Пошук
Архіў навін
18.04.2015
Айцец Аляксандар Надсан: «Чакаю, калі Беларусь стане больш беларускай»
 
Гутарка з айцом Аляксандрам Надсанам, запісаная журналістакай Кацярынай Петуховай у межах праекту «Я “нарадзіўся” там» кампаніі «Будзьма беларусамі!» і часопісу «Большой».
 
Учора ў Лондане ня стала аднаго з духоўных лідараў беларускай эміграцыі — айца Аляксандра Надсана, асобы надзвычай важнай для Беларусі і беларускага замежжа. Гутарка з айцом Аляксандрам мусіла зьявіцца пазьней у межах праекту «Я “нарадзіўся” там». Аднак мы лічым сваім абавязкам апублікаваць яе сёньня, калі айца Аляксандра больш няма з намі. Айцец Надсан ня быў бізнэсоўцам, гутаркі з якімі складаюць асноўную частку праекту, але, пабываўшы ў Лондане, было б недаравальна не сустрэцца і ня ўзяць інтэрв’ю ў такога слыннага і адметнага чалавека.
 
Лёгка пісаць пра маладых і пасьпяховых у сучасным сьвеце — мы з імі з аднаго культурнага кантэксту. Тут заўсёды на пярэднім плане амбіцыі, асабістыя патрэбы, шмат энэргіі, працаздольнасьць, вядома ж, і вельмі рэдка — лёс, абставіны, неабходнасьць. З сёньняшнімі героямі мы нібы з розных планет. Ці не на кожнае маё “а навошта?” — іхнае здзіўленае “а як жа інакш?”. Яны прайшлі праз самыя складаныя моманты гісторыі ХХ стагоддзя, але найважнейшай справай лічылі справу служэньня Радзіме нават па-за яе межамі, захаваньне ўласнай нацыянальнай самасьвядомасьці.
 
Аляксандар Надсан — сьвятар апостальскай грэка-каталіцкай Царквы, Апостальскі візітатар, буйны дзяяч беларускай эміграцыі, аўтар шэрагу кніг па гісторыі Беларусі, перакладчык літургічных тэкстаў візантыйскага абраду на беларускую мову.

Лондан. Гутарка адбылася ў межах праекту «Я “нарадзіўся” там» кампаніі «Будзьма беларусамі!» і часопісу «Большой». Праект ажыцьцяўляецца пры падтрымцы кампаніі “Туссон”.
 
— Айцец Аляксандар, калі апошні раз былі на Беларусі?
 
— Хіба 4-5 гадоў таму на апошнім зьездзе “Бацькаўшчыны”. Мне ўжо цяжка. 88 гадоў, разумееце (сьмяецца). Часта езьдзіў, калі быў Савецкі Саюз, пасьля Чарнобыльскай бяды — вазіў лекі для дзетак хворых. Магілёўскія, гомельскія шпіталі давалі нам сьпісы лекаў, мы зьбіралі грошы і ім прывозілі. Каля 15 разоў адпраўлялі машыну з Англіі — у Беларусь, праз усю Еўропу. Таксама бралі дзетак сюды на аздараўленьне ў англійскія сем’і. Апошняя група дзяцей была тут, можа, у 2005 годзе. Цяпер гэта цяжка рабіць, ды і ўзрост ня той. Студэнты ў мяне былі, вучыліся тут, некаторыя вярнуліся ў Беларусь, некаторыя засталіся ў Англіі. Браў хлапцоў, што на сьвятароў вучыліся. Мой цяперашні пераемнік, айцец Сяргей Стасевіч, так вось і зьявіўся. Я яго паслаў потым у Рым вучыцца, цяпер ён тут службы ладзіць.
Айцец Аляксандар Надсан нарадзіўся ў вёсцы Гарадзея, недалёка ад Нясьвіжа. Беларускасьць яму дасталася ад бацькі — настаўніка матэматыкі, які ў свой час браў удзел у Слуцкім паўстаньні.
 
— Я ўцёк з Беларусі праз Польшчу, калі мне споўнілася 18 гадоў. Афіцыйна мы былі польскімі грамадзянамі. Я ўцякаў ад немцаў, трапіў у польскае войска, ваяваў у Італіі, быў паранены. Потым трапіў у Англію, атрымаў стыпендыю на вучобу.
 
— А сьвятаром як сталі?
 
— Быў добры прыклад — біскуп Чэслаў Сіповіч. Ён нарадзіўся ў Друі. Спачатку вучыўся на багаслоўі ў Вільні, а потым, як палякі яго выкінулі з Польшчы, у Рыме. Там вырашыў стаць сьвятаром усходняга абраду. Я з ім сустрэўся ў Рыме ў 1945 годзе, у лістападзе. Ён паўплываў на маё рашэньне, безумоўна.
 
