Пошук
Архіў навін
30.06.2016
Царква — гэта найперш супольнасьць вернікаў
 
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) 25 чэрвеня 2016 году асьвяціў новы фасад царквы і душпастырскага цэнтру парафіі братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці.
 
З 2011 году берасьцейскія грэка-католікі штогод, у апошнюю суботу чэрвеня, адзначаюць сваё патранальнае сьвята ў гонар братоў-апосталаў Пятра і Андрэя — сьвятых заступнікаў парафіі ў Берасьці і апекуноў хрысьціянскага Захаду і Ўсходу. Гэтая дата парафіяльных сьвяткаваньняў у Берасьці прымеркаваная да сьвята Вярхоўных апосталаў Пятра і Паўла (29 чэрвеня), якое асабліва ўрачыста адзначаецца ў Рымскай Апостальскай Сталіцы, да ўспаміну Сабору 12-ці апосталаў (30 чэрвеня) і ўрачыстасьці ў гонар цудатворнай Берасьцейскай іконы Маці Божай, каранаванай залатымі папскімі каронамі 25 гадоў таму, 30 чэрвеня 1991 году.
 
Да сёлетняга сьвята парафіі ў гонар сьвятых братоў-апосталаў Пятра і Андрэя, якое ў Берасьці адзначаецца як сьвята еднасьці, было прымеркавана заканчэньне асноўных прац па ўпрыгожваньні фасаду душпастырскага цэнтру і асьвячэньне новага фасаду царквы.
 
Абноўлены фасад царквы і душпастырскага цэнтру грэка-католікаў Берасьця ўпрыгожаны новым крыжам мастацкай кавальскай працы і каванымі элементамі ў выглядзе сьвечак. Храм і ўвесь душпастырскі цэнтар цяпер мае таксама прыгожую начную падсьветку.
 
Варта адзначыць, што душпастырскі цэнтар грэка-католікаў Берасьця быў раней звычайным прыватным аднапавярховым домам, які быў набыты для патрэбаў парафіі ў 1997 годзе і затым значна перабудаваны да Юбілею 2000 году з выкарыстаньнем вельмі простых архітэктурных формаў.
 
Архітэктурная стылістыка новага фасаду душпастырскага цэнтру грэка-католікаў у Берасьці досыць сьпецыфічная, яе, напэўна, нельга акрэсьліць адным тэрмінам. Першасны выгляд храму адпавядаў у цэлым стылістыцы канструктывізму, але цяпер ёсьць элементы неарэнэсансу, неамадэрну, традыцыйнай беларускай готыкі, прысутнічаюць таксама і старажытныя візантыйскія арнаменты. Напэўна галоўнай адметнасьцю грэка-каталіцкай царквы сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці сярод сакральных пабудоваў, прычым ня толькі гораду, але і ўсёй Беларусі, стане багатае выкарыстаньне мастацкай кавальскай працы (каванага крыжа і элементаў на фасадзе сьвятыні ў выглядзе сьвечак), якія зьяўляюццца працай вядомага берасьцейскага майстра-каваля Аляксандра Чумакова. Мастацкі каваны крыж будзе ўпрыгожваць таксама і каплічку перад храмам.
 
Павіншаваць берасьцейскіх грэка-каталікоў з парафіяльным сьвятам і асьвячэньнем новага фасаду храма прыйшлі мясцовыя рыма-каталікі, пратэстанты, праваслаўныя, а таксама прадстаўнікі габрэйскай і нават мусульманскай супольнасьцяў Берасьця. Прыехалі таксама і вернікі з Івацэвічаў, Баранавічаў, Менску, Астраўца, а таксама таленавіты малады невідушчы хлопец з Арэнбургу (Расея) Вячаслаў Чэрнеў, які лічыць сябе грэка-католікам, сярод продкаў якога ёсьць і беларусы. З віншаваньнямі выступіў прадстаўнік аддзелу па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцей Берасьцейскага аблвыканкаму. На сьвяце прысутнічалі больш за 80 вернікаў, многія былі з малымі дзеткамі.
 
Сьвяточную літургію, якую ўзначаліў Апосталькі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), разам з берасьцейскім душпастырам а. Ігарам Кандрацьевым саслужылі дэканы БГКЦ: а. Андрэй Буйніч з Ліды і а. Яўген Усошын з Менску, а таксама сьвятар лацінскага абраду кс. Павел Ярашэвіч. Дыяканскае служэньне ў дзень парафіяльных урачыстасьцяў у Берасьці несьлі дыяканы з Івацэвічаў Вячаслаў Гарчакоў і Віталь Быстроў (апошні паходзіць з парафіі ў Берасьці).
 
