Пошук
Архіў навін
30.10.2010
У Празе пачынаюцца рэгулярныя беларускія набажэнствы
 
З 26 верасьня 2010 году ў пражскай царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна грэка-каталіцкі сьвятар айцец Андрэй Абламейка пачаў служыць рэгулярныя беларускія набажэнствы.
 
Прынагодныя беларускія набажэнствы ў сталіцы Чэхіі, дзе сёньня жыве нямала выхадцаў з Беларусі і існуе некалькі беларускіх арганізацыяў, адпраўляліся і раней. З Калядаў 2009 году тут пачалося стварэньне беларускага душпастырства пры царкве сьвятых Кузьмы і Дзям’яна. Цяпер вырашана, што багаслужбы ў гэтай старажытнай царкве, заснаванай яшчэ ў 928 годзе, будуць правіцца кожную апошнюю нядзелю месяца.
 
У інтэрв’ю Радыё Свабода айцец Андрэй Абламейка сказаў:
 
“Ужо складзены план набажэнстваў у беларускім грэка-каталіцкім душпастырстве Дабравешчаньня Найсьвяцейшай Багародзіцы ў Празе. Магу паведаміць, што сьвяточныя і звычайныя нядзельныя службы пройдуць 26 верасьня, 31 кастрычніка, 28 лістапада, 25 сьнежня, 26 сьнежня, 27 лютага, 25 сакавіка, 26 сакавіка, 27 сакавіка, 24 красавіка, 29 траўня.
 
Пасьля Літургіяў будуць адбывацца заняткі нядзельнай школкі Сьвятой Еўфрасіньні Полацкай у Празе. У ходзе заняткаў дзецям будзе выкладацца катэхізіс, сьпевы і малюнак. Будзем выдаваць з дзецьмі і “Інфармацыйны лісток Нядзельнай школкі Сьвятой Еўфрасіньні Полацкай”. 18-19 чэрвеня наступнага году плануем выезд з вучнямі школкі ў горы".
 
Айцец Андрэй Абламейка запрашае ўсіх беларусаў на сумесную малітву, а дзетак - на заняткі ў нядзельную школку.
 
Пачатак набажэнстваў у нядзелі і сьвяты — аб 11-й гадзіне.
 
Адрас царквы сьвятых Кузьмы і Дзям’яна — Vyšehradská 49, Praha 2. Уваход з вуліцы Na Slovanech.
 
Больш інфармацыі пра царкву сьв. Кузьмы і Дзям'яна ў Празе і мапу можна знайсьці ТУТ.
Гл. таксама:
13.06.2017
Ноч храмаў — традыцыя, якую варта запазычыць Беларусі
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
30.06.2016
Царква — гэта найперш супольнасьць вернікаў
24.09.2011
У Празе аднаўляюцца беларускія набажэнствы
27.12.2010
Каляды ў Празе