Пошук
Архіў навін
17.11.2015
Беларускія пілігрымы на ўрачыстасьці ў гонар сьв. Язафата ў Ватыкане
 
Дэлегацыя сьвятароў і вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкая Царквы 12 лістапада 2015 году прыняла ўдзел у сьвяткаваньні памяці сьвятамучаніка Язафата ў Рыме — паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
 
Узначальваў сьвяткаваньне ў Ватыкане архібіскуп Цырыл Васіль, SJ.
Успамін сьвятамучаніка Язафата, архібіскупа Полацкага, уся Каталіцкая Царква адзначае 12 лістапада — у дзень, калі ён прыняў мучаніцкую сьмерць у 1623 годзе ў Віцебску ад рук разьюшанага натоўпу. Сёлета ў гэты дзень дэлегацыя БГКЦ прыняла ўдзел ва ўрачыстай Боскай Літургіі ў візантыйскім абрадзе, якая правілася ў базыліцы сьв. Пятра ў Ватыкане.
 
Урачыстасьці ўзначаліў архібіскуп Цырыл Васіль, SJ, Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў. Разам з ім Боскую Літургію пры алтары сьв. Васіля Вялікага, дзе сёньня захоўваюцца мошчы сьвятога Язафата, саслужылі ярархі Славацкай Грэка-Каталіцкай Царквы (мітрапаліт Прэшаўскі Ян Бабяк, SJ, біскуп Кошыцкі Мілан Хаўтур, CSsR, і біскуп Браціслаўскі Петэр Руснак), якія прыбылі ў Ватыкан з візітам «Ad limina», біскуп украінскай япархіі ў Лондане Глеб Ланчына, СУ, дапаможны біскуп Тарнопальска-Збораўскай архіяпархіі УГКЦ Теадор Мартынюк, СУ, а таксама прадстаўнікі беларускага грэка-каталіцкага духавенства — Апостальскі Візітатар БГКЦ архімандыт Сяргей Гаек і ераманах Лявонці Тумоўскі.
Грэка-каталіцкія сьвятары, што бралі ўдзел у сьвяткаваньні дня памяці сьв. Язафата ў Ватыкане.
Літургію саслужылі таксама сьвятары з Галоўнай Управы Базыльянскага Чыну сьв. Язафата, з рэктарату Ўкраінскай Папскай калегіі сьв. Язафата ў Рыме, усяго — каля паўсотні сьвятароў з Украіны, Славакіі, Беларусі, Расеі, Харватыі, Бразіліі, Вялікабрытаніі, Італіі (некаторыя лацінскага абраду).
 
Казаньне на італійскай мове прамовіў на ўрачыстай багаслужбе ў гонар сьв. Язафата архібіскуп Цырыл Васіль.
 
«Кожны ўспамін пра мучанікаў зьяўляецца нагодаю, каб прыгадаць сабе пра пэўныя важныя паняцьці нашай веры, сярод якіх і паняцьце мучаніцтва», — цытуе словы з казаньня Ўладыкі Кірылы (Васіля) Украінская служба Радыё Ватыкану. Мучаніцтва зьвязанае з паняцьцем барацьбы, што ўзгадваецца ў кантэксьце духоўнага жыцьця. Хрысьціянін павінен быць гатовым адказаць на Божы покліч, як падданы на заклік свайго ўладара, і быць гатовым разьдзяліць з ім цяжкасьці паходу і радасьць перамогі, падкрэсьліў ватыканскі ярарх.
 
Юнак Іван Кунцэвіч, паводле словаў прапаведніка, прыняў запрашэньне Нябеснага Ўладара, каб «насьледаваць Хрыста, разьдзяліць усё тое, што Сам Хрыстос перанёс, а Госпад даў яму ласку прайсьці аж да канца той шлях, які прайшоў Хрыстос».
 
Як бы гэта парадаксальна не гучала, заўважыў Уладыка Кірыла, у духоўнай барацьбе найвышэйшую перамогу атрымліваеш тады, калі ўсё страчваеш. «Мучанікам ёсьць ня той, хто шукае сьмерці. Мучанік ведае свае слабасьці, баіцца сьмерці і пакутаў. Але перад іх абліччам кажа: “Хоць я слабы і адчуваю сябе няздатным, аднак, не магу адступіць”», — сказаў ярарх. Ён таксама дадаў, што барацьба, якую пакліканыя весьці хрысьціяне — гэта, перш за ўсё, барацьба з самім сабою, з недахопамі і дробязнасьцю, у рэшце рэшт, «супраць нябачных ворагаў і супраць страху перад сьмерцю», бо мы верым, што «Хрыстос Сваёй сьмерцю перамог сьмерць». «Мучанікі, — дадаў Уладыка Кірыла, — зьяўляюцца ўзорам гэтай веры і гэтай адвагі».
 
