Пошук
Архіў навін

21.07.2010

Грэка-католікі на фэсьце ў Гудагаі

Берасьцейскія грэка-католікі 16-18 ліпеня 2010 году зьдзейсьнілі пілігрымку ў Гудагай (Астравецкі р-н), у санктуарыюм Маці Божай Гудагайскай, якім апякуюцца айцы кармяліты.

Сёлета манахі кармяліты адзначаюць 20-годдзе свайго вяртаньня ў Беларусь і 20-годдзе аднаўленьня сваёй місійнай працы ў санктуарыюме Маці Божай у Гудагаі і трэція ўгодкі каранацыі гэтай цудатворнай іконы, якая мае ўсходняе паходжаньне. Па запрашэньні айцоў кармялітаў грэка-каталіцкі музычны гурт супольнасьці Адновы ў Сьвятым Духу “Маран ата” з Берасьця падчас адпустовых урачыстасьцяў у Гудагаі дапамагаў у арганізацыі музычнага праслаўленьня.

Фэст распачаўся 16 ліпеня, калі Царква лацінскага абраду адзначае ўспамін Найсьвяцейшай Дзевы Марыі з гары Кармель. У гэты дзень распачаліся таксама 2-дзённыя рэкалекцыі для моладзі. Вечарам у праграме фэсту была Малітва радасьці — канцэрт гурта “Подых Духа” з Пінскай міждыяцэзіяльнай вышэйшай духоўнай семінарыі імя Тамаша Аквінскага і малітоўныя сьпевы грэка-каталіцкага гурта “Маран ата”. Музычная праграма для моладзі, якая суправаджалася рознымі сьпевамі, танцамі і забавамі закончыліся ўжо пасьля апоўначы.

Адметнасьцю наступнага дня фэсту ў Гудагаі было набажэнства Крыжовай дарогі на мясцовай Кальварыі, а таксама набажэнства Ўсходняй Царквы — Акафіст Найсьвяцейшай Багародзіцы, які па традыцыі ў суботу ўвечары перад цудатворнай іконай Маці Божай сьпявалі грэка-католікі з Берасьця на чале з сваім душпастырам а. Ігарам Кандрацьевым. Апоўначы была ўрачыстая марыйная працэсія з паходнямі і сьвечкамі, на якую прыехаў дапаможны біскуп Менска-Магілёўскі Антон Дзям’янка. Ён жа ўзначаліў затым сьв. Імшу, на якой прыступілі да сьв. Прычасьця больш за 1800 вернікаў. Берасьцейскія грэка-католікі ўпрыгожылі сваімі сьпевамі заканчэньне працэсіі з цудатворнай іконай і сьвечкамі, а таксама выканалі шэраг сьпеваў падчас імшы і пасьля яе. Праз усю ноч у касьцёле ля цудатворнай іконы Маці Божай працягвалася малітоўнае чуваньне вернікаў.

У нядзелю музычны гурт супольнасьці “Маран ата” меў гадзінны канцэрт перад адпустовай сьв. Імшой, якую узначальваў дапаможны біскуп Пінскі Казімір Велікаселец. У гэтай імшы ўзялі ўдзел каля 3000 вернікаў. Сярод каталіцкіх сьвятароў, якія саслужылі адпустовую сьв. Імшу, акрамя параха грэка-католікаў з Берасьця быў таксама протапрасьвітар Яўген Усошын з Менску. Пасьля заканчэньня ўрачыстасьцяў берасьцейскія грэка-католікі з супольнасьці “Маран ата” мелі невялікую сустрэчу з дапаможным біскупам Пінскім Казімірам Велікасельцам, падчас якой выканалі для яго сваю новую песьню. На памяць ўладыка падарыў вернікам асьвячаныя ў Рыме крыжыкі.

Гл. таксама:
05.07.2017
Жыць у еднасьці паводле Слова Божага
23.12.2016
420 гадоў Берасьцейскай Уніі адзначылі ў Рыме
18.10.2016
Мітрапаліт Кандрусевіч: жыць у поўнай царкоўнай еднасьці — каштоўны дар Божы
02.07.2016
Архімандрыт Сяргей Гаек: «У Будславе мы нясём знак радасьці і духоўнай перамогі»
08.04.2015
На Вялікдзень з грэка-католікамі Берасьця маліліся прадстаўнікі Генконсульства Ўкраіны