Пошук
Архіў навін
05.12.2015
У Любліне высьвячаны новы дыякан для БГКЦ
 
29 лістапада 2015 году ў Любліне падчас сьвяточнай архірэйскай літургіі з нагоды сьвята ў гонар сьвятамучаніка Язафата быў высьвячаны на грэка-каталіцкага дыякана беларус Аляксандар Хахлоў з Менску.
 
Урачыстую Боскую Літургію ў люблінскай грэка-каталіцкай царкве Нараджэньня Багародзіцы ўзначальваў архібіскуп-намінат Перамышальска-Варшаўскай грэка-каталіцкай мітраполіі Ўладыка Яўген Паповіч. Разам з ім саслужылі рыма-каталіцкі дапаможны біскуп Люблінскі Мечыслаў Цісла, Апостальскі Візітатар для беларускіх грэка-католікаў Архімандрыт Сяргей (Гаек), а таксама шматлікія сьвятары з Польшчы, Беларусі і Ўкраіны.
 
Прысутныя на літургіі ў люблінскай грэка-каталіцкай парафіі шматлікія вернікі ўзялі ўдзел у водпусьце з нагоды сьвята Язафата, архібіскупа Полацкага. Сярод іх была і група беларускіх грэка-католікаў разам з сьвятармі а. Зьмітром Грышанам з Віцебску і дыяканам Вячаславам Гарчаковым з Івацэвічаў.
 
Уладыка Яўген (Паповіч) вітае новага дыякана БГКЦ Алеся Хахлова.
Падчас архірэйскай Службы Божай менаваны 7 лістапада 2015 году Папам Рымскім Францішкам новы мітрапаліт Перамышальска-Варшаўскі Ўладыка Яўген (Паповіч) на просьбу Апостальскага Візітатара БГКЦ Архімандрыта Сяргея (Гаека) ўдзяліў сьвячаньні дыяканату кандыдату на сьвятарства з Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Аляксандру Хахлову. Удзельнікі ўрачыстай архірэйскай багаслужбы з трох славянскіх краінаў — Польшчы, Беларусі і Ўкраіны — разам памаліліся ў гэты дзень таксама за ахвяраў Галадамору, які быў выкліканы бальшавіцкай палітыкай ва Ўкраіне ў 1932-1933 гг.
 
Пасьля заканчэньня літургічнай часткі сьвяткаваньняў вернікі і духавенства мелі брацкую агапу ў суседняй Сядзібе Касьшюшкаў, што знаходзіцца на тэрыторыі Батанічнага саду Ўніверсітэту Марыі Кюры-Складоўскай у Любліне.
 
Варта адзначыць, што новапрызначаны архібіскуп-мітрапаліт Яўген Паповіч (1961 г. нар., паходзіць з украінскай грэка-каталіцкай сям’і, што жыла ў Члухаве ў паўночна-заходняй Польшчы), які высьвяціў новага дыякана для БГКЦ, даўно добра знаёмы з Апостальскім Візітатарам беларускіх грэка-католікаў і шмат дапамагае адраджэньню грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі. Калі ў 1981 годзе ён паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю ў Любліне і навучаўся ў Люблінскім каталіцкім універсітэце, быў тады студэнтам а. д-ра Сяргея Гаека. Таксама сёлета, 14 чэрвеня 2015 году, Уладыка Яўген (Паповіч) у каталіцкай парафіі візантыйска-славянскага абраду ў Кастамлотах (Польшча) рукапаклаў у сьвятары для Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы дыякана Аляксея Філіпенку з Менску.
 
Новы дыякан Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Алесь Хахлоў паходзіць з грэка-каталіцкай парафіі ў Віцебску. Нарадзіўся 1 ліпеня 1982 году. Жанаты, мае дачку. Цяпер жыве і працуе ў Менску. Навучаўся ва Ўкраіне ў Івана-Франкоўскай грэка-каталіцкай духоўнай семінарыі імя сьвятамучаніка Язафата, а таксама ў рыма-каталіцкай Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Драгічыне (Польшча).
 
Фота Януша Кавальчыка, Parafia Greckokatolicka w Lublinie.
Гл. таксама:
12.04.2017
Апостальскі Візітатар БГКЦ пра найбліжэйшыя царкоўныя планы і задачы
21.09.2014
Сьвяткаваньні ў гонар сьвятога Язафата Кунцэвіча
13.09.2014
Славацкі біскуп пра БГКЦ: гэтая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял
25.11.2010
Урачыстасьці ў гонар сьв. Язафата ў Любліне ўзначаліў Апостальскі візітатар БГКЦ
01.09.2009
Новыя душпастыры ў сталічнай парафіі