Пошук
Архіў навін
12.08.2016
На 90-ыя ўгодкі айца Надсана ў Менску прэзентавалі яго беларускі Псалтыр
 
8 жніўня 2016 году, у дзень народзінаў а. Аляксандра Надсана, у грэка-каталіцкім Душпастырскім цэнтры Праведнага Язэпа ў Менску адбылася прэзентацыя кнігі Псалтыр, якую ён пераклаў з старажытнагрэцкай на беларускую мову.
 
Кніга пабачыла сьвет дзякуючы выдавецтву «Сафія» пры полацкай грэка-каталіцкай грамадзе. Сымбалічна, што Надсанаў Псалтыр быў надрукаваны напярэдадні 500-гадовага юбілею першай беларускай друкаванай кнігі, а яго першая прэзентацыя для грамадзкасьці адбылася ў Полацку, у той самы дзень, калі наш першадрукар Францішак Скарына выдаў кнігу Псалтыр — 6 жніўня, на сьвята Перамяненьня.
 
Айцец Аляксандар Надсан. (Фота Мікалая Пачкаева).
Гэтае выданьне Псалтыра, над якім айцец Аляксандар Надсан доўга працаваў, з якім шмат маліўся ды ня раз па-новаму яго рэдагаваў, мае богаслужбовы характар: псалмы падзеленыя на катызмы і суправаджаюцца адпаведнымі, прынятымі ва Ўсходняй Царкве, малітвамі.
 
Мінуў год, як айцец Аляксандар Надсан, Апостальскі Візітатар для беларусаў-католікаў абодвух абрадаў у замежжы, выдатны беларускі сьвятар, дасьледчык царкоўнай гісторыі і дзяяч беларускай культуры на Захадзе, адышоў да Бога, у вечнасьць. Памёр ён 15 красавіка 2015 году ў Лондане. Сёлета яму было б 90 гадоў.
 
Тыя, хто прыйшоў у Менску на прэзентацыю Псалтыра — гэтай вельмі важнай і апошняй працы а. Аляксандра Надсана, найперш памаліліся падчас Боскай Літургіі і Паніхіды за айца Аляксандра і падзякавалі за яго таленавітую ды ахвярную працу па перакладзе на беларускую мову шматлікіх богаслужбовых тэкстаў для Царквы візантыйскага абраду, за яго ўклад у дасьледаваньне і прапаганду беларускай гісторыі і культуры на Захадзе.
 
Вечарыну памяці а. Аляксандра Надсана адкрыў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі архім. Сяргей Гаек, які прадставіў прысутным Псалтыр у перакладзе айца А. Надсана. У імпрэзе прынялі ўдзел менскія грэка-каталіцкія сьвятары і вернікі, беларускія навукоўцы і дзеячы культуры, сярод іх беларускі літаратуразнаўца Адам Мальдзіс і бібліст-тэолаг Ірына Дубянецкая (яны вялі сустрэчу),
Праект помніка а. Аляксандру Надсану.
скульптар Генік Лойка.
 
Падачс прэзентацыі гучалі беларускія рэлігійныя і сьвецкія сьпевы ў выкананьні барда Арцёма Сітнікава і музыкі з «Балцкага Субстрату» Максіма Іўкіна, якія былі прысьвечаны памяці выдатнага беларускага сьвятара.

Варта адзначыць таксама, што на гэтай вечарыне менскі скульптар Генік Лойка прадставіў прысутным праект помніка айцу Аляксандру Надсану.
 
У апошнія гады свайго жыцьця а. Аляксандар, паводле сьведчаньняў яго блізкіх супрацоўнікаў, аддаваў перавагу працы менавіта над перакладам на беларускую мову Псалтыра. Ён адчуваў, што наўрадці ў бліжэйшы час нехта зможа зрабіць гэта лепш за яго. І таму айцец Аляксандар быў вельмі ўсьцешаны з таго, што меў сілы завершыць гэтую працу. Апошняе з свайго творчага здабытку а. Надсан перадаў у Менск доктару тэалогіі Ірыне Дубянецкай і а. Сяргею Стасевічу, каб яго працай змаглі потым карыстацца ўсе вернікі ў Беларусі.
 
Пра тое, як а. Аляксандар працаваў над сваім Псалтыром, адразу пасьля сьмерці сьвятара ўзгадвала Ірына Дубянецкая: «Працай, якая яго трымала, быў пераклад Кнігі Псалмаў з Септуагінты на беларускую мову. Ён пачаў яе ў 2012-м і ўвесь 2013-ы рэгулярна дасылаў новыя версіі, ніяк ня мог спыніцца, і сам з сябе сьмяяўся, маўляў, «optimum inimicum boni» («дасканалае — вораг добрага»). Ён увесь час іх правіў, паляпшаў, зьмяняў, пасьля шкадаваў, што зьмяніў, адмяняў тыя зьмены. Перастаў працаваць толькі ў 2014-м — калі ўжо ня мог сядець за кампутарам».
 
З нагоды выхаду ў сьвет Надсанавага Псалтыра выхаванка а. Аляксандра, тэолаг Караліна Мацкевіч, якая жыве ў Вялікай Брытаніі і якая таксама прысутнічала на прэзентацыі ў Менску, напісала ў Фэйсбуку: «Усе, хто сустракаўся з айцом Аляксандрам у апошнія гады, будуць памятаць, як захоплена ён распавядаў пра гэтую сваю працу. Дзяліўся сваімі перакладчыцкімі знаходкамі і тут жа, як сапраўдны дасьледчык, іх абгрунтоўваў: выцягваў з гары біблійных перакладаў, што пакрывалі ягоны стол, патрэбнае выданьне, знаходзіў патрэбную бачынку і пераможна падсумоўваў: “Ну вось, бачыш!” Гэта была, як кажуць ангельцы, labour of love, “праца любові”. Вялікі дзякуй айцам Сяргею Стасевічу і Сяргею Сурыновічу за тое, што плён гэтай працы цяпер даступны беларусам. Вечная памяць!»

Фота: Радыё Свабода і Сяргея Дзянісіка.
Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
08.08.2016
У горадзе Скарыны прэзентавалі Псалтыр у перакладзе айца Аляксандра Надсана
22.04.2016
Год без айца Надсана – новыя выклікі для грэка-католікаў
02.05.2015
Запавет айца Аляксандра Надсана
02.12.2011
Сустрэць агонь і несьці агонь