Першае, што пабачыў у Англіі, — вельмі хмурнае надвор’е. Туман. Там, у Італіі, сонца, цёпла. Але тут нас прынялі вельмі цёпла, далі нагоду вучыцца, за гэта мы вельмі ўдзячныя.
 
— А цяпер вось ня вельмі добра да эмігрантаў ставяцца…
 
— Ну дык залежыць жа ад таго, які эмігрант. Да нас ставіліся вельмі добра. Нам далі права на жыхарства, працу, мы не былі гультаямі. Шмат хто пайшоў вучыцца. Мы не шукалі дапамогі ад дзяржавы. Мы былі палітычныя ўцекачы. Цяперашнія збольшага — эканамічная эміграцыя. Гэта зусім рознае. Вось і стаўленьне рознае.
 
Калі мы прыехалі ў Англію, галоўнай нашай мэтай было выжыць. Выжыць і застацца беларусамі. Самаарганізавацца так, каб не растварыцца. А яшчэ вельмі хацелася зрабіць, каб Беларусь стала больш вядомая на Захадзе. Найбольшы ўклад у гэтую справу зрабіў біскуп Чэслаў Сіповіч, мы з ім супрацоўнічалі з 1945 году. Я яшчэ ня быў сьвятаром, у Італіі знаходзіўся, яшчэ ішла вайна. У 1946 годзе я прыехаў у Англію, ён тады таксама прыехаў. Мы зрабілі Згуртаваньне беларусаў Вялікабрытаніі. Тады мы былі маладыя, 20 гадоў, але ўсе — моцна сьвядомыя беларусы. І вось яно існуе дагэтуль. Мы ня лезлі ў палітыку. Нам хацелася, каб быў беларускі цэнтар, куды б маглі прыйсьці людзі і даведацца пра гісторыю, культуру. Пра нас жа нічога ня ведалі на Захадзе. Мы для іх былі «рускія». Але як паказаць, хто ты, каб не праз палітыку, каб не крычаць пра гэта? Культура — гэта была наша ідэя.
У студзені 1947 года прайшоў першы зьезд. Тут краіна настолькі свабодная, што калі не крымінал — рабі што хочаш. Не было перашкодаў, не было і дапамогі. Усё рабілі сваімі сіламі. Нас — тых, хто гэта пачынаў, — засталіся адзінкі. Маладыя далучаюцца, але ня так актыўна. Тыя, хто прыязджае з Беларусі цяпер, нават не размаўляюць па-беларуску. Не цікавіць іх гэта. Гэта балюча.
 
— Чаму не цікавіць?
 
— Бачыце, адчуваецца русіфікацыя. Ня толькі моўная. Духоўная. Людзі проста не адчуваюць патрэбы ў беларускім. За саветамі, здаецца, было больш беларускага. Тое беларускае, што паднялося адразу пасьля развалу Савецкага Саюза, усё зьнішчылася. Шкада, безумоўна. А было моцнае адраджэньне. Была надзея.
 
— Чаму менавіта Англія стала беларускім цэнтрам?
 
— Ад людзей залежала. У Францыі было ня менш беларусаў, але, на жаль, яны нічога не стварылі.
Знаёмства з “Марыйным Домам” у Лондане пачалося са знаёмства з бібліятэкай. Афіцыйна адкрылася яна ў 1971 годзе, але працаваць пачала значна раней.
 
— У бібліятэку нашу прыходзяць, чытаюць. Гэта не публічная бібліятэка — навуковая, прыязджаюць з усяго сьвету тыя, хто працуе з мовай, гісторыяй: з Амерыкі, Аўстраліі, Ізраіля, немцы, французы.
 
Мы зьбіралі, дзе маглі, зьвесткі пра Беларусь. Выдавалі па-ангельску часопіс беларускіх даследаваньняў («The Journal of Belarusian studies»), але цяпер крыху пастарэлі-паразьехаліся — ужо цяжка. Па-ангельску шмат што рабілася. Рабіліся канферэнцыі. І не аднадзённыя, а на некалькі дзён, куды прыязджалі навукоўцы-славісты з усяго сьвету: Францыі, Амерыкі, Аўстраліі, на апошняй вось былі і з Беларусі. Зрабілі каля 15 канферэнцый. Цяпер вось маладыя часопіс адраджаюць. Мы не займаліся сучаснай палітыкай, але культурай: гісторыяй, літаратурай, мовай… І я некалі ў гэты часопіс пісаў, і пісаў шмат, але цяпер ужо не. Колькі можна. Я сваё напісаў.
 
