Пошук
Архіў навін
01.07.2016
Папскі легат перадасьць беларускім грэка-католікам рэліквію сьвятога Яафата Кунцэвіча
 
Сьпецыяльны пасланьнік Папы Францішка архібіскуп Вены кардынал Крыстаф Шэнбарн падчас урачыстасьцяў у Будславе перадасьць беларускім грэка-католікам рэліквію архібіскупа Язафата Кунцэвіча, паведамляе БЕЛТА з спасылкай на інфармацыю ад прадстаўнікоў Каталіцкай Царквы ў Беларусі.
 
Кардынал Крыстаф Шэнбарн прызначаны папскім пасланьнікам на сьвяткаваньне 25-годдзя заснаваньня Менска-Магілёўскай мітраполіі РКЦ, якое пройдзе ў Нацыянальным санктуарыюме ў Будславе 1-2 ліпеня 2016 году. Напярэдадні ён прыбыў у Менск.
 
У Будславе кардынал Крыстаф Шэнбарн разам з Мітрапалітам Менска-Магілёўскім архібіскупам Тадэвушам Кандрусевічам прыме ўдзел у начной працэсіі з сьвечкамі, а таксама ў цэнтральным богаслужэньні 2 ліпеня.
 
«Візіт кардынала асаблівы для Рымска-Каталіцкай Царквы ў Беларусі. Ён таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі Беларускай Праваслаўнай Царквы і мае падарунак для невялікай Грэка-Каталіцкай Царквы ў Беларусі», — гаворыцца на сайце Венскай архіяпархіі.
 
Частка архібіскупскага адзеньня Язафата Кунцэвіча, які прыняў мучаніцкую сьмерць у 1623 годзе, стане аб’ектам шанаваньня і своеасаблівым блаславеньнем для беларускіх грэка-католікаў.

Сёлета спаўняецца 100 гадоў, як мошчы сьвятамучаніка Язафата былі перанесеныя з г. Белая Падляшская (Польшча) у храм сьв. Барбары ў Вене. Яны спачывалі там да 25 лістапада 1963 году. Падчас ІІ Ватыканскага сабору мошчы сьв. Язафата былі ўрачыста перанесеныя ў Рым, у базіліку сьв. Пятра.
 
Кардынал Крыстаф Шэнбарн, мітрапаліт Венскі, зьяўляецца таксама ярархам-ардынарыем для ўсіх католікаў візантыйскага абраду (грэка-католікаў) розных нацыянальнасьцяў у Аўстрыі.
 
На пачатку 2012 году ў сталіцы Аўстрыі Вене на просьбу мясцовых беларусаў Архібіскуп Вены, кардынал Крыстаф Шэнбарн заснаваў беларускае грэка-каталіцкае душпастырства ў гонар Хрыста Чалавекалюбцы. Душпастарам быў прызначаны беларускі грэка-каталіцкі сьвятар Андрэй Абламейка, які жыў і студыяваў у Аўстрыі. Беларускія набажэнствы правіліся ў венскай грэка-каталіцкай царкве сьвятой Барбары, дзе некалі захоўваліся мошчы сьв. Язафата, архібіскупа Полацкага.
Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
16.11.2016
Пілігрымы з Беларусі на сьвяткаваньні 100-годдзя перанясеньня мошчаў сьв. Язафата ў Вену
02.07.2016
Архімандрыт Сяргей Гаек: «У Будславе мы нясём знак радасьці і духоўнай перамогі»
17.11.2015
Беларускія пілігрымы на ўрачыстасьці ў гонар сьв. Язафата ў Ватыкане
21.09.2014
Сьвяткаваньні ў гонар сьвятога Язафата Кунцэвіча