Пошук
Архіў навін
13.11.2015
Біскуп Станеўскі: «Сьвяты Язафат клапаціўся аб еднасьці паміж братамі-славянамі»
 
12 лістапада 2015 году разам з усёй Каталіцкай Царквой вернікі рыма-каталіцкай парафіі Найсьвяцейшага Сэрца Ісуса і сьв. Язафата Кунцэвіча, біскупа і мучаніка, у Заневічах (Гарадзенская дыяцэзія) дзякавалі Богу за дар сьв. Язафата, які зьяўляецца апекуном гэтай парафіі з часу яе заснаваньня ў 1917 годзе — паведамляе Catholic.by.
 
Урачыстасьць узначаліў дапаможны біскуп Гарадзенскай дыяцэзіі Юзаф Станеўскі, які паходзіць з гэтай парафіі пад Горадняй. У парафіяльным сьвяце ў гонар сьв. Язафата ў Заневічах прынялі ўдзел сьвятары Бераставіцкага дэканату і выкладчыкі Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Горадні.
 
Як адзначае Catholic.by, зьвяртаючыся да шматлікіх прысутных вернікаў, рыма-каталіцкі ярарх падзякаваў Божаму Провіду за дар сьвятога Язафата, апекуна парафіі і апостала паяднаньня вызнаўцаў Хрыстовага Евангельля. Біскуп дадаў, што ўмацаваньнем закліку Хрыста на Апошняй Вячэры «каб усе былі адно» зьяўляецца кроў мучанікаў. Паводле словаў біскупа, у XVII стагоддзі гэты Хрыстовы заклік рэалізаваў на нашых землях сьвяты Язафат, які клапаціўся аб еднасьці паміж братамі-славянамі, якія кормяцца хлебам з адной нівы і наталяюць смагу вадой з аднаго вытоку ракі.
 
Уладыка Юзаф папрасіў вернікаў, каб яны ў сваіх сем’ях, на месцах працы ці вучобы абвяшчалі еднасьць і сьведчылі пра разнастайнасьць у Каталіцкай Царкве.
 
Ярарх заахвоціў вернікаў па прыкладзе сьв. Язафата быць у сучасным сьвеце тым зачынам, які не зьнішчае і не адкідае адметнасьць, але імкнецца зразумець, ацаніць належным чынам погляды іншых і далікатна паказвае «радасьць Хрыстовага Евангельля», якой жыве сам.
 
Прэфект семінарыі ў Горадні кс. Андрэй Лішко ў гаміліі зьвярнуў увагу на асабовыя якасьці св. Язафата. Сьвятар заклікаў вернікаў дбаць аб сваёй душы, сьвятыні Духа Святога, з запалам і рашучасьцю, не паддаючыся спакусам сьвету, а таксама па прыкладзе сьв. Язафата дбаць аб збаўленьні іншых, быць, як ён, «душахватам», значыць здабываць іншых людзей для Хрыста.
 
На заканчэньне пробашч парафіі ў Заневічах кс. Валеры Быкоўскі падзякаваў парафіянам за прыклад веры і захаваньне вернасьці традыцыі бацькоў.
 
Урачыстасьць у гонар сьв. Язафата, апостала еднасьці, завяршылася гімнам «Цябе, Божа, праслаўляем».
 
Гл. таксама:
08.07.2014
Полацкая трагедыя 1705 году
04.12.2013
Пілігрымка беларускіх грэка-католікаў у Рым
30.11.2013
Першаярарх УГКЦ адслужыў Боскую Літургію на галоўным алтары ў базыліцы Сьвятога Пятра
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
25.11.2010
Урачыстасьці ў гонар сьв. Язафата ў Любліне ўзначаліў Апостальскі візітатар БГКЦ