Пошук
Архіў навін

15.07.2010

Пешая пілігрымка ў памяць бласл. Марыяны Бярнацкай

13 ліпеня 2010 году вернікі гарадзенскай грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Фацімскай разам з сваім душпастырам а. Андрэем Кратом зьдзейсьнілі пешую пілігрымку ў Навумавічы для ўшанаваньня памяці расстралянай там разам з іншымі вязьнямі нацыстаў блаславёнай мучаніцы Марыяны Бярнацкай, якая паходзіла з уніятаў Сапоцкінскага краю, якія пасьля скасаваньня Уніі засталіся вернымі Каталіцкай Царкве.

Марыяна Бярнацкая — простая сялянская жанчына з мястэчка Ліпск (сёньня — на тэрыторыі Польшчы), маці, што нарадзіла 6 дзяцей, аддала сваё жыцьцё за жыцьцё іншых. Сама загінула, але дала магчымасьць зьявіцца на свьет новаму жыцьцю. Каб уратаваць сваю цяжарную нявестку, якая праз пару тыдняў чакала нараджэньня дзіцяці, яна ўпрасіла фашысцкіх карнікаў узяць у закладнікі яе самую. Такім шчырым і мужным учынкам яна выратавала нявестку і ўратавала жыцьцё свайго яшчэ ненароджанага ўнука. 13 ліпеня 1943 году разам з яшчэ 49 закладнікамі гітлераўцаў яна была расстраляна на Навумавіцкіх фартах пад Горадняй.

За гэты подзьвіг веры Сьвяты Айцец Ян Павел ІІ далучыў у 1999 годзе Марыяну Бярнацкую да ліку блаславёных сярод 108 новамучанікаў з часоў Другой сусьветнай вайны.

Ужо трэці год запар гарадзенскія вернікі робяць пешую пілігрымку ў старыя гарадзенскія фарты, што каля в. Навумавічы, каб ушанваць памяць бл. Марыяны і ўсіх шматлікіх ахвяраў — сьвятароў, манахаў і сьвецкіх, якія загінулі ў гэтай мясьціне. Маршрут пілігрымаў складае каля 20 км. Пачынаецца шлях з малітвы ў капліцы айцоў рэдэмптарыстаў у гарадзенскім мікрараёне Дзевятоўка, дзе цяпер зьбіраюцца на набажэнствы гарадзенскія грэка-каталікі. Далей шлях пілігрымаў пралягае праз Адамавічы, дзе вернікі робяць прыпынак у мясцовым касьцёле і ўшаноўваюць Маці Божую сьпевам Акафісту да Багародзіцы. На сваім шляху пілігрымы чытаюць біблійныя тэксты і разважаюць над імі. У Навумавічах ля мемарыяльнага крыжа на месцы расстрэлаў традыцыйна ўсе далучаюцца да рыма-каталіцкай сьв. Імшы ў памяць пра бласл. Марыяну і ўсіх, хто загінуў у Навумавіцкіх фартах. Сёлета сьв. Імшу тут узначальваў біскуп Гарадзенскі Аляксандар Кашкевіч. Да гэтай малітвы далучылася таксама невялікая група грэка-католікаў, якія прыехалі з Івацэвічаў.

Вядома, што ў Навумавіцкіх фартах расстраляна каля 5 тысячаў чалавек. Ёсьць сярод іх і ахвяры савецкіх рэпрэсіяў. Уласна таму сваю пешую пілігрымку ў Навумавічы гарадзенскія вернікі называюць яшчэ пілігрымкай "За еднасьць", бо падчас яе вернікі ў сваіх малітвах ўзгадваюць усіх уніятаў Сапоцкінскага краю, якія пасьля скасаваньня тут Уніі ў 1874-75 гг. мужна трывалі ў каталіцкай веры, нягледзячы на пакараньні і высылкі асабліва ўпартых, а таксама ўшаноўваюць іх нашчадкаў, што пацярпелі ад страшных таталітарных рэжымаў ужо ў XX стагоддзі.

Дзень 13 ліпеня, калі Каталіцкая Царква ўшаноўвае памяць блаславёнай Марыяны Бярнацкай, для гарадзенскіх грэка-каталікоў паступова становіцца асаблівым днём малітоўнага ўспаміну ўсіх мучанікаў-уніятаў гэтага краю.

Ігар Бараноўскі
Фота Андрэя Вашкевіча з сайту “Твой стыль”

Гл. таксама:
25.11.2019
«Нібы сам Каліноўскі ішоў па Вільні». Гарадзенскі сьвятар расказаў, як гэта — ісьці побач з паўстанцамі
25.07.2016
Пілігрымка БГКЦ: верыць у адзіную Царкву
26.12.2015
«Калі ты ня маеш каго запрасіць за калядны стол — запрасі Ісуса Хрыста...»
16.11.2013
Гарадзенскія грэка-католікі адшукалі магілу апошняга ўніяцкага дэкана
08.06.2013
Грэка-католікі ўшанавалі памяць блаславёнай Марыяны Бярнацкай