Нашыя мовазнаўцы зрабілі вялікую працу па захаваньні беларускай мовы. Бачыце ўсе гэтыя слоўнікі? Гэта для мяне сапраўднае багацьце, бо яно паказвае багацьце мовы.. Вось першы беларускі слоўнік 1870 году выданьня, «Слоўнік 7 моваў», выдадзены немцамі ў Першую сусьветную вайну — тут сабраныя мовы, якія яны чулі на акупаванай тэрыторыі (польская, расейская, беларуская, літоўская, латышская, ідыш, ну і нямецкая). Было такіх два. Адзін я падарыў Акадэміі навук у Менску, бо нічога такога ня мела. Ці вось слоўнік, які яшчэ да вайны выдаў князь Падбярэзскі (беларуска-польскі слоўнік). А ёсьць і такія дзівосы: Слоўнік 16 еўрапейскіх моваў Лявона Баршчэўскага (сярод іх — беларуская). Слоўнік Ластоўскага, выдадзены ў 1924 годзе ў Каўнасе.
Мы зьбіраем усё, дзе можна даведацца пра Беларусь, на ўсіх мовах сьвету. І ёсьць у нас такія рэчы, якіх вы і ў Беларусі не пабачыце. Напрыклад, «Гісторыя беларускай кнігі» Вацлава Ластоўскага (ад пачатку да канца XVIII стагоддзя). Яе крытыкавалі, казалі, што гэта ненавукова, але гэта ўсё глупства, бо нічога лепшага так і не зрабілі.
 
Кнігі мы даставалі паўсюль, дзе можна: па антыкварыятах букіністычных лазілі ў Англіі, Францыі, Нямеччыне, Швецыі. Вось, напрыклад, першы каталіцкі малітоўнік на беларускай мове, выдадзены падчас вайны ў 1915 годзе на грошы княгіні Радзівіл. Старыя карты: іх шмат — больш за 100, есьць такія — XVI-XVIII стагоддзяў.
 
А вось тут пад шклом — рукапісны варыянт паэмы «Курган» Янкі Купалы. «Паміж пустак, балот…» Нідзе няма — у нас ёсьць. Уступ да «Сымона-музыкі» Якуба Коласа зноў жа… Арыгінальнае выданьне Статута ВКЛ, выдадзенае ў Вільні. А вось першая «Гісторыя Беларусі», напісаная беларусам па-беларуску (1910 год, Вацлаў Ластоўскі). Я сам яе перачытаў малым хлопцам. Школа ў нас была польская, настаўніца — беларуская, у яе было шмат кніг, яна нам паціху давала. Вельмі важна чытаць усе варыянты гісторыі: і добрыя, і дрэнныя. Гісторыя — гэта факты, яны аб’ектыўныя. Трэба ведаць, што дзеялася на тэрыторыі Беларусі пад нямецкай акупацыяй. Што былі беларускія школы, напрыклад. Гэта не адмаўляе, што былі і канцлагеры, было зьнішчэньне.
Беларусы ў большасьці сваёй ня мелі магчымасьці пазнаць сваю гісторыю. Часта з яе робяць прарасейскую інтэрпрэтацыю. Я ня супраць Расеі. Я за ўшанаваньне кожнай нацыі, бо гэта Бог хацеў, каб былі розныя народы. У скарбніцу ўсяго сьвету беларусы маюць прынесьці нешта сваё. Сваё — самае дарагое.
 
— Пераемніка на пасаду сьвятара вы знайшлі, а хто ж будзе займацца бібліятэкай? Гэта ж сапраўды багацьце?
 
— Будзе, напэўна; айцец Сяргей займаецца, бо ведаеце ж, сьвятары — адзіная сацыяльная група, якую можна эксплуатаваць бяскарна (сьмяецца).
— Быць сьвятаром — цяжкая праца?
 
— Для мяне ня цяжкая, бо я люблю яе. Я ж ведаў, куды ішоў. Я дзякую Богу, што ён захацеў мяне паклікаць на гэта.
 
— Сучасную моладзь цяжэй прывесьці да Бога?
 
— Ёсьць маладыя сьвятары-беларусы. Напрыклад, мой малодшы сьвятар і калега. Але, вядома, у сучасным сьвеце цяжэй стаць сьвятаром. І дзякуй Богу, што ёсьць пакліканыя. Ёсьць тэндэнцыя ва ўсходнім абрадзе, каб сьвятары не жаніліся. І сапраўды, але ж я ведаю добрых сьвятароў, якія сумяшчаюць. А гэта нялёгкая праца — быць добрым сьвятаром і добрым бацькам і мужам у сям’і. А ўсё ж такі ёсьць такія.
 
— Чаму Ўніяцкая Царква?
 
