Пошук
Архіў навін
13.12.2015
Дэкларацыя 25 артадаксальных рабінаў з нагоды 50-годдзя «Nostra Aetate»: хрысьціянства — плён Божай волі і дар для народаў
 
З нагоды 50-годдзі дэкларацыі II Ватыканскага сабору «Nostra Aetate» («Пра стаўленьне Царквы да нехрысьціянскіх рэлігіяў») група 25 ізраільскіх, еўрапейскіх і амерыканскіх артадаксальных рабінаў апублікавала сумесную заяву «Выконваючы волю нашага Нябеснага Айца: на шляху да супрацоўніцтва паміж габрэямі і хрысьціянамі».
 
Гэта ёсьць першая заява артадаксальных рабінаў пра дыялог і характар стасункаў паміж хрысьціянамі і габрэямі з часоў Другога Ватыканскага сабору, які адкрыў новы этап у адносінах з юдаізмам. У гэтай заяве яе аўтары неаднаразова спасылаюцца на вялікіх габрэйскіх рабінаў-настаўнікаў.
 
Адпраўной кропкай дакументу рабінаў зьяўляецца Халакост, кульмінацыя варожасьці паміж хрысьціянамі і габрэямі. Аглядаючыся назад, пішуць рабіны, мы разумеем, што «няздольнасьць выйсьці за межы пагарды і нежаданьне канструктыўнага дыялогу дзеля дабра чалавецтва аслабіла супраціў злым сілам антысемітызму, якія пагрузілі сьвет у забойствы і генацыд». Рабіны прызнаюць, што «з часоў Другога Ватыканскага сабору афіцыйная навука Каталіцкай Царквы пра юдаізм зьмянілася радыкальна і незваротна.
Малітва Папы Францішка ў Ерусаліме падчас візіту ў Сьвятую Зямлю ў траўні 2014 г.
Апублікаваньне «Nostra Aetate» пяцьдзясят гадоў таму адчыніла дзьверы працэсу прымірэньня паміж нашымі дзьвюма супольнасьцямі».
 
«Nostra Aetate» і пазьнейшыя дакументы Царквы адназначна сьведчаць пра непрыманьне любых формаў антысемітызму, адкідаюць абвінавачаньне ў богазабойстве, а таксама кажуць пра вечны запавет паміж Богам і габрэйскім народам, які Папа Ян Павел II называў «нашыя старэйшыя браты», а Папа Бенядыкт XVI — «нашыя бацькі ў веры». У прыватнасьці, рабіны выказваюць удзячнасьць за царкоўны погляд адносна выключнай ролі Ізраілю ў сьвятой гісторыі і ў справе канчатковага адкупленьня сьвету. «Сёньня габрэі адчуваюць шчырую любоў і павагу з боку многіх хрысьціянаў, што выявілася ў шматлікіх ініцыятывах па дыялогу, сустрэчах і канферэнцыях ва ўсім сьвеце».
 
Паводле артадаксальных рабінаў, у сьвятле вышэйсказанага габрэі павінны адказаць на пытаньне пра месца хрысьціянаў у персьпектыве Божага плану для ўсяго сьвету, да новага тэалагічнага погляду на супрацоўніцтва з хрысьціянамі. Як і найвыдатнейшыя габрэйскія філосафы і багасловы Сярэднявечча Майманід і Егуда Галеві, «мы прызнаём, што хрысьціянства — гэта не выпадковасьць і не памылка, але плён Божай волі і дар для народаў», — гаворыцца ў дакуменце. «Адасабляючы юдаізм і хрысьціянства, Бог пажадаў стварыць падзел паміж партнёрамі са значнымі багаслоўскімі адрозьненьнямі, але не падзел паміж ворагамі».
 
Адгэтуль гучыць заклік да новага багаслоўскага погляду на супрацоўніцтва з хрысьціянамі: «Цяпер, калі Каталіцкая Царква прызнала вечны Запавет паміж Богам і Ізраілем, мы, габрэі, можам прызнаць бесьперастанную канструктыўную вартасьць хрысьціянства ў якасьці нашага партнёра ў адкупленьні сьвету без якіх-небудзь засьцярогаў, што гэтае сумоўе можа прывесьці да злоўжываньняў у місіянерскіх мэтах. Як адзначана ў заяве двухбаковай камісіі Галоўнага Равінату Ізраілю і Сьвятога Пасаду пад кіраўніцтвам рабіна Шэар Яшува Коэна, “Мы ўжо ня ворагі, але адназначна партнёры ў фармуляваньні асноўных маральных каштоўнасцяў, неабходных для выжываньня і дабрабыту чалавецтва”. Ніхто з нас ня можа выканаць ускладзеную Богам місію ў гэтым сьвеце ў адзіночку».
 
Нагадваючы, што хрысьціяне і юдэі маюць больш агульнага, чым таго, што іх дзеліць, рабіны адзначаюць, што «супрацоўніцтва паміж намі ніяк не прымяншае адрозьненьняў, якія застаюцца паміж дзьвюма супольнасьцямі і дзьвюма рэлігіямі. Мы верым, што для абвяшчэньня Сваёй ісьціны Бог выкарыстоўвае многіх пасланцоў; мы пацьвярджаем асноватворныя этычныя абавязкі ўсіх людзей перад Богам, якіх юдаізм заўсёды навучаў праз ўніверсальны Ноеў запавет».
 
«Насьледуючы Бога, габрэі і хрысьціяне павінны быць прыкладам служэньня, безумоўнай любові і сьвятасьці, — пішуць напрыканцы сваёй дэкларацыі 25 рабінаў. — Мы ўсе створаны паводле сьвятога вобразу Бога; і габрэі, і хрысьціяне будуць заставацца вернымі Запавету, спаўняючы разам актыўную ролю ў адкупленьні сьвету».
 
Заклікаючы да супрацоўніцтва паміж габрэямі і хрысьціянамі для вырашэньня маральных і рэлігійных праблемаў нашага часу, аўтары заявы запрашаюць калегаў артадаксальных рабінаў таксама далучыцца да гэтае дамовы.
 
Паводле матэрыялаў Радыё Ватыкану.
Гл. таксама:
22.11.2014
Папа Францішак: пошук еднасьці хрысьціянаў застаецца прыярытэтам для Каталіцкай Царквы
20.09.2014
Маскоўскі патрыярхат заклікае багасловаў зноў абмеркаваць “праблему уніі”
16.09.2014
Прававы стан Уніяцкай Царквы ў Расейскай імперыі ў XIX ст. і эвалюцыя царскай палітыкі (ч. 2)
12.09.2014
Прававы стан Уніяцкай Царквы ў Расейскай імперыі ў XIX ст. і эвалюцыя царскай палітыкі (ч. 1)
05.08.2014
Кардынал Кох пра стан экуменічнага дыялогу і новыя выклікі для хрысьціянства