У сваім казаньні падчас сьвяточнага набажэнства Архімандрыт Сяргей (Гаек) гаварыў пра Царкву і нашую веру.
 
Мы, як хрысьціяне, звычайна вітаемся: «Слава Ісусу Хрысту!» І гэта ня ёсьць нейкі царкоўны фальклёр, толькі даніна нейкай традыцыі, гэта — вызнаньне нашай веры, падкрэсьліў Апостальскі Візітатар. Мы славім Госпада нашага Ісуса Хрыста, Які быў памазаньнікам Божым, Які больш за 2000 гадоў таму прынёс Добрую Вестку ў сьвет і паклікаў за Сабою найперш сваіх апосталаў, а пасьля і ўсіх астатніх. Гэтае хрысьціянскае прывітаньне па-грэцку мае назву Εκκλησία, а мы называем гэта проста Царквой, бо гэта ёсьць скліканьне тых, хто даў адказ на запрашэньне Ісуса Хрыста ісьці за Ім. За гэты наш дар пакліканьня і нашай веры мы заўжды павінны дзякаваць Госпаду і Яго праслаўляць. Больш таго, праслаўляць Яго паводле нашай каштоўнай традыцыі, правільна (таму што называемся яшчэ і праваслаўнымі): ня кожны паасобку, а разам, падкрэсьліў, Архімандрыт Сяргей. Ён адзначыў, што Царква — гэта найперш супольнасьць вернікаў, а ня храмы і будынкі, хай нават самыя прыгожыя. Царкоўная супольнасьць — гэта супольнасьць самых розных людзей: і больш і менш мудрых, і больш і менш багатых, і больш і менш пакорлівых Богу. Бог усіх нас кліча, каб мы ўсе былі адно, як сказана ў Евангельлі, каб сьвет паверыў.
 
Мы ўсе ёсьць пасланымі ў сьвет несьці Добрую Вестку, а значыць усе ёсьць апосталамі. Таму што слова «апостал» як раз азначае «пасланьнік». Сёньня першапакліканыя браты-апосталы Пятро і Андрэй, якіх мы ўрачыста ўшаноўваем у гэтым храме, моляцца за вас і моляцца з вамі.
 
Добра, што ў гэтым абноўленым утульным парафіяльным будынку мы можам маліцца ў больш прыгожых ўмовах і дзякуй за гэта ўсім, хто да гэтага спрычыніўся — працягваў кіраўнік БГКЦ. Але ўсё гэта найперш дзеля таго, каб мы часьцей сюды прыходзілі, больш прыгожа і рупліва маліліся. «Праслаўляць Яго словамі і прыгожымі песьнямі — гэта важна, але яшчэ больш важна праслаўляць Яго нашым жыцьцём», — заўважыў айцец Сяргей Гаек. Бо толькі тады сапраўды мы зможам дастойна, правідлова і ўзьнёсла праслаўляць Госпада. І па-сапраўднаму мы толькі тады праваслаўныя, прававерныя хрысьціяне, калі жывём вераю.
 
Архімандрыт Сяргей заклікаў парафіянаў умацоўваць сваю веру, быць Хрыстовымі сьведкамі, і, як і родныя браты-апосталы Пятро і Андрэй ды апостал Павел, несьці Евангельле ў сваім паўсядзённым жыцьці, а ня толькі ў нядзелю, у царкве. Таму іх сьведчаньне веры, іх навучаньне ёсьць і сёньня для нас актуальнае.
 
Падчас Літургіі мы заўсёды прамаўляем вызнаньне веры: «Веру ў адзінага Бога...», веру ў адзіную, сьвятую, паўсюдную (каталіцкую) і апостальскую Царкву. Апостальскі Візітатар БГКЦ нагадаў, што «Царква паклікана, каб быць адной, каб быць сьвятой, каб быць паўсюднай і апостальскай». У гэтым годзе, асабліва тут, у Берасьці, адзначыў ён, хочацца падкрэсьліць першы складовы элемент вызнаньня веры — «веру ў адзіную Царкву». Бо менавіта тут, у Берасьці, 420 гадоў таму была абвешчана Берасьцейская царкоўная Унія.
 
