Пошук
Архіў навін
16.09.2016
У Менску адслужылі паніхіду па Юрыю Хадыку
 
11 верасьня 2016 году ў Дэнвэры (ЗША) адышоў у вечнасьць сьвятой памяці Юры Хадыка — руплівы грэка-католік, які спрычыніўся да адраджэньня БГКЦ, дасьледчык уніяцкага іканапісу і гісторыі беларускага мастацтва. Яму было 78 год.
 
Юры Хадыка — беларускі фізік, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар, актыўны ўдзельнік беларускага адраджэнскага руху, вядомы палітык. Апошнія некалькі гадоў Юры Хадыка жыў у сям’і малодшага сына ў Злучаных Штатах Амерыкі, цяжка хварэў.
 
16 верасьня 2016 году ў Менску, у капліцы Ўсіх Сьвятых Беларускага народу грэка-каталіцкага душпастырскага цэнтру Праведнага Язэпа адбылася памінальная Літургія з паніхідай за супакой душы спачылага Юрыя Хадыкі.
 
Шмат гадоў Юры Хадыка быў вернікам менскай парафіі Праведнага Язэпа, быў сярод яе заснавальнікаў.
 
Памінальнае набажэнства ўзначальваў Апостальскі Візітатар грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), з якім саслужылі дэкан Цэнтральнага дэканату БГКЦ а. Яўген Усошын, а. Андрэй Абламейка і расейскі грэка-каталіцкі сьвятар-іканапісец а. Кірыла Міронаў.
 
Падчас памінальнай багаслужбы айцец Андрэй Абламейка падзяліўся ўспамінамі пра тое, як Юры Хадыка дапамагаў адраджаць Грэка-Каталіцкую Царкву ў Беларусі.
 
У Нью-Ёрку 11 верасьня мясцовыя праваслаўныя беларусы ў катэдральным саборы БАПЦ таксама маліліся за душу спачылага Юрыя Хадыкі.
 
У ЗША адбудзецца разьвітаньне з памерлым, царкоўнае адпяваньне паводле грэка-каталіцкага абраду і крэмацыя. Згодна з тэстамэнтам пахаваньне Юрыя Хадыкі пройдзе ў Беларусі.
 
Журналіст Радыё Свабода Сяргей Абламейка, першы старшыня сталічнай грэка-каталіцкай парафіі, узгадвае пра спачылага Юрыя Хадыку: «Я вельмі блізка супрацоўнічаў з прафесарам Хадыкам, калі пяць гадоў (з 1990 па 1995) стараўся неяк замацаваць легальны статус Уніяцкай Царквы ў Беларусі. Практычна на ўсе афіцыйныя паседжаньні і сустрэчы ва ўладных кабінетах я прасіў пайсьці са мной Юрыя Хадыку, руплівага верніка менскай грэка-каталіцкай парафіі Сьвятога Язэпа ад першага дня яе існаваньня. Яго прыязная ўсьмешлівасьць і адначасова цьвёрдая настойлівасьць часта вырашалі справу на нашу карысьць».
 
Палітык і мовазнаўца Вінцук Вячорка, калі быў старшынём Партыі БНФ, працаваў разам з Юрыем Хадыкам, які займаў пасаду намесьніка кіраўніка Беларускага Народнага Фронту ад 1989 да 2007 году. Вінцук Вячорка ўзгадвае пра ўзьдзеяньне на моладзь у савецкія часы лекцыяў Юрыя Хадыкі пра хрысьціянскую культуру і старабеларускае мастацтва, і пра яго, як палітыка: «У глухія савецкія часы нас, студэнтаў-майстроўцаў, уразіла чутка, што ў Акадэміі навук фізік (!) Юры Хадыка чытае лекцыі пра хрысьціянскую культуру Еўропы і пра старабеларускае мастацтва. Гэта былі незабыўныя глыткі сьвежага паветра — калі сапраўдныя, а ня дзьмутыя эстэтычныя вяршыні сьцьвярджаліся дакладнай аргументацыяй. І ў палітыцы Юры Віктаравіч прапаноўваў рашэньне з уласьцівай фізіку дакладнасьцю, добрасумленна выслухоўваючы доказы апанентаў і добразычліва аргументуючы. Ягоным усячасным прынцыпам было “хто ня вораг, той можа стаць саюзьнікам”».

+ + +
Нарадзіўся Юры Хадыка 23 чэрвеня 1938 году ў Менску. У 1945 паступіў у Чыгуначную школу № 60 у Менску, якую скончыў з залатым медалём. У 1960 скончыў фізічны факультэт БДУ. Ад 1960 году працаваў у Інстытуце фізікі АН БССР, малодшы, старэйшы навуковы супрацоўнік, кіраўнік групы, загадчык лабараторыі.
 
Увосень 1969 году арганізаваў у АН БССР семінар па вывучэньні старажытнабеларускага мастацтва, браў удзел у зборы матэрыялаў і напісаньні «Зводу помнікаў гісторыі і культуры Беларусі». У 1975 узначаліў секцыю аптычна-электронных сродкаў выведкі ў камісіі АН СССР па распрацоўцы прагнозу разьвіцьця ўзбраеньняў. У 1976 абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Аптычныя характарыстыкі факелаў балістычных ракет». У 1979 адкрыў пры АН БССР Музей старажытнабеларускай культуры.
 
З 1989 па 2007 намесьнік старшыні Беларускага Народнага Фронту. У 1996–2000 уваходзіў у назіральную раду Беларускага Хельсынскага камітэту. Аўтар каля 150 навуковых працаў па фізіцы, каля 200 навукова-тэхнічных справаздачаў і амаль 40 публікацыяў па гісторыі беларускага мастацтва.
 
Меў двух сыноў і трох унукаў. Памёр 11 верасьня 2016 году ў Дэнвэры (ЗША).

Фота: Леаніда Дзейка і Радыё Свабода.
Гл. таксама:
24.05.2017
Япіскап Бенядыкт Алексійчук: Беларусь і Ўсходняя Ўкраіна мелі аднолькавыя стартавыя ўмовы, а вынікі — несувымерныя
04.07.2016
Сьвята Маці Божай Нястомнай Дапамогі ў Менску
23.06.2014
Нунцый узначаліў парафіяльныя ўрачыстасьці грэка-католікаў у Менску
23.05.2012
Гвалт над нашымі духоўнымі каранямі (Кананізацыя Сямашкі. Скон народу-2)
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў