Пошук
Архіў навін
15.12.2015
Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці: «Я быў сьведкам вашага пошуку ўнутранай свабоды»
 
12 сьнежня 2015 году архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці адслужыў у архікатэдры ў Менску сьв. Імшу на разьвітаньне і ў знак падзякі за чатырохгадовае служэньне Апостальскім нунцыем у Беларусі. «Маліцеся за мяне, каб я мог быць пасланьнікам міру і паяднаньня», — папрасіў беларускіх вернікаў ярарх, якога Сьвяты Пасад накіраваў цяпер для служэньня ва Ўкраіну.
 
Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці.
На ўрачыстую сьв. Імшу ў архікатэдральным касьцёле імя Найсьвяцейшай Дзевы Марыі на разьвітаньне з архібіскупам Клаўдыё Гуджэроцьці сабраліся рыма-каталіцкія біскупы Беларусі, шматлікія вернікі, сьвятары і манахі, у тым ліку і прадстаўнікі Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы на чале з Апостальскім Візітатарам Архімандрытам Сяргеем (Гаекам). Прысутнічаў таксама прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы. Як адзначае Радыё Свабода, падзякаваць і разьвітацца з Апостальскім нунцыем, які завяршыў сваё служэньне ў Беларусі, прыйшлі таксама людзі, удзячныя яму ня толькі за ягонае духоўнае служэньне, але і за яго ўвагу і дапамогу ў розных грамадзка-палітычных сітуацыях.
 
На пачатку сьв. Імшы з вітальнай прамовай да Ўладыкі Клаўдзія (Гуджэроцьці) зьвярнуўся Мітрапаліт Менска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які рознабаковую і энэргічную працу нунцыя ў Беларусі параўнаў з духоўным цунамі, якое ўварвалася ў жыцьцё Каталіцкай Царквы нашай краіны і моцна яе ажывіла. Мітрапаліт Тадэвуш адзначыў здольнасьць ватыканскага ярарха вельмі добра чытаць знакі часу і своечасова на іх адказваць. Сярод заслугаў архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці ён назваў павелічэньне ўдвая колькасьці рыма-каталіцкіх бiскупаў у Беларусi, будаўніцтва Апостальскай нунцыятуры, спрыяньне ў рэгiстрацыi Тэалагiчнай акадэмii iмя сьв. Яна Паўла II i выдзяленьня зямлi пад яе будаўніцтва.
 
Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
«Вы палюбiлi беларускую культуру, мову i гiсторыю нашага народу, якi вельмi шмат цярпеў, але захаваў веру. Вельмi моцна перажывалi за лёс нашай краiны, клапацiлiся аб вырашэньні праблем, з якімі яна сустракаецца. Вам глыбока на сэрцы ляжаў яе мiжнародны імідж і Вы прыклалі шмат намаганьняў, каб яна займала годнае месца ў сьвеце. /.../ Напэўна, яшчэ шмат можна казаць пра дасягненбнi Касьцёлу за апошнiя некалькi гадоў i пра зьмену сацыяльна-палiтычнага клiмату як у нашай краiне, так i ў адносiнах да яе на мiжнароднай арэне. I ў гэтым працэсе Ваша роля зьяўляецца знакавай. Будучы дасьведчаным дыпламатам, Вы адначасова паказалi сябе як актыўны пастыр i проста чалавек, з якiм прыемна пагутарыць на розныя тэмы. З упэўненасьцю можна казаць, што Вы сталі адным з нас», — сказаў мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч.
 
Сваю разьвітальную сьв. Імшу архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці адправіў на беларускай мове. У гаміліі ярарх найперш выказаў шчырую падзяку біскупам, сьвятарам і простым вернікам за супольна пражытыя чатыры гады ў Беларусі і яшчэ раз падкрэсьліў сваю павагу, пашану і любоў да ўсяго беларускага народу.
 
«Гэта Бог просіць мяне пайсьці ў іншае месца голасам Папы, які пасылае служыць у суседнюю краіну. І толькі Бог ведае боль майго сэрца і ўспаміны, якія я маю, разьвітваючыся з Беларусьсю», — прызнаўся Ўладыка Клаўдзі (Гуджэроцьці), дадаючы, што яго сэрца поўніцца любоўю і ўдзячнасьцю да ўсіх.
 
Ярарх заўважыў, што на працягу чатырох гадоў служэньня ў Беларусі ён быў сьведкам духоўнага ўзрастаньня народу. «Я адчуваў цеплыню вашых сэрцаў і вашае прагненьне захаваць мір, а таксама прагненьне служыць Богу ў супакоі», — сказаў архібіскуп.
 
Значную частку сваёй прамовы ярарх прысьвяціў значэньню свабоды ў жыцьці людзей.
 
«Сапраўдная свабода пачынаецца ў сэрцы, і я быў сьведкам вашага пошуку ўнутранай свабоды. Свабода зьнешняя — знак праяўленьня свабоды ўнутранай. І мы шукаем паўсюднай свабоды чалавека на зямлі. Аднак, калі мы змагаемся толькі за сваю ўласную свабоду, то мы змагаемся за ўласны эгаізм.
 
Мы ўсе зьяўляемся слугамі на дарозе да свабоды, найперш свабоды ў адносінах з Богам. Мы слугі Божай свабоды. Свабоды Бога, Які любіць свой народ і за яго памірае на крыжы. Гэта свабода ад ідалаў і маніпуляцый, незалежна ад таго, адкуль яны паходзяць. Свабода будаваць, а не свабода разбураць. Гэта свабода для ўсяго майго народу, а ня толькі для мяне, не купленая за грошы і моцай улады. Гэта свабода быць слугой свайго народу. Шукайце яе, маліцеся аб свабодзе для свайго народу», — цытуе заклік ватыканскага ярарха Catholic.by.
 
Уладыка Клаўдзі заахвоціў беларусаў жыць так, каб «было вялікім шчасьцем сустракаць адзін аднаго і дзяліцца сабою з іншымі»; заклікаў маліцца аб свабодзе,
Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці з Апостальскім Візітатарам беларускіх грэка-католікаў архім. Сяргеем Гаекам.
якую нельга зламаць, якая запісаная ў сэрцы чалавека, і якую ніхто ня зможа скрасьці, хоць і былі ў гісторыя такія спробы праз разбурэньне Царквы, разбурэньне супольнасьці вернікаў.
 
І ў нашыя дні, адзначыў архібіскуп Гуджэроцьці, небясьпекаў ня стала менш, і вораг, які заахвоціў Еву зьесці забаронены плод, вельмі хітры і нябачны, спакушае зьесці тое, што, як здаецца, зробіць людзей шчасьлівымі, але насамрэч скіне на ўзбочыну дарогі, дзе ўсё жыцьцё будзе страчана.
 
Catholic.by адзначае таксама словы ярарха з заклікам ня быць крывадушнымі фарысеямі, якія звонку выглядаюць беззаганнымі, а ўнутры падобныя да гнілога яблыка. Пры гэтым ён заклікаў асьцерагацца быць тымі, хто забіў сваю ўласную свабоду і хоча забіць яшчэ і свабоду іншых.
 
«Дарагія сьвятары, і гэтая небясьпека ў першую чаргу пагражае нам! — сказаў архібіскуп. — Ня трэба быць прыгожымі толькі звонку, а ўнутры быць поўнымі мёртвых касьцей».
 
Ватыканскі ярарх нагадаў, што Год міласэрнасьці, які распачаўся ў Каталіцкай Царкве, — гэта час міласэрнасьці Бога да людзей. «Але, каб атрымаць гэтую міласэрнасьць, трэба найперш прызнаць уласны грэх, не апранаць яго ў адзеньне цноты».
 
«У гэты момант я дзякую Богу за дар блізкасьці кожнага з вас», — сказаў архібіскуп. Таксама Ўладыка Клаўдзі падзякаваў Маці Божай, нябачную руку якой «далікатна адчуваў у сваім жыцьці». Ён паведаміў, што прыватна наведае нацыянальны санктуарыюм Маці Божай у Будславе, як зрабіў гэта на самым пачатку свайго служэньня ў Беларусі, каб памаліцца ў цішы.
 
Ватыканскі ярарх падзякаваў усім біскупам, з якімі было пройдзена шмат цяжкіх і вельмі радасных і глыбокіх момантаў, і назваў іх носьбітамі беларускай культуры, якім увесь час трэба ісьці наперад, каб не губляць духоўнай дынамікі.
 
Біскупскае адзеньне ярарх параўнаў з адзеньнем пілігрыма, а рукі біскупаў — з рукамі самога Бога — піша Catholic.by, а таксама параіў біскупам, каб «той момант, калі гэтыя рукі будуць цалаваць людзі, вырываў іх у тую прастору, дзе жыве і пакутуе гэты народ».
 
Дзякуючы біскупам за ўсё, што яны робяць, архібіскуп Гуджэроцьці дадаў, што «рабіць можна заўсёды яшчэ больш».
 
Разьвітальная сьв. Імша нунцыя ў менскай архікатэдры.
Да сьвятароў ярарх зьвярнуўся з заклікам рыхтаваць якасныя гаміліі для сваіх вернікаў, тэксты якіх ня трэба шукаць у інтэрнэце, але трэба заўважаць у вачах тых людзей, якія прыйшлі да алтара, каб паслухаць.
 
«Будзьце ўважлівыя, гэты народ не прызвычаены, каб пратэставаць. Гэтыя людзі не спытаюцца, чаму вы прыйшлі непадрыхтаванымі; гэтыя людзі зробяць толькі адно — адыдуць і больш ня вернуцца, асабліва моладзь. І калісьці Бог у вас запытае пра кожнага чалавека, які выйшаў з сьвятыні і больш у яе не вярнуўся», — сказаў архібіскуп.
 
Ён таксама зьвярнуўся да прадстаўнікоў манаскіх супольнасьцяў, заклікаючы, каб кожная з іх прынесла сваю фарбу, свае дары, дзеля якіх і была заснаваная.
 
Зьвяртаючыся да сьвецкіх вернікаў, Уладыка Клаўдзі пажадаў, каб іх было яшчэ больш: «Бо Касьцёл — гэта ня ўласнасьць ксяндзоў і манахаў, гэта ваш Касьцёл. Гэта ваш Касьцёл, калі вы моліцеся разам з сьвятарамі. Гэта ваш Касьцёл, калі вы пакліканыя служыць яму. Вы — рукі Хрыста. Фінансы Касьцёлу — гэта ваша адказнасьць, а не адказнасьць сьвятароў. Вы павінны разам з сьвятарамі займацца фінансамі ў Касьцёле і дапамагаць сьвятарам зразумець, што фінансы ў Касьцёле належаць усім, як і міласэрнасьць».
 
Таксама Апостальскі нунцый падзякаваў вернікам, якімі была запоўнена катэдра, і ўсім вернікам Беларусі, якіх заклікаў: «Пакажыце іншым, наколькі прыгожа быць веруючым чалавекам!»
 
Беларускія дзеці дзякуюць Апостальскаму нунцыю архібіскупу Клаўдыё Гуджэроцьці за яго служэньне ў Беларусі.
Асаблівую падзяку ад ярарха заслужылі бабулі Беларусі, якія вытрывалі ў свой час сапраўднае пекла: «Я вам дзякую ад імя вашых унукаў, якіх вы вучыце, што ў жыцьці патрэбна шчасьце, моц і рашучасьць».
 
Усяму беларускаму народу Ўладыка Клаўдзі падзякаваў за лагоднае сэрца: «Я дзякую, бо гісторыя пакутаў гэтага народу — як і гісторыя Жанчыны, якая стаіць пад крыжам у момант сьмерці Хрыста: яна даручана Яму, а Ён даручаны Ёй».
 
