Пошук
Архіў навін
26.05.2016
Адбылася прэзентацыя манаграфіі пра канфесійны фактар у сацыяльным разьвіцьці Беларусі
 
У Гарадзенскім музеі гісторыі рэлігіі 23 траўня 2016 году навуковай грамадзкасьці была прадстаўлена амаль пяцісотстаронкавая манаграфія «Канфесійны фактар у сацыяльным разьвіцьці Беларусі (канец XVIII — пачатак XX ст.)», якая пабачыла сьвет у выдавецтве «Беларуская навука» у 2015 годзе.
 
Прэзентацыю выданьня, прысьвечанага канфесійнай гісторыі нашай краіны, арганізавалі Гарадзенскі дзяржаўны музей гісторыі рэлігіі разам з Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і Гарадзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы. У ёй прынялі ўдзел загадчык аддзелам гістарыяграфіі і метадаў гістарычнага дасьледаваньня Інстытуту гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Валянціна Яноўская, якая ўзначальвала аўтарскі калектыў, што працаваў над манаграфіяй, а таксама аўтары асобных разьдзелаў гэтай калектыўнай працы: вядомая дасьледчыца гісторыі Уніі, аўтар шэрагу манаграфіяў і навуковых дапаможнікаў па гісторыі Ўніяцкай Царквы, доктар гістарычных навук, прафесар Гарадзенскага дзяржаўнага ўніверсітэту імя Янкі Купалы Сьвятлана Марозава, і навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі, кандыдат гістарычных навук Раіса Зянюк — сьпецыяліст па гісторыі Рымска-Каталіцкай Царквы ў Беларусі ў ХІХ ст.
 
На прэзентацыі, акрамя гісторыкаў з Акадэміі Навук Беларусі, прысутнічалі выкладчыкі і студэнты гарадзенскага ўніверсітэту, супрацоўнікі музею гісторыі рэлігіі, краязнаўцы, а таксама сьвятары розных канфесіяў, у тым ліку гісторык і душпастыр гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай а. Андрэй Крот.
 
У інтэрв’ю Радыё Рацыя навуковы рэдактар кнігі Валянціна Яноўская адзначыла:
«Упершыню ў акадэмічным выданьні мы ўвялі матэрыял, які адлюстроўвае рэакцыю беларускага грамадзтва і міжнародны рэзананс на палітыку рэфармаваньня і ліквідацыю Ўніяцкай Царквы. Гэты матэрыял пададзены на вялікай колькасьці архіўных дакументаў, якія ўпершыню ўключаюцца ў акадэмічнае выданьне. Мы імкнуліся як мага бліжэй падыйсьці да ісьціны, паказаць ролю ўсіх канфесіяў — дзесьці станоўчую, дзесьці адмоўную, але тое, што адбывалася. Гэта нашая гісторыя».
 
Манаграфія ўяўляе сабой фундментальнае акадэмічнае выданьне, якое зьяўляецца па сутнасьці абагульняючай працай па канфесійнай гісторыі Беларусі на пэўным храналагічным адрэзку — у перыяд з канца XVIII ст. да пачатку XX ст.
 
У працы над гэтай тэмай прынялі ўдзел супрацоўнікі аддзелу гістарыяграфіі і метадаў гістарычнага дасьледаваньня Інстытуту гісторыі НАН Беларусі (В. Яноўская, А. Філатава, Р. Зянюк, Н. Анофранка, А. Сакольчык, К. Церашкова), а таксама двое сьпецыялістаў па канфесійнай гісторыі ХІХ ст. з рэгіянальных універсітэтаў: з Горадні – дасьледчык гісторыі Ўніяцкай Царквы доктар гістарычных навук С. Марозава і дасьледчык з Берасьця — кандыдат гістарычных навук С. Васовіч.
 
Кніга «Канфесійны фактар у сацыяльным разьвіцьці Беларусі (канец XVIII — пачатак XX ст.)», акрамя ўступу і заключэньня, складаецца з чатырох разьдзелаў. У канцы манаграфіі зьмешчаны сьпіс выкарыстанай літартуры і імянны паказальнік.
 
Першы разьдзел манаграфіі — гэта агляд гістарыяграфіі і крыніц па канфесійнай тэматыцы разгляданага перыяду. У другім разьдзеле, які мае назву «Шляхі адаптацыі хрысьціянскіх і нехрысьціянскіх канфесій у прававой структуры Расейскай імперыі» і складаецца з дзевяці падразьдзелаў, адзначана месца праваслаўнай Царквы ў імперскай палітыцы расейскага ўраду, разглядаецца стаўленьне расейскага ўраду да рыма-каталіцкай і ўніяцкай Цэркваў і зьмены ў іх прававым статусе на працягу XIX ст. Паказаны ўрадавая палітыка імперыі ў дачыненьні да пратэстантаў-евангелістаў і юдэяў, рэгуляваньне дзейнасьці старавераў, мерапрыемствы па арганізацыі жыцьця мусульманаў, а таксама тое, як рэгуляваліся міжканфесійныя адносіны ў Расейскай імперыі.
 
У трэцім разьдзеле кнігі (мае пяць падразьдзелаў) яго аўтары аналізуюць канфесійнае становішча і пазіцыю духавенства розных канфесіяў у час сацыяльных узрушэньняў і глабальна-палітычных канфліктаў XIX ст.: вайны 1812 году, паўстаньняў 1830-31 гг. і 1863-64 гг. Асобна зьвернута ўвага на рэакцыю беларускага грамадзтва ў сувязі з ліквідацыяй Уніі ў Расейскай імперыі і міжнародны розгалас у сувязі з гэтай падзеяй. Таксама разглядаюцца асаблівасьці канфесійнага становішча падчас Першай сусьветнай вайны.
 
У чацьвёртым разьдзеле манаграфіі паказаны канфесіі і фармаваньне новай сацыякультурнай прасторы, зьвернута ўвага на праблемы захаваньня традыцыйных духоўных каштоўнасьцяў. У тррох падразьдзелах навукоўцы аналізуюць асьветніцкую дзейнасьць духавенства, справы дабрачыннасьці і выдавецкую дзейнасьць канфесіяў.
 
Для гісторыкаў і вернікаў Грэка-Каталіцкай Царквы асаблівую цікавасьць найперш уяўляюць зьмешчаныя ў кнізе артыкулы д-ра Сьвятланы Марозавай «Эвалюцыя імперскай палітыкі ў адносінах да Ўніяцкай Царквы» і «Рэакцыя беларускага грамадзтва і міжнародны рэзананс на палітыку рэфармаваньня і ліквідацыю Ўніяцкай Царквы».
 
Варта адзначыць таксама, што ў планах менскіх і гарадзенскіх навукоўцаў стварэньне падобных калектыўных манагарфіяў па канфесійнай гісторыі Беларусі ХХ стагоддзя, а таксама Х — XVIII стагоддзяў.

Фота: Аддзел гістарыяграфіі і метадаў гістарычнага дасьледаваньня.
Гл. таксама:
07.01.2019
Беларускі грэка-каталіцкі сьвятар: Стаўленьне да нас з боку Ватыкана – наш вялікі боль
18.10.2017
Каб несьці сьвятло Хрыстова людзям у сьвеце
05.10.2017
Першаярарх УГКЦ: «Я з асаблівым хваляваньнем малюся тут з вамі і за вас»
29.06.2015
Беларуская эліта — з сем’яў уніяцкіх сьвятароў
21.10.2014
Аб нестварэньні Грэка-Каталіцкай Царквы ў 1596 годзе