Пошук
Архіў навін
04.07.2016
Сьвята Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску
 
Сваё храмавае сьвята адзначыла 26 чэрвеня 2016 году грэка-каталіцкая парафія Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску, паведамляе сайт Рэдэмптарыстаў візантыйскага абраду ў Беларусі. Напярэдадні яго ўвечары была адслужаная Вялікая Вячэрня з Ліцьцёй.
 
Сёлета ва ўсім сьвеце ўрачыста адзначаюцца 150-ыя ўгодкі пачатку публічнага шанаваньня цудатворнай іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі, якая, паводле паданьня, паходзіць з Крыту. У 1866 годзе Папа Рымскі Пій IX перадаў гэтую ікону пад апеку манахаў-рэдэмптарыстаў з просьбай: «Зрабіце яе вядомай ва ўсім сьвеце». Ад гэтага часу цудатворная ікона Багародзіцы была выстаўлена для ўсеагульнага пакланеньня ў храме сьв. Альфонса ў Рыме, а манахі-рэдэмптарысты пачалі распаўсюджваць культ Маці Божай Нястомнай Дапамогі па ўсім сьвеце.
 
Традыцыя шанаваньня гэтай іконы беларускімі грэка-католікамі была запачаткаваная яшчэ ў міжваенны час. Ва ўніяцкіх парафіях на Заходнім Палесьсі ў в. Альпень і м. Гарадная (Столінскі р-н) былі створаныя малітоўныя суполкі Архібрацтва Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Сёньня ў гонар гэтай іконы названа адна з грэка-каталіцкіх парафіяў у сталіцы краіны, а ў парафіі ў Берасьці яна зьмешчана ў іканастасе царквы, вернікі БГКЦ сьпяваюць па-беларуску Акафіст да Маці Божай Нястомнай Дапамогі.
 
Урачыстую Сьвятую Літургію ў дзень сьвята іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў сталічнай парафіі ўзначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек. Разам з ім саслужылі ераманах-рэдэмптарыст а. Зьміцер Чарнель, які ўьяўляецца душпастырам у гэтай сталічнай парафіі, дэкан БГКЦ а. Андрэй Буйніч з Ліды, а. Аляксей Філіпенка з Менску, а таксама новавысьвячаныя ўкраінскія айцы-рэдэмптарысты Ўладзімір Барэйка і Дзьмітры Кіт. Дыяканскае служэньне выконваў дыякан Алесь Хахлоў з Менску.
 
Айцец Андрэй Буйніч у сваім слове да вернікаў распавёў пра ўшанаваньне Багародзіцы. «Усе марыйныя дагматы зьяўляюцца хрысталагічнымі», — падкрэсьліў ён, дадаўшы, што праз ушанаваньне Маці Божай мы ўшаноўваем яе Сына.
 
На завяршэньне Літургіі адбылося асьвячэньне вады, а новавысьвячаныя сьвятары ўдзялілі парафіянам і гасьцям сьвята прыміцыйнае блаславеньне. Сьвяткаваньне працягвалася на двары парафіяльнага цэнтру. Школа танцаў «Капітэль» зладзіла танцавальную праграму. На сьвяце развучвалі і танчылі некалькі сярэднявечных і ампірных танцаў.
 
Фота: Рэдэмптарысты, Менск.
Гл. таксама:
02.10.2017
Упершыню з часоў скасаваньня Уніі грэка-каталіцкі мітрапаліт Кіеўскі адслужыў сьв. Літургію ў Беларусі
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
19.08.2016
У Менску асьвяцілі новыя абразы для грэка-каталіцкай капліцы
10.06.2014
Румынскі грэка-каталіцкі ярарх гасьціў у менскіх грэка-католікаў
10.05.2012
Ватыканскі ярарх разам з грэка-католікамі памаліўся за Менск і за ахвяры вайны