Пошук
Навіны
19.08.2016
У Менску асьвяцілі новыя абразы для грэка-каталіцкай капліцы
 
14 жніўня 2016 году ў грэка-каталіцкай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску адбылося асьвячэньне іконаў Ісуса Хрыста і Багародзіцы. Абрад асьвячэньня новых іконаў зьдзейсьніў Апостальскі Візітатаар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек).
 
Мастачка Тацяна Ўласевіч ля створаных ею абразоў.
Новыя абразы для грэка-каталіцкай капліцы сталічнай парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі напісала маладая менская мастачка Тацяна Ўласевіч.
 
Па сканчэньні сваёй творчай працы мастачка адзначыла на сваёй старонцы ў Фэйсбуку: «Для мяне гэта была вельмі важная і цікавая праца, бо ўніяцкія традыцыі на Беларусі — вельмі арыгінальная зьява, і адна з найцікавейшых яе асаблівасьцяў — гэта паралельнае існаваньне ў мастацтве традыцыяў Усходняй і Заходняй Еўропы. Галоўнай жа мэтай для мяне было паспрабаваць стварыць вельмі нацыянальныя вобразы. Вось, напрыклад, калі заходзіш у храмы Арменіі, Грузіі, то адчуваеш непаўторную менавіта для той краіны атмасферу, аўтэнтычнасьць і яркасьць вобразаў. Хацелася напісаць нешта сваё, таксама моцнае і творчае... Ня ведаю, наколькі гэта атрымалася, але ж хочацца і далей працаваць у гэтым накірунку!»
 
Архімандрыт Сяргей (Гаек) асьвячае новыя абразы.
У гэты ж дзень для парафіяльнай капліцы таксама было асьвячанае напрастольнае Евангельле на беларускай мове.
 
Нядзельную Боскую Літургію ў перадсьвяцьце Ўсьпеньня Багародзіцы ўзначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-каталікоў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек). Разам з ім саслужылі айцы-рэдэмптарысты Зьміцер Чарнель і Андрэй Хацко (сьвятар з Украіны), дыяканскае служэньне нёс Алесь Хахлоў.
 
Пасьля Літургіі Архімандрыт Сяргей пазнаёміў парафіянаў з нядаўна выдадзеным Псалтыром у беларускім перакладзе а. Аляксандра Надсана, які пабачыў сьвет да 90-х угодкаў з дня народзінаў гэтага выдатнага беларускага сьвятара і дзеяча культуры.
 
На сьвята Ўсьпеньня Найсьвяцейшай Багародзіцы, 15 жніўня 2016 году, у гэтай менскай парафіі адбылося асьвячэньне іконы Маці Божай Нястомнай Дапамогі — паменшанай копіі з арыгіналу, што захоўваецца ў царкве сьв. Альфонса ў Рыме. Гэтую ікону парафія ў Менску атрымала ў падарунак ад айца-рэдэмптарыста Яўгена Карпеля з Варшаўскай правінцыі.
 
Сьвяточная ўсьпенская багаслужба ў парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі стала апошняй для душпастыра гэтай парафіі а. Зьмітра Чарнеля.
Манах-рэдэмптарыст а. Зьміцер Чарнель.
Ён служыў у парафіі ад студзеня 2013 году, а ў жніўні 2016 году беларускі сьвятар атрымаў новае прызначэньне ў сваёй манаскай супольнасьці рэдэмптарыстаў.
 
Цяпер у грэка-каталіцкім манастыры сьв. Герарда ў Кахавіна (м. Гняздычаў Львоўскай вобл., Украіна) ераманах Зьміцер Чарнель будзе выконваць абавязкі прэфекта кандыдатаў, які адказвае за фармацыю хлопцаў, што пачынаюць свой шлях у богапасьвячаным стане. Дарэчы, сёлета як раз 10 гадоў як 19 жніўня 2006 году ён распачаў свой уласны навіцыят у Кахавіне. Цяпер вось зноў вяртаецца ў манастыр свайго закону, каб паслужыць іншым маладым хлопцам у якасьці настаўніка.

Фота абразоў — Тацяны Ўласевіч.
Гл. таксама:
23.10.2016
У Менску разьвіталіся з Юрыем Хадыкам
16.09.2016
У Менску адслужылі паніхіду па Юрыю Хадыку
04.07.2016
Сьвята Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску
01.09.2009
Новыя душпастыры ў сталічнай парафіі
18.12.2008
διάκονος (Слуга)