Падчас малітвы ля мошчаў сьвятамучаніка Язафата Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскуп Цырыл Васіль адмыслова прывітаў групу грэка-каталіцкіх пілігрымаў з Беларусі. Зьвяртаючыся да іх па-беларуску, ватыканскі ярарах сказаў: «На гэтым месцы, ля мошчаў сьвятамучаніка Язафата — архібіскупа Полацкага, хачу сёньня сардэчна прывітаць вернікаў з Беларусі, якія моляцца разам з намі». Уладыка Кірыла (Васіль) затым нагадаў, што «50 гадоў таму, падчас Другога Ватыканскага Сабору, рашэньнем сьвятога папы Яна ХХІІІ, тут, у базыліцы сьв. Пятра, былі ўскладзеныя мошчы сьв. Язафата, які на Беларускай зямлі, у Віцебску, прыняў вянец мучаніцтва». Ён адзначыў таксама, што ўдзел у той урачыстасьці браў беларускі грэка-каталіцкі біскуп Чэслаў Сіповіч, 100-годдзе нараджэньня якога адзначалася ў мінулым годзе. Зьвяртаючыся да Апостальскага Візітатара БГКЦ Архім. Сяргея (Гаека), Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў сказаў:
«Жадаю перадаць дар нашай братэрскай малітвы і словы нашай духоўнай салідарнасьці для ўсіх вернікаў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі і ў замежжы. Няхай у Юбілейным Годзе Міласэрнасьці, праз малітвы сьвятамучаніка Язафата, Госпад шчодра адорыць вас усіх шматлікімі ласкамі. Няхай дае вам дар мужна ды плённа абвяшчаць Евангельле радасьці і міласэрнасьці».
 
Фота Беларускай і Ўкраінскай рэдакцыяў Ватыканскага радыё.
 
***
 
Сьвятыя мошчы Язафата ў базыліцы сьв. Пятра.
Сьвяты Язафат
(Іван Кунцэвіч, 1580—12.11.1623), архібіскуп Полацкі, біскуп Віцебскі і Мсьціслаўскі, загінуў мучаніцкай сьмерцю ў Віцебску ў 1623 годзе. Як сьведчаць судовыя дакументы, забойцы двума ўдарамі бердыша расьсеклі Ўладыку Язафату галаву, а потым доўга нявечылі яго і пасьля сьмерці. Цела біскупа скінулі з Прачысьценскай гары, а затым, прывязаўшы да ног і шыі цяжкія камяні і насыпаўшы каменьня ў валасяніцу, утапілі ў Дзьвіне. Апроч таго, забойцы разрабавалі біскупскі палац, уніяцкія цэрквы і манастыры ды іншую маёмасьць у горадзе. Пасьля гэтай трагедыі ў Віцебску многія прадстаўнікі шляхты і простыя людзі, раней варожыя да Уніі, зьмянілі да яе сваё стаўленьне. Каралеўскія камісары, што праводзілі расьсьледаваньне забойства Язафата Кунцэвіча, прызналі праўдзівымі паказаньні сьведкаў пра тое, што біскуп быў забіты бязьвінна, і што забойцы ня мелі аніякіх падставаў для такога жорсткага злачынства.
 
Цела архібіскупа Язафата пасьля ўрачыстага адпяваньня пахавалі ў ягонай катэдры сьв. Сафіі ў Полацку, але пазьней яго мошчы неаднаразова даводзілася таемна перавозіць па ўсёй Беларусі і за яе межамі, каб захаваць ад зьнішчэньня расейскімі войскамі. Яго мошчы з 1764 году былі схаваныя ў ва ўладаньнях Радзівілаў у Белай на Падляшшы. У 1916 годзе яны былі адшуканыя там у манастыры базыльянаў і затым перавезеныя ў Вену, а потым – у Ватыкан. У 1964 годзе мошчы сьв. Язафата былі перанесеныя ў базыліку сьв. Пятра, дзе і сёньня захоўваюцца ды ўшаноўваюцца католікамі розных абрадаў з усяго сьвету.
Сьвятыя мошчы Язафата ў базыліцы сьв. Пятра.

 
Гл. таксама:
09.03.2017
Вярхоўны архібіскуп УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук: я ня ведаю, чаму Ватыкан не дае біскупа грэка-католікам у Беларусі, я дзіўлюся гэтаму
06.12.2016
У Берасьці падчас сьвята парафіі ў 420-ыя ўгодкі Уніі асьвяцілі крыж на каплічцы
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
04.05.2012
У Беларусь прыедзе Сакратар Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
23.12.2011
Гісторыя адраджэньня Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі