Пошук
Архіў навін
02.07.2016
Архімандрыт Сяргей Гаек: «У Будславе мы нясём знак радасьці і духоўнай перамогі»
 
Пра ўдзел грэка-католікаў ва ўрачыстасьцях Маці Божай Будслаўскай і перадачу БГКЦ пасланьнікам Папы рэліквіі сьвятога Язафата Кунцэвіча рэдакцыі Catholic.by распавёў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.
 
— Чым для беларускіх грэка-католікаў і Вас асабіста зьяўляецца ўрачыстасьць Маці Божай Будслаўскай?
 
— Для нас, беларускіх грэка-католікаў, штогадовае сьвята ў Будславе — гэта ўшанаваньне абраза Багародзіцы, які быў перададзены менскаму ваяводу Папам Кліментам VIII, тым самым Папам Рымскім, у час пантыфікату якога была падпісаная царкоўная Берасьцейская унія ў 1596 г.
 
Сёлета спаўняецца 420 гадоў з той духоўнай падзеі. Гэта дадатковая нагода для ўдзячнасьці Богу і Багародзіцы.
 
У гэтым годзе, зразумела, мы цешымся разам з братамі рыма-католікамі з нагоды аднаўленьня царкоўных рыма-каталіцкіх структураў і заснаваньня 25 гадоў таму Менска-Магілёўскай мітраполіі. Асабліва віншуем з сьвятам высокадастойнага Мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча.
 
— Якія мерапрыемствы беларускія грэка-католікі праводзяць у Будславе ў 2016 годзе?
 
— На сьвята ў Будславе, ужо традыцыйна, прыбываюць шматлікія грэка-католікі з усёй Беларусі. Частка з іх прыходзіць у пешых пілігрымках разам з рыма-католікамі.
 
Грэка-католікі ўключаюцца ў агульную праграму сьвяткаваньняў у Будславе. Паводле той жа праграмы ў пятніцу вечарам мы сьпяваем старажытны гімн — Акафіст для ўшанаваньня Багародзіцы. У сьвяткаваньнях у Будславе ўдзельнічаюць і праваслаўныя вернікі. Маліцца разам з імі словамі Акафісту — для нас асаблівая духоўная радасьць.
 
Традыцыйна ўначы — у 02.00 у суботу — служым Боскую Літургію візантыйскага абраду. Ва ўрачыстай працэсіі побач з рыма-католікамі мы нясём грэка-каталіцкія іконы і харугвы — знак радасьці і духоўнай перамогі.
 
— Сьпецыяльны пасланьнік Папы Францішка архібіскуп Вены кардынал Крыстаф Шэнбарн перадасьць у Будславе беларускім грэка-католікам рэліквію сьвятога Язафата Кунцэвіча. Распавядзіце, калі ласка, пра гэтую рэліквію і яе важнасьць для Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
 
— Удзел кардынала Крыстафа Шэнбарна ў сьвяткаваньнях у гэтым годзе — для нас асаблівая радасьць. Кардынал Шэнбарн зьяўляецца ардынарыем для ўсіх усходніх католікаў у Аўстрыі і ведае пра жыцьцё нашай Царквы. Пад яго амафорам праз пэўны час быў душпастырам беларускіх грэка-католікаў у Вене а. Андрэй Абламейка.
 
Тады паўстала думка, каб частку архірэйскай вопраткі сьвятамучаніка Язафата перадаць нашай Царкве ў Беларусі, дзе служыў сьвяты Язафат. Сёлета спаўняецца 100 гадоў з таго часу, як мошчы сьвятамучаніка Язафата былі перанесеныя з г. Бяла Падляска (на Падляшшы ў Польшчы) у храм сьв. Барбары ў Вене. Яны спачывалі там да 25 лістапада 1963 г.
 
Тады, у час Другога Ватыканскага Сабору, пры ўдзеле беларускага грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча мошчы сьв. Язафата былі перанесеныя ў Рым, у базыліку сьв. Пятра.
 
Атрымаць каштоўную рэліквію, набедранік — знак архіпастырскага служэньня сьв. Язафата — для нас духоўнае ўмацаваньне ў нашай веры і вернасьці Рымскаму Апостальскаму Пасаду, заахвочваньне да руплівага сьведчаньня Евангельля.
 
Размаўляў Аляксандр Гелагаеў.
Гл. таксама:
16.11.2016
Пілігрымы з Беларусі на сьвяткаваньні 100-годдзя перанясеньня мошчаў сьв. Язафата ў Вену
01.07.2016
Папскі легат перадасьць беларускім грэка-католікам рэліквію сьвятога Яафата Кунцэвіча
17.11.2015
Беларускія пілігрымы на ўрачыстасьці ў гонар сьв. Язафата ў Ватыкане
21.09.2014
Сьвяткаваньні ў гонар сьвятога Язафата Кунцэвіча
04.12.2013
Пілігрымка беларускіх грэка-католікаў у Рым