Пошук
Архіў навін
18.12.2008
διάκονος (Слуга)
 
10 гадоў сьвятарскага служэньня айца Андрэя Абламейкі. Піша Анатоль Сідарэвіч.
 
Вось чаго я ніколі сабе ўявіць ня мог, дык гэта таго, што жвавага, з жывымі, быстрымі вачамі, не пазбаўленага артыстычных здольнасьцяў рагатуна праз нейкі час буду называць бацюшкам. А ён неяк хутка – ці не пад уплывам свайго большага брата Сяргея? — стаў царкоўным чалавекам.
 
У 1990 годзе на Бацькаўшчыне толькі-толькі пачала адраджацца Унія, а ўжо ў 1991 годзе Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў паківаў беларусам і ўкраінцам пальцам: каб больш такога не было.
 
Гэта значыць, каб не высьвячалі на дыяканаў надта маладых людзей. Бо і праўда, у траўні 1991-га, калі яго высьвяціў біскуп Сафрон Дмытэрка, дыякан грэка-каталіцкай парафіі Сьвятога Язэпа ў Менску толькі што ўступіў у дваццаць другі год жыцьця.
 
У параха парафіі, айца Яна Матусевіча, зьявіўся памочнік і, як стала вядома пазьней, пераемнік.
 
За што я люблю наш візантыйскі абрад, дык і за тое, што ў ім ёсьць дыякан, які пачынае службу словамі «Блаславі, уладыка», дапамагае сьвятару і пры патрэбе кіруе сьпевам, і тады парафіяне сьпяваюць упэўненей, дружней. А дыякан Андрэй быў і слыхам надзелены, і галасісты ён удаўся. Да таго ж усьмешлівы.
 
Ён і зараз — ужо мужчына сталага веку, бацька траіх дзяцей – усьмешлівы і любіць пажартаваць. Магчыма, за гэта яго любяць дзеці парафіянаў.
 
Ужо даўнавата ярэй, ужо нават протапрасьвітэр, дэкан грэка-каталіцкіх парафіяў у Менску, Менскай, Берасьцейскай і Гарадзенскай абласьцях, ён у душы застаецца тым маладым дыяканам. І калі сьпеў парафіянаў бывае ня надта стройны і дружны, з алтара падае свой голас бацюшка, і ўсё наладжваецца як трэба.
 
Калі згадаць, што дыякан (διάκονος) – гэта слуга, служыцель, дык гэтае слова, гэтае званьне стасуецца, бадай, да кожнага сьвятара, бо хто такі сьвятар, калі не слуга Божы і не слуга слугаў Божых?
 
Такім слугой зьяўляецца, па-мойму, і айцец Андрэй Абламейка. 16 сьнежня споўніцца 10 гадоў з таго часу, як мітрапаліт Іван Мартыняк высьвяціў яго на сьвятара. У гэты дзень ён будзе, як заўсёды, служыць.
Гл. таксама:
20.06.2015
Беларускія грэка-каталікі маюць новага сьвятара
15.05.2015
Грэка-каталіцкі сьвятар Зьміцер Грышан: «Мы свабодныя, каб стаць шчасьлівымі!»
13.09.2014
Славацкі біскуп пра БГКЦ: гэтая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял
28.08.2009
Дэкан БГКЦ айцец А.Абламейка будзе студыяваць у Аўстрыі
04.04.2009
Фота з сямейнага архіву беларускага грэка-каталіцкага сьвятара баляслава пачопкі