Пошук
Навіны
07.12.2015
Папа Францішак: бяз просьбы аб прабачэньні шлях да еднасьці немагчымы
 
50-ыя ўгодкі знакавай падзеі ў гісторыі каталіцка-праваслаўных стасункаў прыгадаў Сьвяты Айцец Францішак 6 сьнежня 2015 году пасьля нядзельнай малітвы «Анёл Гасподні», паведамляе Ватыканскае Радыё.
 
Сьвяты Айцец Францішак.
7 сьнежня 1965 году, напярэдадні завяршэньня Другога Ватыканскага сабору, адбылося гістарычнае спатканьне папы Паўла VI і патрыярха Канстанцінопальскага Атэнагора. Каталіцкі і праваслаўны першаярархі падпісалі тады сумесную дэкларацыю, у якой яны адмянілі даўнія ўзаемныя экскамунікі і далі пачатак актыўнаму зьбліжэньню паміж Каталіцкай і Праваслаўнай Царквой.
 
«Гэта сапраўды ёсьць Божы провід, што той гістарычны жэст прымірэньня, які стварыў перадумовы для новага дыялогу паміж праваслаўнымі і католікамі ў любові і праўдзе, узгадваецца ўласна на пачатку Юбілею Міласэрнасьці», — адзначыў Папа Францішак.
 
Рымскі Архірэй заклікаў вернікаў, каб узгадалі ў сваіх малітвах таксама і зьверхнікаў праваслаўных Цэркваў: «Не існуе сапраўднага шляху да еднасьці без просьбы аб прабачэньні, скіраванай да Бога і адзін да аднаго, за грэх падзелу. Памятайма ў нашых малітвах Ўсяленскага Патрыярха Барталамея і іншых зьверхнікаў праваслаўных Цэркваў. І будзем прасіць Госпада, каб стасункі паміж католікамі і праваслаўнымі заўсёды былі натхнёныя братэрскай любоўю».
 
Падзел Царквы ў 1054 годзе стаў адной з самых глыбокіх ранаў у гісторыі хрысьціянства. Яго вынікам сталі ўзаемныя абвінавачваньні, ізаляцыя, варожасьць і недавер, што на працягу амаль тысячы гадоў перашкаджалі плённа несьці сьвету евангельскае пасланьне. Сёньня, калі вядзецца экуменічны дыялог і ідзе працэс пераасэнсаваньня прычынаў гэтага трагічнага расколу, усе сыходзяцца на тым, што падзел быў вынікам, перш за ўсё, недахопу павагі і любові адзін да аднаго, асабістых амбіцыяў і няздольнасьці весьці дыялог.
 
Гістарычная сустрэча: папа Павел VI і патрыярх Атэнагор
Плёнам адмены ўзаемных анафемаў, зьнятых 50 гадоў таму папам Паўлам VI і патрыярхам Атэнагорам, стала традыцыя штогадовага абмену дэлегацыямі на важныя царкоўныя ўрачыстасьці. Праваслаўная дэлегацыя наведвае Рым ва ўрачыстасьць сьвятых Пятра і Паўла, а каталіцкая — Стамбул, сядзібу Канстанцінопальскага патрыярха, з нагоды ўрачыстасьці сьв. Андрэя Першапакліканага. Некалькі разоў дэлегацыі ўзначальвалі першаярархі абодвух Цэркваў: папа Ян Павел ІІ наведаў Стамбул у 1979 годзе, Бенядыкт XVI — у 2006 годзе, Рым неаднаразова наведвалі Канстанцінопальскія патрыярхі: Атэнагор, Дзімітры і Барталамей І.
Гл. таксама:
03.05.2017
Папа Францішак і копцкі праваслаўны патрыярх падпісалі сумесную дэкларацыю
26.01.2017
Любоў Хрыстова заахвочвае нас да прымірэньня
20.12.2015
Нясумны Папа, які любіць зьдзіўляць
25.09.2014
Уніі практыкаваліся ў гісторыі практычна ўсіх Цэркваў
25.10.2013
Навучаньне Папы Францішка: чаму Царква зьяўляецца апостальскай