Пошук
Архіў навін
20.05.2016
Выстава беларускіх абразоў у залах Ватыканскіх музеяў
 
У Ватыкане 18 траўня 2016 году адбылася афіцыйная цырымонія адкрыцьця выставы сакральнага мастацтва «Іканапіс Беларусі ХVII-XXI стагоддзяў».
 
Аматары сакральнага мастацтва на працягу двух месяцаў да 25 ліпеня 2016 году будуць мець магчымасьць знаёміцца ў Ватыканскіх музеях з беларускай іканапіснай традыцыяй.
 
Як адзначае Ватыканскае радыё, гэта ня толькі першая выстава з Беларусі ў Ватыкане, наогул, упершыню ў залах Ватыканскіх музеяў прадстаўлена экспазіцыя з усходнееўрапейскай краіны.
 
На цырымоніі адкрыцьця экспазіцыі прысутнічалі генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі Ўладзімір Пракапцоў, мітрапаліт Менска-Магілёўскі архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), праваслаўны сьвятар Фёдар Поўны з прыходу Ўсіх Сьвятых г. Менску, прадстаўнікі пасольства Беларусі ў Італіі і пры Сьвятым Пасадзе. Падчас афіцыйнага адкрыцьця выставы беларускага іканапісу ў Ватыкане сьпяваў праваслаўны хор з Менску і вядомая ў Беларусі невідушчая сьпявачка Патрыцыя Курганава.
 
Большасьць экспанатаў прывезены з фондаў Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі, а таксама з Дома міласэрнасьці Усіхсьвяцкага праваслаўнага прыходу ў Менску. Выстава ў Ватыкане рыхтавалася з удзелам дыпламатаў, супрацоўнікаў Міністэрства культуры, беларускага і ватыканскага музеяў. Як адзначае генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музею Беларусі Ўладзімір Пракапцоў, выставіцца ў Музеі Ватыкану ня так проста, і ўвайсьці ў такія прэстыжныя залы — гэта гонар для любой краіны. «Мы, беларусы, магчыма, і самі да канца не ўсьведамляем, якімі каштоўнасьцямі і скарбамі мы валодаем. Прадставіць экспазіцыю тут, у Ватыканскіх музеях, побач з шэдаўрамі сусьветнага мастацтва — для нас гонар і адказнасьць, а таксама — экзамен на прафесійнасьць», — сказаў ён.
 
Для экспазіцыі былі адабраны 31 ікона і дзьве чаканныя аправы. Дзьве іконы напісаныя ўжо сучаснымі беларускімі іканапісцамі. Выстаўленыя абразы з Беларусі зьяўляюцца прыкладамі як заходняй, так і ўсходняй, візантыйскай мастацкай традыцыі іканапісу. Многія беларускія абразы ХVII-XIX стст. спалучаюць усходнія і заходнія рысы, бо былі створаныя ў часы Уніі. Таму сёньня многія беларускія іконы ўшаноўваюцца як католікамі, так і праваслаўнымі, як напрыклад, прадстаўленыя на выставе абразы Менскай і Барунскай Маці Божай.
 
Іконы ў экспазіцыі Ватыканскіх музеяў зьмешчаны ў сьпецыяльных вітрынах з шкла, каб кожны змог у дэталях ўбачыць прыклады беларускага сакральнага мастацтва. Арганізатары запэўніваюць, што на працягу двух месяцаў, пакуль будзе працаваць выстава, у Ватыканскіх музеях будуць раздаваць буклеты на чатырох мовах — беларускай, расейскай, італійскай і ангельскай, каб наведвальнікі — а кожны год ватыканскія музеі прымаюць каля 5 млн. чалавек з усяго сьвету — ня толькі ўбачылі, але і больш даведаліся пра беларускую духоўную спадчыну і ўзаемадзеяньне культур Захаду і Усходу, на скрыжаваньні якіх знаходзіцца Беларусь.
 
Ідэя выставы нарадзілася падчас візіту Дзяржсакратара Ватыкану кардынала П’етра Параліна ў Беларусь ў сакавіку 2015 году. Мэта выставы — пазнаёміць італійскіх сьпецыялістаў, аматараў мастацтва і шматлікіх турыстаў з усяго сьвету, якія наведваюць Ватыкан, з унікальнымі творамі беларускай сакральнай культуры. Апошні раз беларускія абразы дэманстраваліся ў Італіі ў галерэях Мілану і Трыесту ў 2004—2005 гг. Гэтыя выставы выклікалі тады вялікую цікавасьць да беларускага мастацтва.
 
Выстава ў Ватыканскіх музеях таксама прысьвечана Юбілейнаму Году Міласэрнасьці, які праходзіць у Каталіцкай Царкве. Гэты масштабны праект зьяўляецца знакавым і вельмі важным, бо гэтая выстава іканапісу ў Ватыкане — плён супрацоўніцтва ня толькі двух музеяў, двух дзяржаў — Беларусі і Ватыкану, але і двух Цэркваў — каталіцкай і праваслаўнай. І таму сама падзея мае экуменічны характар.
 
Як адзначыў дырэктар Ватыканскіх музеяў праф. Антоніа Паолуччы, Беларусь знаходзіцца на каталіцка-праваслаўным сумежжы. Таму экспазіцыя павінна зьвярнуць увагу на тыя элементы беларускага мастацтва, якія збліжаюць абодва «лёгкія» хрысьціянскай Еўропы — ўсходняе і заходняе. «Экуменізм будуецца таксама праз сувязі і культурныя абмены», — падкрэсьліў дырэктар Ватыканскіх музеяў.
 
Прафесар Паолуччы мяркуе, што беларуская выстава ў Ватыкане — гэта значная падзея, якая, магчыма, стане пачаткам доўгага супрацоўніцтва. Тым больш што, паводле яго словаў, «культурныя сувязі з краінамі Ўсходняй Еўропы, асабліва з праваслаўным веравызнаньнем, займаюць першае месца сярод жаданьняў і праектаў Сьвятога Пасаду».
 
Фота: Ватыканскае радыё.
Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
07.03.2017
Былы Апостальскі нунцый у Беларусі ўзнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны
22.05.2016
Лукашэнка прапанаваў, каб Папа Рымскі сустрэўся ў Беларусі з Маскоўскім патрыярхам
12.05.2012
Айцец Яўген Усошын: Працэс кананізацыі вельмі складаны
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў