Пошук
Архіў навін
22.04.2016
Год без айца Надсана – новыя выклікі для грэка-католікаў
 
15 красавіка 2016 году грэка-католікі Беларусі, і ня толькі, успамінаюць айца Аляксандра Надсана — знакамітага суайчыньніка, сьвятара, публіцыста і перакладчыка. Сёлета спаўняецца роўна год з моманту, як яго ня стала. У гэты дзень ў Беларусі і за мяжой вернікі моляцца і дзякуюць за яго вялікую працу на зямлі.
 
Менавіта на літургічных перакладах айца Надсана адбывалася станаўленьне грэка-каталіцкай супольнасьці 25 гадоў таму, менавіта ён захаваў такую спадчыну, якую цяперашняму пакаленьню яшчэ трэба будзе асэнсаваць, адзначыў у інтэрв’ю Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё Апольстальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
 
Айцец Аляксандар Надсан (21.04.2014).
«Можна сказаць, што евангелізацыю на роднай беларускай мове ў свой час пачаў Францішак Скарына, а вельмі значны ўклад у гэтую справу ўнёс айцец Аляксандар Надсан. І ня толькі для грэка-католікаў, але і для ўсіх хрысьціянаў Беларусі. Трэба сказаць, што ён пакінуў спадчыну і мы павінны вырашыць, што з ёй рабіць. Гэта выклік для нас. Ёсьць пэўныя працы, якія ён пачаў пісаць і ня скончыў, на жаль. Напрыклад, чарнавік яго кнігі пра архімандрыта Льва Гарошку», — сказаў сьвятар.
 
У Грэка-Каталіцкай Царкве Беларусі спадзяюцца, што справа Надсана будзе працягнута. Аўтарытэт для сьвятароў і вернікаў — ён нібыта зьвязваў пакаленьні і запальваў тых, хто імкнуўся да веры, нагадаў Архімандрыт Сяргей. «Гэта ёсьць заданьне на будучыню. І, вядома, мы адчуваем недахоп пэўнага аўтарытэта, які б накіроўваў нашыя ініцыятывы літургічных перакладаў і іншую працу. У замежжа засталіся блізкія супрацоўнікі айца Аляксандра, якія працягваюць там яго працу. Але трэба яшчэ шмат папрацаваць у Беларусі, бо мы, грэка-католікі, ужо перайшлі праз гэты мост і ёсьць тут. Калі мы прыйшлі на абяцаную зямлю, трэба не спыняцца, трэба штосьці рабіць, ісьці далей», — лічыць айцец Сяргей Гаек.
 
Айца Аляксандра Надсана ўспамінаюць ня толькі як таленавітага дасьледчыка, дасканалага перакладчыка, але асабліва — як сапраўднага пастыра. І асобу, якая яднала ўсіх грэка-католікаў замежжа. Чаго сёньня, мабыць, не хапае, прызнаўся архімандрыт Сяргей Гаек.
 
Яшчэ перад адыходам да вечнасьці айца Аляксандра Надсана, Апостальскага візітатара для беларусаў-католікаў у замежжы, адбыліся пэўныя зьмены: беларускія грэка-каталіцкія структуры замежжа ўліліся ў жыцьцё мясцовых Цэркваў. «Структурна гэта нават спрасьціла працу душпастыраў замежжа. Але, вядома, там не хапае духоўнага лідара, які сваім аўтарытэтам яднаў бы гэтыя адзінкі. Гэта новая сітуацыя. Душпастырскай працай і жыцьцём беларускіх грэка-католікаў у замежжв цяпер больш цікавіцца Кангрэгацыя Ўсходніх Цэркваў. Але ў плане духоўным ёсьць плюсы і мінусы. У сэнсе структурнай дынамізацыі парафіяў нічога дрэннага ня сталася, як раз можа нават і наадварот. З іншага боку, недахоп духоўнага лідара, можна сказаць, бацькі, мы адчуваем. І таму для нас гэта выклік. Трэба нам усё гэта асэнсаваць і імкнуцца выкарыстаць той скарб, які дадзены», — лічыць архімандрыт Сяргей Гаек.
 
Айцец Аляксандар Надсан памёр 15 красавіка 2015 году ў Лондане, пакінуўшы пасьля сябе вялікую духоўную і літаратурную спадчыну. А яшчэ пытаньні, роздумы і, галоўнае, прыклад — адданага жыцьця і цярплівай працы дзеля адраджэньня веры і Бацькаўшчыны.
Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
22.04.2016
Прасьветлены, сьветлы, сьвяты
08.04.2015
На Вялікдзень з грэка-католікамі Берасьця маліліся прадстаўнікі Генконсульства Ўкраіны
23.01.2015
У Чырвоным касьцёле адбылася цырымонія разьвітаньня з гісторыкам Анатолем Грыцкевічам
13.09.2014
Славацкі біскуп пра БГКЦ: гэтая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял