Пошук
Архіў навін
20.06.2015
Беларускія грэка-каталікі маюць новага сьвятара
 
Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква мае яшчэ аднаго сьвятара — айца Аляксея Філіпенку. У мінулую нядзелю ў Кастамлотах сьвятарскае пасьвячэньне на просьбу Апостальскага Візітатара для грэка-каталікоў Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека ўдзяліў дапаможны біскуп Перамышальска-Варшаўскай архіяпархіі Яўген Паповіч.
 
Новы сьвятар БГКЦ а. Аляксей Філіпенка з Менску.
Айцец Аляксей Філіпенка паходзіць з менскай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Мае жонку Вікторыю і сына Цімафея.
 
Беларускае Радыё Рацыя паразмаўляла з новапрасьвітарам пра ягоны шлях да веры і сьвятарства.
 
РР: Айцец Аляксей, як Вы сталі грэка-каталіком? Якая гісторыя Вашага прыходу да Царквы?
 
Айцец Аляксей Філіпенка: Гісторыя навяртаньня на хрысьціянства ўвогуле, а на грэка-каталіцтва ў прыватнасьці пачалася ў 90-ых гадах, калі Савецкі Саюз ужо распаўся, а новага яшчэ ніхто не пабудаваў. Тады было адраджэньне хрысьціянства ў Беларусі і на ўсёй постсавецкай прасторы.
 
Так здарылася, што я аднойчы прачытаў Евангельле. Евангельле мяне вельмі закранула, паказала мне шлях, як можна жыць па-іншаму, без камуністычных ідэалаў. І вось я пачаў шукаць Бога. Першае, што патрапіла, гэта зразумела, праваслаўная царква, а менавіта — катэдра на Нямізе. Я пачаў туды хадзіць спантанна, па пятніцах, па 20 хвілінаў, колькі сьпіна вытрымлівала там стаяць. Так я хадзіў некалькі месяцаў. А пасьля мой сябра, які быў вельмі актыўны, можна сказаць, палітычны дзеяч, і быў грэка-каталіком, ён запытаўся ў мяне, ці я лічу сябе хрысьціянінам, веруючым хрысьціянінам. Я кажу, што так, лічу. Далей ён запытаўся: ты посьціш, ты молішся зранку і ўвечары, ходзіш на нядзельныя службы? Я зьдзівіўся, што гэта трэба. Я толькі ведаў, што я хаджу рэгулярна па пятніцах. Сябра мне сказаў, што калі гэтага няма, то твая вера слабаватая. Я сказаў, што хачу моцную веру. Ён спытаўся ў мяне, якой я канфесіі. Праваслаўны. Ён кажа, а чаго ты праваслаўны? Кажу: як усе. Сябра тады запрасіў мяне да грэка-каталікоў. Прыходзь, кажа, паглядзіш, хто мы, як мы молімся.
 
Гэта быў 1993 год. У 90-ых гадах было мноства сектаў, і для мяне было важна, каб тая рэлігійная плынь, пра якую ён мне кажа, не была маладзёвай сектаю.
 
Я пайшоў спачатку ў праваслаўную катэдру, там памаліўся, паслухаў прыгожыя сьпевы, пастаяў перад іконамі, і пасьля набраўся сьмеласьці ды пайшоў да гэтых грэка-каталікоў, якія ў той час маліліся ў гандлёвых радах, 200 метраў ад катэдры. Заходжу туды. Невялічкі пакойчык, недзе 5 на 10 метраў, і бачу: стаіць некалькі бабулек і адзін дзядуля. Стала ясна, што гэта дакладна ня секта. Службу вядзе сьвятар, пазьней я даведаўся, што гэта быў айцец Ян Матусевіч. Акрамя гэтага, сьпевы былі падобныя да праваслаўных, іканастас, алтар. Я пачуў першы раз тады казань. І гэта мяне ўсё так уразіла, што вось, Бог блізка, сьвятар блізка, прамаўляе да людзей. Гэта мяне прымусіла спыніцца на гэтай веры, на гэтай супольнасьці.
 
РР: Ці грала ролю ў Вашым выбары тое, што службы ў грэка-каталікоў вядуцца па-беларуску?
 
Айцец Аляксей Філіпенка: 90-ыя гады — гэта часы адраджэньня. Бел-чырвона-белы сьцяг і герб Пагоня былі дзяржаўнымі сымбалямі. Тое, што была беларуская мова — гэта натхняла.
 
