «Кнігазбор», і перакладам «Псальмаў». Нібы склаўшы сам сабе справаздачу, падсумаваўшы зробленае, сказаў: усё што мог — зрабіў, цяпер можна спакойна і да Бога выпраўляцца.
 
Але нават гэтая сьветласьць адыходу айца Аляксандра не заслоніць адчуваньня вялікай страты. Беларускі Лондан ужо ніколі ня будзе такім, якім ён быў апошніх паўстагоддзя.
 
Сьмерць дарагіх людзей — якой бы блізкай і немінучай яна ні была — заўсёды прыходзіць нечакана, а згадкі пра памерлых рука не паднімаецца пісаць загадзя, каб у смутны дзень проста дастаць і апублікаваць гатовы тэкст.
Сяргей Шупа і айцец Аляксандар Надсан, Лондан, чэрвень 2014 году. (Фота з сайту Радыё Свабода).
Таму я абмяжуюся адным эпізодам — які я не баюся назваць адной з самых незвычайных і шчасьлівых падзеяў у жыцьці айца Аляксандра, а заадно і ў маім.
 
...Прыехаўшы працаваць у Прагу летам 1997-га я ўпершыню дарваўся да неабмежаванага інтэрнэту, і адным з першых зьвязаных з гэтым здарэньняў было тое, што ў каталёгу Лонданскага аўкцыёну Christie’s я знайшоў выстаўленую на продаж кнігу Скарыны — нідзе не апісаны невядомы навуцы асобнік за сьмешную цану 4000 фунтаў. Я тут жа даслаў арганізатарам заяўку і ў нейкім невытлумачальным «патрыятычным» парыве зьвязаўся з загадчыцай Аддзелу рэдкіх выданьняў Нацыянальнай бібліятэкі Тацянай Рошчынай. Яна зрабіла неабходныя захады, і выявілася, што ў справе набыцьця кнігі перад галоўнай бібліятэкай краіны стаяць неадольныя бюракратычныя перашкоды. Тады мой патрыятычны туман разьвеяўся, я затэлефанаваў айцу Аляксандру, і ён адразу сказаў: «Бярэм! Прыяжджай!»
 
(Рэч у тым, што Скарынаўская бібліятэка да таго часу ня мела ніводнага арыгінальнага Скарынавага выданьня, апрача чатырох асобных старонак Першай кнігі царстваў, якія айцец Аляксандар купіў у 1975 годзе на аўкцыёне Дзягілева ў Монтэ Карла. А як жа Скарынаўская бібліятэка — без Скарынавых кніг...)
 
У Christie’s я паехаў адразу з лётнішча, там мы з айцом Аляксандрам зайшлі нейкім бакавым уваходам у офіс, дзе ўсе фармальнасьці занялі лічаныя хвіліны.
Сяргей Шупа і айцец Аляксандар Надсан, Лондан, сьнежань 1997 году. (Фота з сайту Радыё Свабода).
Айцец быў нечакана ўражаны цаной — па тэлефоне ён мяне недачуў і на ўсялякі выпадак падрыхтаваў 20 тысячаў... З аўкцыёну з кнігай у руках мы йшлі ледзь не падскокам. Па дарозе ў бібліятэку зайшлі ў рэстаран (вядома ж, італьянскі!) і адзначылі надзвычайную падзею грапай. Сказаць, што айцец Аляксандар быў на сёмым небе, было б вялікім прымяншэньнем.
 
Праз нейкі год пасьля таго мы з айцом Аляксандрам замацавалі посьпех — купілі ў праскім антыкварыяце на Карлавай вуліцы чэшскую Венецыянскую Біблію 1506 году, якая была адной з галоўных крыніцаў Скарынавага перакладу.
 
На жаль, у набытай на аўкцыёне Скарынавай кнігі быў нешчасьлівы лёс, але пра гэта я сёньня пісаць ня буду — і з айцом Аляксандрам мы на гэтую балючую тэму ніколі не гаварылі.
 
Некалі, ужо дажыўшы «сьпелых» гадоў і пазбавіўшыся юнацкай самаўпэўненасьці, я задумаўся — каго ў сваім жыцьці я магу назваць сваімі настаўнікамі — і ў мяне выйшаў сьпіс з пяці чалавек, у якім сваё важнае месца займае айцец Аляксандар Надсан. Ён, матэматык з адукацыі, даў мне першыя лекцыі інфарматыкі і абыходжаньня з кампутарам, ён быў неацэнным кансультантам у дарагой мне справе біблійнага перакладу, ён адкрыў мне сьвет міжземнаморскай кухні, навучыў глядзець на сьвет з добрым скептыцызмам і упэўненасьцю ў добрай будучыні для Беларусі. «Калі Бог стварыў Беларусь і беларусаў з іх мовай — значыць так яно і трэба. І так яно й будзе», — казаў ён.
 
Так яно й будзе.

Радыё Свабода
Гл. таксама:
27.09.2019
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
16.04.2015
Ён прынёс свабоду нашай Царкве ў Беларусі
08.08.2011
Айцец Аляксандар Надсан: Скарынаўская бібліятэка павінна зрабіцца беларускім аналагам Гётэ-інстытута
25.12.2009
Шчасьлівыя міратворцы
03.05.2009
Айцец А.Надсан пра сустрэчу Лукашэнкі з Папам