Пошук
Архіў навін
16.08.2015
Мастацкі пленэр памяці Яна Хруцкага
 
Полацкая грэка-каталіцкая парафія сьв. Язафата 10-16 жніўня 2015 году зладзіла мастацкі пленэр у памяць вядомага мастака Яна Хруцкага.
 
Паводле словаў душпастыра полацкай грэка-каталіцкай парафіі а. Аляксандра Шаўцова, ініцыятыва і ідэя хрысьціянскага братэрскага пленэру для мастакоў нарадзілася каля паўгоду таму пасьля размовы Апостальскага Візітатара БГКЦ Архімандрыта Сяргея (Гаека) і мастака з Менску Зьмітра Мшара. Непасрэднымі арганізатармі пленэру ў Полацку сталі старшыня мясцовай грэка-каталіцкай парафіі мастак Андрэй Піскун і Зьміцер Мшар, які зьяўляецца вернікам адной з грэка-каталіцкіх парафіяў у Менску. Полацкая парафія і яе душпастыр а. Аляксандар Шаўцоў забясьпечылі мастакам пражываньне і брацкі стол.
 
Праца падчас пленэру мастакоў у Полацку.
Каля дзясятка мастакоў на працягу тыдня ня толькі малявалі храмы і краявіды старажытнага Полацку, але і наведалі родныя мясьціны славутага беларускага мастака ХІХ стагоддзя Яна (Івана) Хруцкага, які паходзіў з сям’і ўніяцкага сьвятара і сваім жыцьцём зьвязаным з Полацкім краем.
 
Лічыцца, што Ян Хруцкі нарадзіўся 8 лютага (27 студзеня паводле юльянскага календара) 1810 году ў мястэчку Ула Лепельскага павету Віцебскай губерні. Праўда, на думку дасьледчыка сьвятарскіх родаў Дзяніса Лісейчыкава, месцам нараджэньня будучага мастака зьяўляецца в. Усая (сёньня — Ушацкі р-н Віцебскай вобл.), дзе служыў сьвятаром яго бацька. У Полацкім ліцэі піяўраў на факультэце вольных мастацтваў Ян Хруцкі атрымаў пачатковую мастацкую адукацыю. Затым паступіў у Пецярбургскую Акадэмію мастацтваў. Ян (Іван) Хруцкі набыў вядомасьць як аўтар выдатных нацюрмортаў, якія зрабіліся класікай беларускага і еўрапейскага мастацтва. За свае творы мастак неаднаразова атрымліваў медалі Акадэміі мастацтваў і розныя ўзнагароды. У 1839 годзе Ян Хруцкі стаў акадэмікам Акадэміі мастацтваў.
 
Вядома, што бацька мастака сьвятар Тамаш Хруцкі пацярпеў за веру і нават быў зьняволены. Сярод 52 сьвятарскіх подпісаў пад адной з найбольш сьмелых адозваў у абарону Уніі, «Исповеданием Веры Греко-униатской Церкви», якая датуецца 1838 годам, сустракаюцца подпісы трох Хруцкіх, у тым ліку і бацькі мастака — сьвятара царквы ў в. Усая Лепельскага павету. Тое, што мастак меў дачыненьне да вядомага ўніяцкага сьвятарскага роду, знайшло адлюстраваньне ў многіх творах Яна Хруцкага. Асабліва шмат напісаў ён партрэтаў духавенства. Шырока вядомы намаляваны ім партрэт апошняга ўніяцкага мітрапаліта Язафата Булгака (1838 г.). Таксама мастак Ян Хруцкі пісаў іконы, краявіды Вільні.
 
У 1839 годзе, пасьля сьмерці бацькі, ён назаўсёды пакінуў Пецярбург і вярнуўся на радзіму. У 1844 годзе Ян Хруцкі набыў маёнтак Захарнічы каля Полацку, дзе паводле ўласнага праекту пабудаваў дом і заклаў сад.
Ян Хруцкі. Аўтапартрэт, 1883 г.
Там ён жыў і працаваў да сваёй сьмерці ў 1885 годзе. Пахаваны мастак на могілках у Захарнічах.
 
10 жніўня 2015 году Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), сьвятары БГКЦ а. Аляксандар Шаўцоў, а. Зьміцер Грышан і дыякан Вячаслаў Гарчакоў разам мастакамі — удзельнікамі пленэру ўшанавалі памяць славутага мастака Яна Хруцкага ў Захарнічах, што за 20 км ад Полацку.
 
Экскурсію ў родныя мясьціны славутага мастака правёў полацкі краязнаўца Міхась Баўтовіч з мясцовай грэка-каталіцкай парафіі. Ён распавёў пра жыцьцё і творчасьць Яна Хруцкага, пра ягоных братоў — Яўстаха і Андрэя Хруцкіх, якія таксама былі мастакамі, і ўвесь гэты старажытны шляхецкі ўніяцкі сьвятарскі род, жыцьцё і дзейнасьць практычна ўсіх прадстаўнікоў якога праходзілі на тэрыторыі Полацкай уніяцкай япархіі.
 
На мясцовых могілках, дзе пахаваныя таксама сваякі мастака Яна Хруцкага, Архімандрыт Сяргей (Гаек) адслужыў паніхіду за душу славутага мастака і яго радзіны.
 
Падчас пленэру ў Полацку мастакам давялося працаваць у няпростых умовах: увесь час стаяла нязносная сьпёка, а ўжо перад заканчэньнем пленэру выдалася моцная залева.
 
Бліжэй да канца пленэру далучыўся да ўдзельнікаў вядомы беларускі мастак Алесь Пушкін. Ён прывёз адну з сваіх прац з выявай сьв. Язафата, якую пачаў пісаць яшчэ раней. У Полацку ён дапісаў яе і падараваў Полацкай грэка-каталіцкай парафіі сьв Язафата.
 
Наогул падчас пленэру было сторана каля паўтара дзясятка мастацкіх твораў, некаторыя з сваіх працаў мастакі пакінуць у падарунак полацкай парафіі.

Фота а. Аляксандра Шаўцова.
Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
23.08.2016
Хіратонія двух новых сьвятароў БГКЦ
25.07.2016
Пілігрымка БГКЦ: верыць у адзіную Царкву
09.07.2016
Беларускія грэка-католікі запрашаюць у пілігрымку
29.06.2014
У Бэтлееме грэка-католікі маліліся за хрысьціянаў Беларусі