«Мы сьвяткавалі тут, у Берасьці, 20 гадоў таму 400-гадовы юбілей Уніі. Сёньня мы маем магчымасьць падзякаваць Госпаду і за гэтыя 20 гадоў, якія мы разам прайшлі. Канешне, ад імя Царквы трэба прызнаць і пакаяцца перад Госпадам за ўсе нашыя памылкі, за нашую зьбянтэжанасьць, за нашую ляноту, за нашыя капрызы. Бывае так у жыцьці: Госпад паказвае нам просты шлях, а мы хочам яго яшчэ больш “спрасьціць”. Госпад дае нам шлях Евангельля, шлях Божых прыказаньняў. І больш таго — шлях блаславенстваў, пра якія мы сьпяваем на Літургіі. У Царкве няма ніякіх сакрэтаў, ніякіх таямніцаў. Але ў Царкве ёсьць сьвятыя Таямніцы — гэта сакраманты, у якія мы ўваходзім дзеля таго, каб быць радаснымі, мужнымі і мудрымі сьведкамі Евангельля.
 
Так бывае ў жыцьці, што людзі просяць Госпада пра розныя рэчы. І маюць на гэта поўнае права. Больш таго, часам яны плачуць, што ня маюць або дастаткова часу, або дастаткова грошай, або чагосьці яшчэ. Але вельмі рэдка можна знайсьці людзей, якія бы прызнавалі, што ім не хапае мудрасьці! А калі людзі ня просяць мудрасьць, то яны яе і не атрымліваюць. Таму як раз парафіяльнае сьвята, якое тут адзначаем, гэта добрая нагода, каб сапраўды прасіць Госпада, праз заступніцтва сьвятых Пятра, Паўла, Андрэя і ўсіх апосталаў, каб мы ў нашай веры ўмацоўваліся, былі радаснымі, мудрымі і мужнымі сьведкамі», — сказаў Апостальскі Візітатар БГКЦ.
 
На ўрачыстасьць былі запрошаныя будаўнікі і берасьцейскія архітэктары Андрей Варабей і Аляксандар Жаркоў, дзякуючы працы якіх так непазнавальна зьмяніўся фасад грэка-каталіцкай царквы і душпастырскага цэнтру ў Берасьці. Пасьля сьвяточнай Літургіі парах берасьцейсмкай парафіі а. Ігар Кандрацьеў, які як мастак і архітэктар таксама прымаў удзел у стварэньні новага выгляду храму, падзякаваў ім за добрую працу і падарыў на памяць рэпрадукцыі іканапісных выяваў з грэка-каталіцкай царквы ў Берасьці.
 
З сьвятам парафіі берасьцейскіх грэка-католікаў прыйшоў павітаць галоўны сьпецыяліст аддзелу па справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Берасьцейскага аблвыканаму Дзьмітры Баўкуновіч. Ён распавёў пра сучасную канфесійную сітуацыю на Берасьцейшчыне. Адзначыў, што Унія для Берасьця і для Беларусі, а таксама і для ўсёй Усходняй Еўропы сталася знакавай, хоць і дагэтуль дыскусійнай, падзеяй у гісторыі, якая моцна паўплывала на лёс народаў гэтага рэгіёну. Прадстаўнік уладаў павіншаваў грэка-католікаў з завяршэньнем прац па ўпрыгожваньні фасаду парафіяльнага цэнтру і з 420-мі ўгодкамі Берасьцейскай Уніі, якія адзначаюцца сёлета, ды пажадаў невялікай, але актыўнай грэка-каталіцкай супольнасьці ўзрастаць у веры і служыць міру і згодзе ў горадзе і рэгіёне.
 
Пасьля ўрачыстага набажэнства і асьвячэньня фасаду грэка-каталіцкага цэнтру для гасьцей сьвята адбыўся канцэрт эксьперыментальнага фолькавага гурта «Балцкі Субстрат» з Менску. Дарэчы, кіраўнік гэтага музычнага праекту, гітарыст, сьпявак і малады кампазітар Максім Іўкін таксама зьяўляецца практыкуючым грэка-католікам. Пасьля сьвяточнага абеду ўдзельнікаў урачыстасьцяў чакаў працяг цікавага і высокапрафесійнага музычнага выступу музыкаў з «Балцкага Субстрату». Іх канцэрт суправаджаўся віктарынай з прызамі, частка пытаньняў якой была прысьвечана гісторыі Уніі і хрысьціянства ў Беларусі.

Фота: Алена Масюк і з архіву Рэдакцыі.

Гл. таксама:
13.06.2017
Ноч храмаў — традыцыя, якую варта запазычыць Беларусі
06.12.2016
У Берасьці падчас сьвята парафіі ў 420-ыя ўгодкі Уніі асьвяцілі крыж на каплічцы
18.10.2016
Мітрапаліт Кандрусевіч: жыць у поўнай царкоўнай еднасьці — каштоўны дар Божы
08.04.2015
На Вялікдзень з грэка-католікамі Берасьця маліліся прадстаўнікі Генконсульства Ўкраіны
04.07.2014
Сьвята грэка-католікаў Берасьця — пад апекай Маці Божай Берасьцейскай