Пошук
Архіў навін
24.01.2016
Архімандрыт Сяргей Гаек: трэба вучыць вернікаў, што ў Хрысьце мы ўсе сапраўды браты і сёстры
 
«Экуменізм стасуецца да еднасьці хрысьціянаў, а не да еднасьці Царквы. Адзіная, Сьвятая, Саборная і Апостальскай Царква існуе, але, на жаль, хрысьціяне падзеленыя», — адзначыў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек у каментары для Catholic.by з нагоды Тыдня малітваў за еднасьць хрысьціянаў, які з 18 па 25 студзеня праходзіў ва ўсім сьвеце.
 
Кіраўнік БГКЦ адзначыў, што Другі Ватыканскі Сабор у Дэкрэце аб экуменізьме экуменічны рух характарызуе як дзейнасць і ініцыятывы, якія «пакліканы садзейнічаць еднасьці хрысьціянаў, як, напрыклад, аб’ектыўнае ўзаемнае пазнаньне, а пазьней дыялог паміж належным чынам падрыхтаванымі прадстаўнікамі розных хрысьціянскіх канфесіяў».
 
Паводле словаў Архімандрыта Сяргея (Гаека), з часоў Другога Ватыканскага Сабору ў гэтым кірунку было зроблена вельмі шмат: разьвіваецца багаслоўскі дыялог паміж Цэрквамі і царкоўнымі супольнасьцямі, у тым ліку паміж праваслаўнымі і каталіцкімі Цэрквамі. І ў гэтым дыялогу сярод прадстаўнікоў Каталіцкай Царквы ўдзельнічаюць таксама і грэка-каталіцкія багасловы.
 
«Зразумела, што, акрамя багаслоўскага дыялогу, неабходныя практычны дыялог і практычнае супрацоўніцтва хрысьціянаў, дзе гэта магчыма, — дадае Апостальскі Візітатар. — Вядома, у цэнтры дыялогу павінны стаць асоба Ісуса Хрыста і Яго Евангельле, у сьвятле якога хрысьціяне павінны шукаць адказы і вырашэньні тэарэтычных і практычных праблемаў».
 
«Экуменізм зьяўляецца вельмі актуальным у сучасным сьвеце, — лічыць Архімандрыт Сяргей. — Хрысьціяне падзеленыя, але гэта супярэчыць волі Ісуса Хрыста. Насамрэч трэба пачаць ад прымірэньня паміж хрысьціянамі». Апостальскі Візітатар БГКЦ асабліва адзначыў служэньне вядомай Супольнасьці Тэзэ, якая, «як правіла, ня так шмат кажа пра экуменізм, як пра прымірэньне паміж хрысьціянамі».
 
У юбілейны Год міласэрнасьці пытаньне прымірэньня паміж хрысьціянамі зьяўляецца яшчэ больш актуальным, лічыць Апостальскі Візітатар грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. «За апошнія 25 гадоў у Беларусі было зроблена вельмі шмат на шляху разьвіцьця экуменічных адносінаў паміж хрысьціянамі розных канфесіяў. Насамрэч нават падчас ганеньняў на хрысьціянаў у СССР прадстаўнікі розных канфесіяў падтрымлівалі братэрскія адносіны і аказвалі адзін аднаму ўзаемную дапамогу».
 
Кажучы пра асобаў у беларускім хрысьціянстве, якія зрабілі ўклад у разьвіцьцё братэрскіх сувязяў, архім. Сяргей Гаек адзначыў: «У сітуацыі рэлігійнай свабоды кардынал Казімір Сьвёнтак і Мітрапаліт Філарэт зрабілі першыя адкрытыя крокі для стварэньня братэрскіх адносінаў паміж католікамі і праваслаўнымі і для супрацоўніцтва ў некаторых сферах рэлігійнага і грамадзкага жыцьця. За іх прыкладам рушылі ўсьлед іншыя ярархі і сьвятары. Вельмі шмат на гэтым шляху зрабілі біскуп Уладзіслаў Блін і мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч. Супрацоўніцтва датычыцца навуковай і сацыяльнай сфераў. Застаецца, аднак, духоўная сфера, дзе можна зрабіць значна больш».
 
Апостальскі Візітатар грэка-католікаў таксама заўважыў, што сёньня «часам ствараецца ўражаньне, што 25 гадоў таму ў Беларусі было лягчэй арганізаваць сумесную малітву католікаў і праваслаўных, чым сёньня». На яго думку назіраецца «ўмацаваньне канфесійных пазіцыяў», што ставіць пэўныя выклікі перад экуменізмам. Справа датычыць не абстрактных экуменічных тэорыяў, лічыць Архімандрыт Сяргей: «Напрыклад, застаецца адкрытым пытаньне аб тым, могуць каталіцка-праваслаўныя зьмяшаныя сем’і маліцца разам і ўзаемна наведваць храмы ці не».
 
«Менавіта таму міжканфесійны дыялог павінен прывесьці нас да ўсьведамленьня, што ў Ісусе Хрысьце мы сапраўды браты і сёстры, — сьцьвярджае архім. Сяргей Гаек. — І гэтаму трэба вучыць вернікаў, у тым ліку дзяцей і моладзь на катэхетычных занятках. У шматканфесійнай Беларусі гэта вельмі важна».
Гл. таксама:
24.12.2019
Ісус Хрыстос прыходзіць як Слова любові Бога да кожнага чалавека
19.11.2014
Архімандрыт Сяргей Гаек: Папа пажадаў грэка-католікам Беларусі асэнсаваць сваю спадчыну
06.07.2014
У Хайфе ўшанавалі памяць блаславёнага Мікалая (Чарнецкага)
29.06.2014
У Бэтлееме грэка-католікі маліліся за хрысьціянаў Беларусі
24.01.2011
Трэба маліцца і дзейнічаць, каб Бог учыніў нас здольнымі імкнуцца да еднасьці