РР: Калі Вы адчулі, што хочаце пайсьці ў семінарыю і стаць сьвятаром?
 
Айцец Аляксей Філіпенка: Пачуцьцё стаць сьвятаром і шлях да сьвятарства — гэта трохі розныя рэчы. Пачуцьцё ў мяне было адразу пасьля школы. Я сабе ўяўляў, як буду ўздымаць чашу і казаць «падыходзьце са страхам і любоўю». Я ўяўляў, як буду спавядаць. Але гэта ўсё былі толькі ўяўленьні. Розум падказваў мне, што зараз я не пайду, гэтым займацца ня буду. Пэўным чынам гэта страшна — станавіцца сьвятаром Бога. Казаць, што я варты гэтага пакліканьня — сябе ўзвышаць. Баючыся, што я ня варты гэтага пакліканьня, што гэта вельмі страшна, вырашыў усё ж такі пайсьці атрымаць спачатку сьвецкую адукацыю. Бо сьвецкая адукацыя яна больш канкрэтная. Вядома, чым ты будзеш займацца, да чаго яна вядзе. Я паступіў у Сахараўскі ўніверсітэт (Міжнародны дзяржаўны экалагічны ўніверсітэт імя А. Д. Сахарава – РР) і скончыў яго. Пасьля працаваў па разьмеркаваньні, служыў год у войску. Але неяк мяне больш цягнула да працы з людзьмі. Сумяшчаючы працу, я пачаў вучыцца на псіхолага. Было два гады перападрыхтоўкі, таксама атрымаў дыплом, і пэўны час працаваў псіхолагам у школе.
 
У той час якраз быў 2005 год. У красавіку памёр Папа Ян Павел ІІ. Тады ж я зразумеў, што ў школе я не магу працаваць далей, стала зразумела, што будучыні без сьвятарства ў мяне няма. Я падаў заяўку ў семінарыю. Школу скончыў у 1995, і толькі праз 10 гадоў у 2005 вырашыў паступіць у семінарыю.
 
У семінарыі таксама ня ўсё проста было, ня так што паступіў у семінарыю і вось — сьвятар. Семінарыя — гэта час для ўзмацненьня свайго пакліканьня, да зразуменьня свайго месца ў службе ў Царкве. 6 гадоў я вучыўся ў семінарыі. Пасьля яе заканчэньня год працаваў у грэка-каталіцкіх парафіях, а менавіта ў Маладэчне. У той жа ж час я цудоўным чынам сустрэў маю жонку, якая паходзіць з Глыбокага.
 
Праз год пасьля таго як мы пажаніліся, адбыліся мае паддыяканскія пасьвячэньні, пазьней — дыяканскія. У Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве заведзена так, што дыяканы маюць сьвецкую працу. Увесь гэты час да сьвятарскіх пасьвячэньняў я працаваў на будоўлі. У суботу і нядзелю служыў у царкве як дыякан.
 
РР: Як Вы цяпер сябе адчуваеце як сьвятар?
 
Айцец Аляксей Філіпенка: Што датычыць маіх адчуваньняў, то яны былі найбольшыя перад пасьвячэньнямі, у часе рэкалекцый у Шуміліне я адчуў, што Гасподзь прымае мяне ў свае абдымкі як брат, як сябра. Цяпер у мяне нейкае незвычайнае адчуваньне: я разумею, што мяне Бог пасылае. Зараз я іду выконваць ужо абавязкі. Кліча мяне, кажа: «Ідзіце і навучайце ўсе народы, хрысьцячы іх у імя Айца, і Сына, і Духа Сьвятога».
 
Адам Завальня, Беларускае Радыё Рацыя. Фота аўтара.
Гл. таксама:
08.04.2015
На Вялікдзень з грэка-католікамі Берасьця маліліся прадстаўнікі Генконсульства Ўкраіны
08.05.2014
Беларускі грэка-каталіцкі сьвятар: насілу да веры ніхто не прыводзіць
10.05.2012
Ватыканскі ярарх разам з грэка-католікамі памаліўся за Менск і за ахвяры вайны
01.09.2009
Новыя душпастыры ў сталічнай парафіі
04.04.2009
Фота з сямейнага архіву беларускага грэка-каталіцкага сьвятара баляслава пачопкі