Пошук
Архіў навін
22.08.2015
Патрыяршы Сабор УГКЦ зьбярэ дэлегатаў з 57 краінаў
 
Сабор адбудзецца 25-27 жніўня 2015 году ў Івана-Франкоўску і ён стане своеасаблівым іспытам сумленьня для Царквы — паведамляе афіцыйны сайт УГКЦ.
 
Генеральны сакратар Патрыяршага Сабору УГКЦ а. Алег Каськіў.
Сабор, у якім возьмуць удзел каля 250 дэлегатаў з 57 краінаў сьвету, узначаліць Зьверхнік Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Вярхоўны Архібіскуп Сьвятаслаў (Шаўчук). Прыбудуць дэлегаты з Паўночнай і Паўднёвай Амерыкі, Аўстраліі, краінаў Еўропы і Азіі.
 
Арганізатары гэтай значнай ня толькі для Прыкарпацьця, але і для ўсёй Украіны падзеі прадставілі падрабязную праграму правядзеньня VI сесіі Патрыяршага Сабору УГКЦ, які будзе праходзіць пад назвай «Жывая парафія - месца сустрэчы з жывым Хрыстом». Яе абнародаваў на прэс-канферэнцыі 20 жніўня генеральны сакратар Патрыяршага Сабору мітрафорны протаярэй Алег Каськіў.
 
«Фактычна два з паловай гады мы рыхтаваліся да гэтай падзеі — гэта своеасаблівы іспыт сумленьня дзеля Царквы», — адзначыў на прэс-канферэнцыі ў Івана-Франкоўску мітрафорны протаярэй Алег Каськіў.
 
Пленарныя паседжаньні будуць праходзіць у Івана-Франкоўскім абласным музычна-драматычным тэатры. Тэмы трох дзён паседжаньняў: «Слова Божае і катэхізацыя. Місійны дух», «Літургія і малітва. Сулучнасьць і еднасьць», «Служэньне бліжняму. Кіраўніцтва — кіраваньне дарамі». Акрамя ранішніх і вячэрніх набажэнстваў, штодня будзе вымаўлена адзін даклад і два судаклады на вызначаную тэматыку. Пасьля абеду — праца ўдзельнікаў у групах. Для яе задзейнічалі 16 аўдыторыяў педагагічнага інстытуту Прыкарпацкага ўніверсітэту ў г. Івана-Франкоўску.
 
«Што да Сабору, то гэтая яго сесія ёсьць некалькі адрознай ад папярэдніх. Бо ідэя яго ў тым, каб зрабіць такі іспыт сумленьня, зрабіць такі рахунак — што ў нас ёсьць добрае, што ня добрае і што зрабіць для таго, каб нядобрае можна было пераадолець.
Генеральны сакратар Патрыяршага Сабору УГКЦ а. Алег Каськіў.
Бо нашая Царква раскіданая па ўсім сьвеце і ўсюды ёсьць свае выклікі — зьмяшаныя шлюбы, эміграцыя, вайна і г. д. Кожны дзень будзем абмяркоўваць розныя надзённыя тэмы», — сказаў генеральны сакратар Патрыяршага Сабору мітрафорны протаярэй Алег Каськіў.
 
Гасьцямі гэтай VI сесіі Патрыяршага Сабору будуць сьвятары Ўкраінскай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы на чале з Уладыкам Ігарам (Ісічэнкам), Архібіскупам Харкаўскім і Палтаўскім. Гэтая праваслаўная Царква ня так даўно распачала плённы дыялог з кіраўніцтвам УГКЦ адносна царкоўнай еднасьці і стварэньня ва Ўкраіне адзінай памеснай Украінскай Царквы.
 
На прэс-канферэнцыі таксама паведамілі, што будзе адбывацца наўпроставая трансьляцыя падзеяў Патрыяршага Сабору — на івана-франкоўскім абласным канале «Галичина» і з дапамогаю інтэрнэт-трансьляцыяў на інтэрнэт-тэлебачаньні УГКЦ «Живе ТБ».
 
Гл. таксама:
27.09.2019
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
12.05.2017
Базыльяне з Украіны наведалі Беларусь
25.04.2017
Сьвятар, які служыў у Беларусі, прызначаны кіруючым біскупам грэка-каталіцкай япархіі ў Чыкага
16.12.2015
Новая грэка-каталіцкая япархія створана ва Ўкраіне