Пошук
Архіў навін
25.08.2015
У Друі адноўлена старажытная ікона Багародзіцы
 
У Друі адноўлена ікона Маці Божай Спагадлівай, лёс беларускага арыгіналу якой застаецца невядомы.
 
Цудадзейная ікона Маці Божай Спагадлівай з Друі вядомая ў мястэчку з XVIII стагоддзя. Узгадваецца яна ў сьпісе 1911 году царквы Дабравешчаньня і зьяўляецца сьпісам з іконы «Багародзіца Елеўса Спагадлівая (Кікская)», што з ХІІ стагоддзя захоўваецца на Кіпры, у заснаваным дзеля яе імператарам Аляксеем Комнінам (грэц. Ἀλέξιος Κομνηνός, 1082−1118) мужчынскім стаўрапігіяльным манастыры на гары Кікас.
 
Паводле словаў пробашча рыма-каталіцкай парафіі ў Друі а. Сяргея Сурыновіча, ініцыятыва адраджэньня гэтай іконы Багародзіцы належыць беларускаму грэка-каталіцкаму сьвятару Сяргею Стасевічу з Лондану.
Пробашч з Друі а. Сяргей Сурыновіч з адноўленай іконай.
А аднавіў ікону Міхась Кускоў, іканапісец з Віцебску. Шэраг абразоў, створаных гэтым майстрам, захоўваюцца сёньня ў грэка-каталіцкім санктуарыюме Хрыста Чалавекалюбца ў Маладэчне, у рыма-каталіцкай парафіі Сьвятога Духа ў Полацку і іншых храмах.
 
Урачыстае асьвячэньне адноўленай іконы Маці Божай Спагадлівай плануецца восеньню гэтага году ў касьцёле Найсьвяцейшай Тройцы ў Друі.
 
Ікона «Багародзіца Елеўса Спагадлівая (Кікская)» лічыцца адной з трох, што напісаў евангеліст Лука. Копіі гэтай іконы вядомыя і пашыраныя на Афоне, але на ўсходнеславянскіх землях дастаткова рэдкія. Вядомая копія гэтай іконы ў Фларышчавай пустыні (Ніжагародзкая вобласьць, Расея), таксама ікона Сімана Ўшакова (сёньня — у Трацякоўскай галерэі). Тым большую каштоўнасьць уяўляе Друйская ікона.
 
Маці Божая на арыгінальнай іконе паказана з схіленай галавой да Дзіцяці, якога падтрымлівае левай рукою. У правай руцэ Багародзіца трымае руку Дзіцяці з разгорнутым скруткам. Дзіцятка павернута направа ад гледача, галава Яго пахілена налева, у правай руцэ скрутак, левая ляжыць на грудзях Божай Маці, ножкі аголеныя.
 
На полі іконы Маці Божай Спагадлівай з Друі вялікімі літарамі перадаецца грэцкі надпіс ΜΗΡ ΘΟΥ (грэц. Μητερ Θεου − Маці Бога) і ΗΕΛΕΟΥΣΑ Η ΚΥΚΚΟΥΤιΣΣΑ (грэц. ή Ελεούσα ή Κυκκώτισσα − Спагадлівая Кікіянка). Мафор (покрыва) і яго падклад Друйскай Багародзіцы незвычайна для канонаў іканапісу расьпісаныя разнастайнымі кветкамі і арнаментнымі элементамі. Прадстаўленыя тры трохкутнікі ў яго складках таксама можна заўважыць у драпіроўцы хітону Хрыста. Плыўнымі паўтаральнымі паўкруглымі складкамі спадаюць хітон Дзіцяці і мафор Божай Маці. Хрыстос апяразаны пасам, скрыжаваным у вузьле. Белы разварот скрутку, сэнсавага цэнтру іконы з надпісам на царкоўнаславянскай мове з кнігі прарока Ісаі (Іс 62, 1-2) «Дух Господень на Мне, Его же ради помаза Мя» — ураўнаважваецца і разам з тым акцэнтуецца белымі рукавамі кашулі Дзіцяці, упрыгожанымі таксама арнаментамі. Белы колер у кампазіцыі кладзецца як бы веерам.
 
На іконе Маці Божай Спагадлівай Елеўсы паміж Марыяй (сымбалем і ідэалам роду чалавечага) і Богам−Сынам няма адлегласьці, што сьведчыць аб бязьмежнасьці іх любові, любові Бога да створанага сьвету, Хрыста і Царквы. Абраз зьяўляецца правобразам крыжовай ахвяры Збаўцы як найвышэйшай праявы любові Бога да людзей.
 
У сярэдзіне XVII стагоддзя на нашых землях ўзмацняецца цікавасьць да старажытных візантыйскіх сьвятыняў і, перш за ўсё, да цудадзейных багародзічных абразоў. Абраз «Маці Божая Елеўса Кікская» можа быць разгледжаны як сьведчаньне падобнай цікавасьці да старажытных сьвятыняў візантыйскага сьвету, адной з галоўных прычынаў чаго было імкненьне аднавіць у першапачатковай чысьціні старажытныя іканапісныя традыцыі нашымі продкамі.
 
Пробашч парафіі ў Друі а. Сяргей Сурыновіч спадзявацца, што вяртаньне іконы Маці Божай Спагадлівай у Друю, праз яе аднаўленьне паводле эскізу з сьпісаў царквы Дабравешчаньня, што быў зьмешчаны ў альбоме малюнкаў Дзьмітрыя Струкава, паспрыяе яднаньню хрысьціянаў і пашырэньню культу Багародзіцы.
 
Гл. таксама:
02.09.2014
У Друі і Менску адбыліся ўрачыстасьці ў гонар 100-годдзя біскупа Чэслава Сіповіча
07.05.2014
Айцец Ігнат Кульчынскі – навуковец і пашыральнік культу Маці Божай Жыровіцкай
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
07.09.2011
Ірына Багдановіч: “Паэт-ксёндз Вінцук Адважны нават у ГУЛАГу служыў літургію”
06.09.2011
Вяртаньне творчай спадчыны пісьменьніка-сьвятара