Пошук
Архіў навін
07.07.2015
«Люблю прыказаньні Твае, Госпадзе!»
 
7 ліпеня 2015 году вырушыла пілігрымка з Віцебску ў Полацак, якую штогод ладзіць Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква. За 5 дзён, з 7 па 11 ліпеня, удзельнікі пілігрымкі пройдуць каля 110 км.
 
Гэта ўжо XXI грэка-каталіцкая пілігрымка Віцебск — Полацак. Сёлета яна праходзіць пад дэвізам «Люблю прыказаньні Твае, Госпадзе!» (Пс 119:159). Гэтай тэме будуць прысьвячаныя штодзённыя катэхезы сьвятароў падчас пілігрымкі.
 
Пілігрымы пройдуць шляхам сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага — ад месца яго мучаніцкай сьмерці ў Віцебску да ягонай катэдры сьв. Сафіі ў Полацку, дзе 11 ліпеня 1705 году ад рук цара Пятра і яго сьвіты прынялі мучаніцкую сьмерць Полацкія мучанікі манахі-базыльяне. Урачыстае завяршэньне пілігрымкі ў Полацку — у нядзелю, 12 ліпеня, ля грэка-каталіцкага храму сьв. Параскевы Полацкай.
 
Гэтай пілігрымкай беларускія грэка-католікі ўшаноўваюць ня толькі памяць сьв. Язафата, які быў жорстка забіты ў Віцебску праз нянавісьць разьюшанага натоўпу. Ушаноўваюцца таксама пакуль некананізаваныя Царквой пяцёра полацкіх манахаў-базыльянаў, якія аддалі сваё жыцьцё за веру, бо хацелі застацца вернымі сваёй Царкве, свайму народу і пакліканьню. Падчас пілігрымкі яе ўдзельнікі моляцца за тое, каб Царква прызнала іх сьвятымі. Сёлета адзначаецца таксама 1200-годдзе ад нараджэньня сьвятога Мятода Салунскага. Таму Настаўнікі славянаў сьвятыя роўнаапостальныя Кірыла і Мятод абраныя Апякунамі гэтай пілігрымкі. Тыя, хто бярэ ўдзел у гэтай пілігрымцы, заахвочваюцца прайсьці гэты шлях у духу шчырай любові і еднасьці, у супольнай малітве і разважаньнях над Божымі прыказаньнямі, каб хрысьціяне Беларусі маглі разам абвяшчаць Хрыста тым, хто Яго яшчэ не прыняў.
 
7 ліпеня пілігрымка па традыцыі распачалася Боскай Літургіяй у грэка-каталіцкім храме Уваскрасеньня Хрыстовага ў Віцебску. Набажэнства ўзначаліў протапрасьвітар Усходняга дэканату а. Зьміцер Грышан, з якім саслужылі а. Аляксандар Шаўцоў з Полацку і а. Андрэй Крот з Горадні. Паводле словаў душпастыра полацкіх грэка-католікаў а. Аляксандра Шаўцова, у шлях з Віцебску ў Полацак да першага прыпынку ў в. Заронава сёлета вырушыла 46 чалавек. Раней першы дзень быў самым цяжкім, бо пілігрымы ішлі ажно 43 км да мястэчка Шуміліна. Сёлета да Шуміліна пілігрымы дабяруцца за два дні.
 
Звычайна штодзень колькасьць пілігрымаў павялічваецца, асабліва чакаецца прыезд новых удзельнікаў бліжэй да заканчэньня пілігрымкі.
 
Пілігрымаў чакае наступны маршрут, у любым месцы якога кожны ахвотны можа далучыцца да пілігрымкі:
 
І этап, аўторак, 7 ліпеня: Віцебск — Заронава (25 км).
ІІ этап, серада, 8 ліпеня: Заронава — Шуміліна (22 км).
ІІІ этап, чацьвер, 9 ліпеня: Шуміліна — Обаль (21 км).
IV этап, пятніца, 10 ліпеня: Обаль — Гараны (20 км).
V этап, субота, 11 ліпеня: Гараны — Струньне (крыж на месцы былой рэзідэнцыі Полацкіх уніяцкіх архібіскупаў) — Полацак (храм сьв. Сафіі) (20 км).
 
У суботу ўвечары каля 17.30 гадз. адбудзецца прывітаньне пілігрымаў ля грэка-каталіцкага храму сьв. Параскевы Полацкай. А 20.00 гадз. будзе адслужана сьвяточная Вячэрня ў царкве.
 
У нядзелю, 12 ліпеня, а 09.00 гадз. у царкве будзе адслужана Ютрань, а затым на пляцы перад грэка-каталіцкай царквой сьв. Параскевы Полацкай сьвяточная Боская Літургія а 10.30 гадз. урачыста завершыць XXI грэка-каталіцкую пілігрымку Віцебск — Полацак.
 
Грэка-каталіцкая царква ў Полацку знаходзіцца ў прыватным сектары «Кароўнікі», вул. Навасёлаў, 70. Праезд ад вакзалу аўтобусам № 8 да канцовага прыпынку «вул. Бабушкіна».
 
Тэлефоны для кантактаў: а. Зьміцер (29) 675-29-97 Velcom.
У Менску зьвяртацца па тэл.: Андрэй (29) 88-99-550 МТС.
 
Цэнтар пілігрымак «Бліжэй да Бога» («Go2God») запрашае вернікаў 11-12 ліпеня 2015 году далучыцца з Менску на аўтобусе да XXI грэка-каталіцкай пілігрымкі Віцебск — Полацак, з наведваньнем у гэтыя дні магілы народнага паэта Рыгора Барадуліна ва Ўшачах і Спаса-Еўфрасіньнеўскага манастыра ў Полацку.
 
Расклад аўтобуснай пілігрымкі «Go2God» Менск-Полацк-Менск:
 
11 ліпеня, субота, Менск
07:00 Выезд з Менску ад Душпастырскага цэнтру сьв. Язэпа
10:00 Ушачы, Паніхіда на магіле Рыгора Барадуліна
12:00 Струньне, далучэньне да пешай ХХІ Пілігрымкі
18:00 Полацак, царква сьв. Параскевы Полацкай, малітва падзякі
21:00 Разьмяшчэньне ў гатэлі
 
12 ліпеня, нядзеля, Полацак
08:30 Ютрань у царкве сьв. Параскевы Полацкай
10:30 Боская Літургія
15:00 Спаса-Еўфрасіньнеўскі манастыр, прыватная малітва
19:00 Прыбыцьцё ў Менск
 
Арганізатары аўтобуснай пілігрымкі прапануюць месцы ў мікрабусе і легкавых аўто. Кошт пілігрымкі 300 тысяч BYR (50 тысяч перадаплаты). У кошт уваходзіць дарога, начлег і харчаваньне ў паходнай кухні пілігрымкі.
 
Тэлефануйце для запісу: Альжбэта (29) 182-78-84, а. Андрэй Абламейка (29) 650-47-14; (33) 377-47-14.
 
Фота: а. Аляксандар Шаўцоў.
Гл. таксама:
06.07.2017
Удзельнікі грэка-каталіцкай пілігрымкі будуць натхняцца спадчынай Скарыны
13.11.2015
Парафіяльнае сьвята ў гонар сьв. Язафата адзначылі ў Полацку
19.07.2015
Грэка-католікі ўшанавалі памяць Полацкіх мучанікаў
27.08.2014
Пульс хрысьціянскай Беларусі: пілігрымка Віцебск — Полацак
05.07.2010
Вернікі ўсходняга і лацінскага абрадаў разам ушанавалі памяць Яна Хрысьціцеля