Пошук
Архіў навін
26.11.2015
Кніга пра ўніяцкіх сьвятароў Беларусі перададзеная Рымскаму Архірэю
 
Падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане 11 лістапада 2015 году, напярэдадні ўрачыстасьцяў у гонар сьв. Язафата, Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек прэзентаваў Сьвятому Айцу Францішку кнігу намесьніка дырэктара Нацыянальнага архіву Беларусі Дзяніса Лісейчыкава «Сьвятар у беларускім соцыюме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596-1839 гг.».
 
Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек уручае кнігу пра ўніяцкіх сьвятароў Д. Лісейчыкава Папе Францішку.
У гэтай аб’ёмнай манаграфіі на 720 старонках сабраныя амаль 8,5 тыс. біяграфіяў прадстаўнікоў беларускага ўніяцкага духавенства.
 
10-14 лістапада 2015 году ў Рыме адбыліся Студыйныя дні, прысьвечаныя прасапаграфіі ўніяцкага духавенства на беларускіх землях у XVI–XIX ст., паведамляе сайт Svjazep.org, і сам аўтар гэтай фундаментальнай працы — кандыдат гістарычных навук Дзяніс Лісейчыкаў, браў у іх удзел.
 
Цягам гэтых дзён у Рыме адбыліся сустрэчы і размовы з Сакратаром Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў архібіскупам Цырылам Васілём, SJ, дырэктарам Архіву Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў у Ватыкане д-рам Джанпаўла Рыгоцьці, дырэктарам Генеральнага Архіву Ордэну Базыльянаў у Рыме а. Парфірам Підручным, а таксама з генеральным архіварыюсам Кангрэгацыі Айцоў Марыянаў у Рыме Вальдэмарам Карпуком.
 
Падчас сустрэчаў намесьнік дырэктара Нацыянальнага архіву Беларусі Дзяніс Лісейчыкаў распавёў пра дасьледаваньні, якія праводзяцца Нацыянальным гістарычным архівам Беларусі ў вобласьці вывучэньня дакументальнай спадчыны Ўніяцкай Царквы, а таксама прадставіў сваю кнігу «Сьвятар у беларускім соцыюме: прасапаграфія ўніяцкага духавенства 1596-1839 гг.».
Дзяніс Лісейчыкаў (2-і справа) і Архім. Сяргей (Гаек) падчас сустрэчаў у Рыме.
У сваёй грунтоўнай манаграфіі аўтар разглядае гісторыю фармаваньня і затым страты сацыяльнага пласта ўніяцкага духавенства беларускіх зямель у XVI–XIX стст.
 
У аснову свайго дасьледаваньня Дзяніс Лісейчыкаў паклаў метад прасапаграфіі — стварэньня калектыўных біяграфіяў. Ён абагульніў шматлікія раскіданыя па розных архівах зьвесткі пра розных уніяцкіх сьвятароў і паспрабаваў выдзяліць калектыўную нормы для супольнасьці, якую складала беларускае ўніяцкае духавенства. Апублікаваныя ў манаграфіі Дзяніса Лісейчыкава біяграфічныя артыкулы ўтрымліваюць інфармацыю пра жыцьцё і дзейнасьць 8480 прадстаўнікоў уніяцкага духавенства ў 1826 парафіях. Для напісаньня працы ім былі выкарыстаныя дакументы і матэрыялы з архівасховішчаў Беларусі, Расеі, Літвы, Польшчы і Латвіі.
 
Якое б не было стаўленьне да Уніі, добрае ці крытычнае, але гэта ёсьць частка нашай гісторыі, якая ў тым ліку паўплывала на станаўленьне беларусаў, якімі яны ёсьць сёньня, з сваімі плюсамі і мінусамі, — лічыць Дзяніс Лісейчыкаў.
Гл. таксама:
22.09.2018
Архімандрыт Сяргей (Гаек) пра чаканьні беларусаў ад сустрэчы з Папам у краінах Балтыі
19.08.2015
Хруцкія: уніяцкі сьвятарскі род полацкай япархіі
29.06.2015
Беларуская эліта — з сем’яў уніяцкіх сьвятароў
12.07.2014
Кампанія Ватыкану за мір і твіт Папы з нагоды завяршэньня Чэмпіянату сьвету па футболе
10.07.2014
Папа — ахвярам сэксуальнага злоўжываньня духавенства: “Прашу прабачэньня і плачу разам з вамі”