Каб паказаць прыгажосьць веры, ватыканскі ярарх абраў радкі з вершу Рыгора Барадуліна «Даць вырасьці…» са зборніка «Ксты»:
 
«Нялёгкая праца,
Нялёгкаадольная праца —
Страх у сабе зьнябыць.
Бога ня трэба баяцца —
Бога трэба любіць».
 
Прадстаўнік Папы выказаў падзяку ўсім, хто быў побач з ім увесь гэты час.
 
Напрыканцы ён падзякаваў беларускім краявідам з прыгожымі лясамі, палямі і кветкамі ды азёрамі: «Гэта дзякуючы прыродзе я змог зразумець, хто вы такія. І гэта з беларускай прыроды вырастаюць прыгожыя сьвятыні, як працяг яе прыгажосьці».
 
Таксама архібіскуп папрасіў прабачэньня: «Прашу прабачэньня за ўсе памылкі, недахопы любові, за недахоп таго нунцыя, якога вы шукалі і не знайшлі. Маліцеся, каб я жыў пастаянным навяртаньнем, якім зьяўляецца жыцьцё чалавека.
 
Я вас палюбіў і для мяне гонар адчуваць сябе адным з вас!.. Прашу аб адным, моладзь і ня толькі моладзь, не чакайце, каб сказаць, што вы любіце, гэта ня слабасьць — любіць іншага чалавека. Дазвольце любові свабодна хадзіць па вашых вуліцах».
 
Уладыка Клаўдзі папрасіў аб малітве за яго: «Маліцеся, каб я мог быць пасланьнікам міру і паяднаньня, каб мог несьці любоў Бога і Папы Францішка… Маліцеся за вашых братоў ва Ўкраіне… Любіце Бога, любіце адзін аднаго і любіце жыцьцё».
 
На разьвітаньне архібіскупу Гуджэроцьці падарылі букет з блакітных васількоў, карціну з выявай абраза Маці Божай Будслаўскай і плед з ільну. Апошні падарунак уручалі з пажаданьнем, каб пад пледам прадстаўніку Папы ва Ўкраіне сьніліся беларускія сны.
 
Прадстаўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы протаярэй Аляксандр Шымбалёў, зьвяртаючыся да архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцьці, назваў яго чалавекам Адраджэньня, чалавекам культуры, які аб’ядноўвае і Захад, і Ўсход.
 
Напрыканцы разьвітальнай урачыстасьці мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч сказаў архібіскупу Гуджэроцьці: «Хаця Вашае служэньне завяршаецца, аднак Ваш прыклад застаецца, i ён будзе заклiкаць нас не задавальняцца дасягнутым, але iмкнуцца наперад. Вы пакінулi на нашай зямлi трывалы сьлед сваёй непахiснай веры i надзеi, што з Божай дапамогай магчыма немагчымае. Вы таксама пакінулi сьлед вялiкай любовi да нашай Бацькаўшчыны. Шчыры Вам дзякуй за ўсё i няхай Вам будзе добра ва Украiне».
 
Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцьці паведаміў, што ўрачыстую імшу на сьвята Нараджэньня Хрыстова ён адправіць у рыма-каталіцкай парафіі ў Львове. Затым у Кіеве адправіць сьвяточную Боскую Літургію з украінскімі грэка-каталікамі. Таксама падчас калядных сьвятаў ён плануе прыехаць у Беларусь, каб падзяліцца аплаткам і скласьці сьвяточныя віншаваньні вернікам у Магілёве і Горадні.
 
Фота Аляксандры Шчыглінскай, Catholic.by.
Гл. таксама:
09.04.2018
Моладзь і рэлігія
31.12.2015
Нунцый Клаўдыё Гуджэроцьці: Папа папрасіў мяне быць знакам суцяшэньня для ўкраінцаў
06.12.2015
Клаўдыё Гуджэроцьці: «Усім я жадаю свабоды мараў і веры ў тое, што няма нічога немагчымага»
14.05.2012
Прадстаўнік Сьвятога Айца ўзначаліў паніхіду ў Хатыні
12.10.2011
У Беларусі распачынае служэньне новы Апостальскі нунцый