Пошук
Архіў навін
09.11.2015
Ахвяраў бальшавіцкіх рэпрэсіяў ушанавалі ў Бельчыцах пад Полацкам
 
Ля Бельчыцкага крыжа ў Полацку адбылася жалобная ўрачыстасьць у памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Штогод на Дзяды гэтае мерапрыемства праводзяць тут вернікі полацкай грэка-каталіцкай парафіі сьв. Язафата — адзначае Радыё Рацыя.
 
Вялікі металёвы Крыж памяці стаіць на ўскрайку Бельчыцкіх могілкаў. Некалі ў Бельчыцы пад Полацкам цягам некалькіх стагоддзяў існаваў старажытны Барысаглебскі манастыр. Зьвязаны гэты манастыр з Уніяй, з дзейнасьцю базыльянаў, і з асобаю сьвятога Язафата (Кунцэвіча), архібіскупа Полацкага, якога мае за свайго нябеснага апекуна грэка-каталіцкай парафія ў Полацку. Падчас савецка-польскай вайны (верасень 1919 — травень 1920 гг.), у выніку абстрэлаў, рэгулярна чынімых бальшавіцкай артылерыяй, былі разбураныя абедзьве царквы манастыра. У 1930-х гадах храмы разабраныя вязьнямі турмы НКВД на цэглу для пабудовы жыльля тым жа вартавым рэвалюцыі з НКВД.
 
Як адзначаюць полацкія краязнаўцы, сярод мясцовых жыхароў захаваліся аповеды пра масавыя расстрэлы, якія ладзілі тут у 1930-ыя гады энкавэдысты з полацкай турмы. Гэтыя страшныя сьведчаньні перадаюцца з пакаленьня ў пакаленьне.
 
Паніхіду па памерлых і малебен за беларускі народ адслужыў душпастыр полацкай грэка-каталіцкай парафіі сьв. Язафата айцец Аляксандар Шаўцоў. Напрыканцы малітваў прысутныя разам прасьпявалі гімн «Магутны Божа». У працоўны дзень жалобную ўрачыстасьць арганізатары мусілі наладзіць увечары, пасьля 18-й гадзіны. Таму мерапрыемства праходзіла пры сьвятле сьвечак і ліхтарыка, што надало яму яшчэ большую сэнсавую заглыбленасьць і філасофскую разважлівасьць, адзначае журналіст Радыё Рацыя Алесь Аркуш.
 
Фота Алеся Аркуша.
Гл. таксама:
16.08.2015
Мастацкі пленэр памяці Яна Хруцкага
07.07.2015
«Люблю прыказаньні Твае, Госпадзе!»
27.08.2014
Пульс хрысьціянскай Беларусі: пілігрымка Віцебск — Полацак
08.07.2014
Полацкая трагедыя 1705 году
07.07.2014
Беларускія грэка-католікі запрашаюць у пілігрымку ў Полацак