— Унія нарадзілася на Беларусі. Уніяцкая Царква — яна найбольш беларуская.
 
— Жыцьцё сьвятара штодзённае з чаго складаецца?
 
— З малітвы перадусім. Наша мэта — прывесьці людзей да Бога і прывесьці Бога да людзей. Цяжкасьці ёсьць заўжды. І трэба ўсьведамляць сваё пакліканьне. Бо сьвятар, які забыўся, можа нашкодзіць людзям духоўна. Забыцца на пакліканьне, жыць жыцьцём, не адпаведным для сьвятара. Бог дае сілы, безумоўна. Я ўжо больш за 50 гадоў сьвятар. Некалі хацеў быць вялікім матэматыкам. Але такі лёс. Матэматыка — гэта вельмі цікавая навука, і я ў вольны час займаюся ёй, у каледжы тут выкладаў. Пасьля, як стаў сьвятаром, пачаў рабіць пераклады літургічных тэкстаў на беларускую мову. Мне было дзіўна і сумна, што беларусы моляцца не разумеючы. Важна разумець, бо гэта ж наша размова з Богам. Я ведаю шмат моваў, але хачу славіць Бога на роднай.
 
— Пра што Ваша звычайная малітва?
 
— Малітва — усьведамленьне, што ты ёсьць у прысутнасьці Бога ўвесь час. І таму вядзеш дыялог з Ім. Яна — пра ўсё. Я займаўся пісаньнямі беларускіх татараў. Вельмі цікавыя рэчы там: адзін прарок пытаўся Госпада пра Апошні суд, ці будзе ён страшны. Яму адказвае Бог, што не, шмат пытацца ён ня будзе на Судзе. Адно толькі: «Сыне мой, я быў з табою, а ты з кім быў? Ці быў ты з Богам?» Вельмі цікавая рэч. Што б ты ні рабіў, дзе б ні быў — Бог з табою заўсёды. Гэта важна. А калі ты ведаеш, што ты ў прысутнасьці кагосьці, іншай істоты, дык і ня хочацца ўжо дрэннае рабіць. І малітва — гэта тое, што дапамагае адчуць гэтую прысутнасьць.
— Што такое любіць Радзіму?
 
— Гэта любіць сваю сям’ю. Радзіма — гэта наша сям’я, толькі пашыраная. Мы ж называем — Бацькаўшчына. Гэта нармальна — мець паняцьце аб сабе і шанаваць іншыя народы — іншыя сем’і. Мы шмат пацярпелі і з Захаду, і з Усходу. Казалі, што мова нашая — мужыцкая. А мужык што, не чалавек? Можа, лепшы за пана нават. Больш маральна жыве, працуе — ня ёсьць паразітам. А тут з пагардай — мужыцкая мова. Цяпер ужо такога няма, але расейскай зашмат.
 
— Якой Вам цяпер бачыцца Беларусь?
 
— Ну, я чакаю, калі Беларусь стане больш беларускай, калі маладое пакаленьне далучыцца да нас. Зашмат расейскага. З такой цяжкасьцю ўсё адраджаецца, так мала людзей, якія клапоцяцца пра гэта. На вуліцах не пачуеш беларукай мовы. А ў якім Магілёве ці Гомелі — дык наогул… Як я не разумею расейскай мовы, дык часам маю прыкрасьць праз гэта. Ёсьць маладыя — вельмі цікавыя, якія трымаюцца, нягледзячы на ўсю гэтую русіфікацыю, але гэта параўнаўча невялікая група. Але ж усё пачынаецца з малога.
 
Ці пасьпяховае жыцьцё? (ізноў сьмяецца). Ведаеце, ніколі пра гэта ня думаў. Проста заўсёды стараўся нешта рабіць, улічваючы тыя абставіны ў якіх аказаўся, каб не марнаваць час. Не задумваючыся пра шырэйшае — як чалавек, як сьвятар, як беларус. Тое, у чым была патрэба. Дзякую Богу за тое, што ўдалося зрабіць. Спадзяюся, не зусім змарнаваў жыцьцё.
 
Кацярына Петухова, «Будзьма беларусамі!».
Фота — Ягор Воінаў.
Гл. таксама:
27.05.2017
Беларуская царква трапіла ў лік найлепшых будынкаў Лондану за 2016 год. Інтэрвію з архітэктарам
25.05.2015
Пасьля Надсана
08.03.2014
Канфесіянальныя “франты”, лініі “культурнага разлому” і “доўгая памяць”
13.12.2012
Каб стварыць беларускую царкву ў Лондане, кітаец вывучыў нашу гісторыю
20.04.2010
Адыйшоў да Госпада айцец Кастусь Маскалік