Пошук
Архіў навін
14.03.2016
У 70-ыя ўгодкі Львоўскага псеўдасабору ярархі УГКЦ сустрэліся з Папам
 
З нагоды 70-й гадавіны Львоўскага псеўдасабору 1946 году Папа Францішак сутрэўся з сябрамі Пастаяннага Сіноду УГКЦ і накіраваў пасланьне на імя зьверхніка УГКЦ.
 
Паводле волі і інсьпірацыі савецкага кіраўніцтва тады было абвешчана пра разрыў з Рымам і пра ліквідацыю Грэка-Каталіцкай Царквы на тэрыторыі СССР, а ўсё духавенства і вернікі былі прымусова запісаныя ў склад Расейскай Праваслаўнай Царквы. Усе грэка-каталіцкія храмы таксама былі перададзеныя РПЦ.
 
Ніводзін грэка-каталіцкі біскуп ня браў удзелу ў царкоўных падзеях 8-10 сакавіка 1946 году ў Львове, бо яшчэ да гэтага ўсе ярархі ГКЦ былі арыштаваныя. Дзеля гэтага сход духавенства, праведзены з парушэньнем кананічнага права і пад жорсткім кантролем сьвецкай улады, як Грэка-Каталіцкая Царква ў вольным сьвеце, так і ўся Каталіцкая Царква заўсёды называлі псеўдасаборам. Многія з сьвятароў, манахаў і сьвецкіх вернікаў, хто адмовіўся прызнаваць рашэньні «сабору» 1946 году ў Львове, зазналі рэпрэсіі і былі высланыя ў Сібір. Тым ня менш, Грэка-Каталіцкая Царква, ня гледзячы на пастаянны перасьлед сьпецслужбаў, працягвала жыць у падпольлі.
 
Напярэдадні 70-й гадавіны трагічных падзеяў 1946 году ў Львове Сьвяты Айцец Францішак прыняў у Ватыкане 5 сакавіка 2016 году сябраў Пастаяннага Сіноду УГКЦ.
Сустрэча Папы з сябрамі Пастаяннага Сіноду УГКЦ.
Гэтая сустрэча адбылася пасьля падпісаньня ў Гаване сумеснай дэкларацыі Папы Рымскага Францішка і Патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірылы, якую вельмі неадназначна ўспрынялі ва Ўкраіне, у тым ліку і грэка-католікі. «Мы прыехалі, — сказаў пасьля аўдыенцыі Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук, — каб ізноў пацьвердзіць нашую сулучнасьць з Папам і папрасіць пра дапамогу для ўкраінскага народу». «Папа нас пачуў», — сказаў першаярарх УГКЦ, які таксама падкрэсьліў, што Сьвяты Айцец зьяўляецца «маральным аўтарытэтам, які кажа пра праўду, і зьяўляецца важным голасам для ўкраінскага народу».
 
Паводле словаў зьверхніка УГКЦ сустрэча Сьвятога Айца Францішка з ярархамі УГКЦ была вельмі шчырай і вызначалася асаблівай цеплынёю і бацькоўскім клопатам. У інтэрв’ю для ўкраінскай рэдакцыі Радыё Ватыкану грэка-каталіцкі першаярарх з Украіны сказаў, што падчас сустрэчы Папа падкрэсьліў: ніякія пытаньні і ніякія задачы ня можна вырашаць цаною нават аднаго жыцьця і, тым больш, цаной цэлай памеснай Усходняй Каталіцкай Царквы. Украінская Грэка-Каталіцкая Царква для яго зьяўляецца «ўлюбёнай дачкою, пра якую ён асабліва дбае». Яна ёсьць неад’емнай часткай Паўсюднай Царквы. Паводле словаў Вярхоўнага Архібіскупа УГКЦ Сьвяты Айцец добра адчувае і разумее боль украінскага народу ды шчыра спачувае яму. Папа з вялікай увагай і ўдзячнасьцю выслухаў думкі грэка-каталіцкіх ярархаў адносна падпісанай у Гаване каталіцка-праваслаўнай дэкларацыі і напрыканцы сустрэчы разам з імі памаліўся перад падоранай яму іконай Багародзіцы «Міласэрнасьці Дзьверы», блаславіў біскупаў і нават сам схіліў галаву ды папрасіў украінскіх уладыкаў памаліцца над ім.
 
Зьвяртаючыся да грэка-католікаў з нагоды 70-ых угодкаў Львоўскага псеўдасобору, Папа адзначае ў сваім пасланьні ад 6 сакавіка 2016 году на імя зьверхніка УГКЦ Яго Блаславенства Сьвятаслава (Шаўчука), Вярхоўнага Архібіскупа Кіеўскага і Галіцкага, што гэтая сумная падзея прывяла да дзесяцігоддзяў цярпеньняў многіх пастыраў і вернікаў, якія захоўвалі сваю веру і Царкву, жывучы ў падпольлі: «З глыбокай удзячнасьцю схіляем галаву перад тымі, хто цаною выпрабаваньняў, а нават і мучаніцтва на працягу таго перыяду сьведчыў веру і жыў ёю, прысьвячаючы сябе ўласнай Царкве ў непахіснай еднасьці з Пераемнікам сьвятога Пятра».
 
Адначасова Папа заклікаў глядзець вачыма, прасьветленымі той жа жывой верай, ускладаючы на Госпада, а не на чалавечую справядлівасьць, усякую нашую надзею. Бо менавіта Ён зьяўляецца сапраўднай крыніцай нашай веры ў сучаснасьці і ў будучыні.
 
Рымскі Архірэй выказаў сваю глыбокую ўдзячнасьць грэка-католікам за іх вернасьць і заклікаў іх быць «нястомнымі сьведкамі той надзеі, якая асьвятляе нашае жыцьцё і жыцьцё братоў і сясьцёр, што вакол нас».
 
Сьвяты Айцец яшчэ раз выказаў сваю салідарнасьць з украінскімі пастырамі і вернікамі ва ўсім тым, што яны робяць у гэтыя складаныя часы, пазначаныя бедствамі вайны, для таго, каб палегчыць цярпеньні народу і знайсьці шлях да міру ва Ўкраіне.
Гл. таксама:
08.05.2019
Папа блаславіў ініцыятыву беларускіх грэка-католікаў
01.10.2017
Першаярарх УГКЦ падзякаваў кіраўніцтву Беларусі за стаўленьне да Ўкраіны
19.03.2016
Пасланьне Папы з нагоды 70-х угодкаў Львоўскага псеўдасабору
10.12.2015
Візантыйская ікона на адкрыцьці Году міласэрнасьці
01.05.2014
Зьверхнік УГКЦ: сьвята кананізацыі двух папаў дае нам надзею