Пошук
Архіў навін
24.06.2016
Папа адправіўся з візітам у першую хрысьціянскую краіну
 
24 чэрвеня 2016 году самалёт італійскай авіякампаніі "Alitalia" з Папам Францішкам на борце зрабіў пасадку ў міжнародным аэрапорце «Звартноц» у сталіцы Арменіі Ерэване, паведамляе Беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
 
Візіт Рымскага Архірэя ў Арменію працягнецца да 26 чэрвеня. Ён будзе праходзіць пад дэвізам: «Візіт у першую хрысьціянскую краіну». Францішак наведае Арменію ў адказ на візіт Каталікоса ўсіх армянаў Гарэгіна ІІ ў Ватыкан. Папа прыбудзе, каб падтрымаць мясцовую каталіцкую супольнасьць, прадэманстраваць усяму армянскаму народу сваю салідарнасьць і сяброўства.
 
Візіт у Арменію стане першым этапам падарожжа Сьвятога Айца Францішка на Каўказ: з 30 верасьня па 2 кастрычніка 2016 году ён наведае таксама Грузію і Азербайджан.
 
Гэта 14-е замежнае падарожжа Францішка, падчас якога ён наведае рэзідэнцыю першаярарха Армянскай Апостальскай Царквы — Эчміядзін, Ерэван, Гюмры і манастыр у Хор Вірапе, які знаходзіцца ля падножжа гары Арарат, дзе паводле паданьня апынуўся Ной на каўчэгу пасьля Сусьветнага патопу і дзе ў турме знаходзіўся сьв. Рыгор Асьветнік, дзякуючы місіянерскай працы якога Арменія стала першай хрысьціянскай краінай (з 301 г.).
 
У ходзе свайго візіту ў Арменію Папа Францішак таксама памоліцца за ахвяраў перасьледу армянаў, сустрэнецца з нашчадкамі выжыўшых падчас масавага зьнішчэньня іх у Асманскай імперыі. Сустрэча адбудзецца у рамках наведваньня Рымскім Архірэем мемарыяльнага комплексу «Цыцэрнакаберд» у Ерэване, пабудаванага ў памяць пра трагічныя падзеі стогадовай даўнасьці.
 
У відэапасланьні, якое Рымскі Архірэй скіраваў напярэдадні свайго падарожжа ў гэтую першую хрысьціянскую краіну, Сьвяты Айцец Францішак адзначыў, што накіроўваецца «да містычных вышыняў Арменіі», натхнёны «жаданьнем убачыць вашыя абліччы, каб маліцца разам з вамі і разьдзяліць дар сяброўства».
 
Вітаючы народ «першай хрысьціянскай краіны», Папа Рымскі прызнаўся, што прыедзе, «як пілігрым, у гэты Юбілейны Год, каб зачарпнуць старажытнай мудрасьці» армянскага народу і «напіцца з крыніцаў» яго веры, «моцнай», як іх «славутыя крыжы, вырабленыя з каменя».
 
«Вашая гісторыя і дзеі вашага ўмілаванага народу выклікаюць у мяне захапленьне і боль: захапленьне, бо вы знайшлі ў крыжы Ісуса і ў вашым характары сілу, каб заўсёды ўздымацца, нават з пакутаў, якія належаць да найстрашнейшых з тых, што памятае чалавецтва; а боль — ад трагедыяў, якія вашыя бацькі адчулі на ўласнай скуры», — сказаў Папа.
 
Сьвяты Айцец заклікаў армянаў не дазволіць «балючым успамінам» запанаваць над іх сэрцамі і не здавацца перад абліччам няспынных нападаў зла. «Як слуга Евангельля і пасланьнік міру хачу прыйсьці да вас, каб падтрымаць усе намаганьні на шляху да згоды і разьдзяліць вашыя крокі на дарозе да паяднаньня, якое нараджае надзею», — сказаў ён.
 
Папа таксама выказаў надзею, што яго сустрэча з Каталікосам усіх армянаў Гарэгінам ІІ стане чарговым крокам на шляху да поўнай еднасьці.
 
24 чэрвеня 2016 году ў міжнародным аэрапорце Ерэвану «Звартноц» Сьвятога Айца Францішка прывіталі Прэзідэнт Арменіі Серж Саргсян і Каталікос усіх армянаў Гарэгін ІІ. Двое дзяцей, апранутыя ў нацыянальныя касьцюмы, паднесьлі Біскупу Рыму хлеб і соль. Пасьля маршу роты ганаровай варты адбылося прадстаўленьне дэлегацыяў. У цырымоніі прывітаньня ўзялі ўдзел прадстаўнікі епіскапату і дзяржаўных уладаў, а таксама група вернікаў. Сустрэчу ўпрыгожыў сьпевам дзіцячы хор.
 
Адразу пасьля афіцыйнага прывітаньня рымскі Архірэй накіраваўся ў Эчміядзін — рэзідэнцыю першаярарха Армянскай Апостальскай Царквы Гарэгіна ІІ.
Гл. таксама:
04.04.2018
Папа: Хрыстова ўваскрасеньне — магчымасьць адкрываць брацтва
17.02.2016
Папа Рымскі і Патрыярх Маскоўскі падпісалі сумесную дэкларацыю
27.11.2014
Барталамей I перад сустрэчай з Францішкам: поўная еднасьць усё больш рэальная
22.11.2014
Папа Францішак: пошук еднасьці хрысьціянаў застаецца прыярытэтам для Каталіцкай Царквы
10.07.2014
Папа — ахвярам сэксуальнага злоўжываньня духавенства: “Прашу прабачэньня і плачу разам з вамі”