Пошук
Архіў навін
12.11.2015
Крыж у Курапатах «Памяці берасьцейцаў»
 
У Курапатах 7 лістапада 2015 году быў устаноўлены і асьвячаны новы крыж — у памяць пра рэпрэсаваных і зьнішчаных у ГУЛАГу жыхароў Берасьцейшчыны.
 
Жыхары Берасьцейшчыны ля крыжа ў памяць пра землякоў у Курапатах.
Яшчэ адзін адметны крыж у месцы масавых расстрэлаў у Курапатах (а ўсяго там ужо каля тысячы крыжоў) паўстаў, дзякуючы берасьцейцам, якія вырашылі такім чынам ушанаваць памяць пра сваіх вядомых і невядомых землякоў, што загінулі ў часы бальшавіцкіх рэпрэсіяў.
 
Вышыня крыжа над зямлёй больш за 4,3 м. Была абарана традыцыйная для Заходняга Палесься форма простага чатырохканцовага крыжа, з упрыгожаньнем на канцах у выглядзе простакутных дошачак і кругляша («каточка»). Выраблены крыж з сасны, а зьнізу дадаткова абшыты лістоўніцай. На ім выразаны надпіс: «Памяці берасьцейцаў. 1939-1941». За ўзор былі ўзятыя крыжы, якія яшчэ можна сустрэць як на Століншчыне, Піншчыне, так і ў Прыбужжы, у вёсках пад Белавежскай ці Ружанскай пушчамі. Такія крыжы ў нас некалі ставілі і праваслаўныя, і ўніяты, і рыма-католікі. На жаль, сёньня амаль паўсюдна нашыя традыцыйныя чатырохканцовыя крыжы замяняюцца шасьціканцовымі або васьміканцовымі з касой перакладзінай, якія больш уласьцівыя маскоўскай традыцыі. Атрымліваецца, што крыж, які павінен яднаць усіх, сёньня ўсё больш робіцца сьведчаньнем разьдзяленьня хрысьціянаў. І гэта найбольш недарэчна ў такіх трагічных месцах, як Курапаты.
 
Хоць ад пачатку ініцыятыва па ўстаноўцы памятнага крыжа ў Курапатах нарадзілася ў трох вернікаў з грэка-каталіцкай парафіі ў Берасьці і асноўныя выдаткі адразу пагадзілся ўзяць на сябе некалькі прадпрымальнікаў, было вырашана, што гэтая пачэсная справа па ўшанаваньні памяці рэпрэсаваных жыхароў Берасьцейшчыны павінна насіць больш шырокі, пазаканфесійны характар.
Устаноўка крыжа.
Далучыліся сваімі грашовымі складкамі і ахвярнай, бескаштоўнай працай і рознай дапамогай многія сябры і знаёмыя ініцыятараў — праваслаўныя, рыма-католікі, пратэстанты і нават габрэі — усяго больш за шэсьць дзясяткаў чалавек. Ахвяраваньні на крыж сабралі літаральна на працягу тыдня. Складалі іх самыя розныя людзі: прадпрымальнікі, выкладчыкі, настаўнікі, будаўнікі, журналісты, інжынеры, архітэктары, мастакі, сьвятары, грамадзкія актывісты і самыя звычайныя людзі, пры чым ня толькі з Берасьця, але і з Івацэвічаў, Кобрыня, Янава, а таксама берасьцейцы, што цяпер жывуць у Менску.
 
Пасьля прац па ўсталяваньні крыжа яго асьвяціў грэка-каталіцкі сьвятар з Берасьця а. Ігар Кандрацьеў. Разам з дыяканам Віталём Быстровым ён адправіў затым паніхіду па ўсіх ахвярах — вядомых і невядомых, што загінулі ў часы камуністычных рэпрэсіяў як у Курапатах, так і ў ГУЛАГу. Прысутныя на ўрачыстасьці жыхары з Берасьця, Івацэвічаў, Баранавічаў і Менску прасьпявалі трагічна загінулым «Вечная памяць» і завершылі малітву гімнам-малітвай за Беларусь «Магутны Божа».
 
Асьвячэньне крыжа «Памяці берасьцейцаў».
Варта адзначыць, што паводле праваслаўнага календара ў гэты дзень выпала памінальная Зьмітраўская субота і ў гэты ж час, непадалёку, праваслаўныя сьвятары з вернікамі таксама адслужылі ва ўрочышчы Курапаты паніхіду за ўсіх бязьвінна забітых у гады рэпрэсіяў. Памінальную малітву ўзначальваў сьвятар Адрыян Латушка, які служыць у праваслаўным прыходзе ў в. Цна, да якога адносіцца і ўрочышча Курапаты. Сьпяваў хор Брацтва Віленскіх мучанікаў пры Петра-Паўлаўскім саборы г. Менску. Разам з імі маліліся таксама праваслаўны сьвятар Аляксандар Шрамко і вернікі менскай парафіі Арханёла Міхаіла.
 
Падчас выступаў пасьля асьвячэньня крыжа адзначалася, што Курапаты, сталі сапраўдным народным мемарыялам, створаным намаганьнямі грамадзкасьці. Адсюль, з Курапатаў, пачалося новае беларускае Адраджэньне і шлях да незалежнасьці краіны. Прагучала думка, што крыжы, усталяваныя ў Курапатах, не павінны заставацца ананімнымі, на іх з часам павінны зьявіцца імёны канкрэтных людзей, як знакамітых сыноў і дачок Беларусі, так і самых звычайных людзей — нашых сваякоў і блізкіх, што загінулі ня толькі тут, у Курапатах, але і ў іншых мясьцінах бяскрайняга і страшнага паводле сваёй нялюдзкасьці архіпелагу ГУЛАГ. Толькі ў 1939-1941 гг. было рэпрэсавана больш за 125 тыс. жыхароў Заходняй Беларусі (гэта без уліку польскіх вайскоўцаў). Многія з іх загінулі, у тым ліку і ў Курапатах.
 
Крыж у памяць пра рэпрэсаваных берасьцейцаў у лясным масіве Курапаты кожны зможа лёгка адшукаць, бо месца для яго аказалася побач з мемарыяльным знакам у выглядзе лавы, які падараваў прэзідэнт ЗША ад амерканскага народу дзеля пашаны і памяці пра тысячы бязьвінных ахвяраў беларускага народу.
 
Магчыма менавіта тут, у Курапатах, каля крыжа «Памяці берасьцейцаў», варта ўстанавіць крыжы ў памяць вядомых ураджэнцаў Берасьцейскай вобласьці, месцы пахаваньняў якіх невядомыя. Сярод такіх асобаў варта ўзгадаць хоць бы наступных: юрыст і гісторык, адзін з кіраўнікоў ураду БНР, ураджэнец Берасьця Аляксандар Цьвікевіч (расстраляны ў Менску 30 сьнежня 1937 г.), яго родны брат Іван Цьвікевіч — беларускі грамадзкі і навуковы дзеяч, публіцыст (расстраляны 1 жніўня 1938 году ў Алтайскім краі); беларускі пісьменьнік, драматург, рэжысёр, актор і мастак, першы народны артыст БССР (1928), ураджэнец в. Лясная ў Баранавіцкім р-не Ўладзіслаў Галубок (расстраляны 28 верасьня 1937 г. у турме НВД у Менску); дырэктар Віленскай беларускай гімназіі, сябра Беларускага пасольскага клубу ў польскім сейме, рэдактар і публіцыст Міхаіл Кахановіч з в. Вялікія Лукі ў Баранавіцкім р-не (з 1925 г. жыў у БССР; расстраляны ў Менску 17 траўня 1934 г.); заходнебеларускі грамадзка-культурны дзяяч, навуковец, журналіст і краязнавец з в. Шані Пружанскага р-у Піліп Засім (у 1931 г. уцёк у СССР, месяц правёў у турме НКВД у Менску і быў высланы ў Польшчу, а пасьля вайны рэпрэсаваны і лёс яго невядомы); беларускі патрыёт, кандыдат багаслоўя і праваслаўны япіскап Слуцкі Мікалай Шэмеціла, які паходзіў з в. Аброва Івацэвіцкага р-ну (загінуў у турме НКВД у 1933 г.) ды многія іншыя.
 
Дзень 7 лістапада ў Беларусі дагэтуль застаецца дзяржаўным сьвятам і выходным днём, які адзначаецца як Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Як казалі ў савецкія часы — «красный день календаря». Але для многіх сёньня, калі адкрылася праўда пра масавыя рэпрэсіі, гэтая дата ў календары і сапраўды асацыюецца з чырвоным колерам, бо моцна пазначаная пралітай крывёй мільёнаў бязьвінна загубленых бязбожным камуністычным рэжымым людзкіх жыцьцяў. У той жа час традыцыйныя ў Беларусі восеньскія дні памяці продкаў — Дзяды, хоць і прысутнічаюць у календары дзяржаўных сьвятаў 2 лістапада як Дзень памяці, тым ня менш з 1998 году больш не зьяўляюцца выходным днём. Калі ўжо ў Беларусі сёньня дзень бальшавіцкага перавароту застаецца выходным днём, грамадзкасьці, і асабліва хрысьціянам, варта адзначаць яго як Дзень памяці ахвяраў камуністычных рэпрэсіяў, наведваць у гэты дзень такія мясьціны, як Курапаты і іншыя месцы расстрэлаў, прысьвяціць яго малітве за шматлікіх вернікаў і сьвятароў, што бязьвінна загінулі ў часы бальшавіцкага тэрору і змаганьня з рэлігіяй.

Ігар Бараноўскі
Фота аўтара.
Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
28.02.2017
Пра Курапаты
11.07.2013
Урачыстасьці ў грэка-католікаў Берасьця
27.11.2012
Апостальскі нунцый у Берасьці сустрэўся з грэка-католікамі
04.07.2012
Сьвята Еднасьці пад апекай Маці Божай Берасьцейскай