Пошук
Архіў навін

20.11.2010

Завяршылася штогадовая сустрэча ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы

Сафія, Баўгарыя, 5-7 лістапада 2010 году

З 5 па 7 лістапада 2010 г. у Сафіі (Баўгарыя) адбылася штогадовая сустрэча ўсходніх каталіцкіх ярархаў Еўропы, якая таксама была адзначана сьвяткаваньнем юбілею 150-годдзя еднасьці Баўгарскай ўсходне-каталіцкай Царквы з Рымскай Апостальскай Сталіцай.

У гэтых падзеях, па запрашэньні экзарха Каталіцкай Царквы ўсходняга абраду ў Баўгарыі Найдастойнага Ўладыкі Хрыста Пройкава і пры падтрымцы Рады біскупскіх канферэнцыяў Еўропы (Consilium Conferentiarum Episcoporum Europae = CCEE), прынялі ўдзел кардынал Петэр Эрдзё — Прэзідэнт Рады біскупскіх канферэнцыяў Еўропы і кардынал Леанарда Сандры — Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, разам з 35 ярархамі ўсходніх каталіцкіх Цэркваў з розных куткоў Еўропы: Беларусі, Вялікабрытаніі, Грэцыі, Італіі, Кіпру, Македоніі, Германіі, Польшчы, Расеі, Румыніі, Сербіі, Славакіі, Венгрыі, Украіны, Харватыі, Чэхіі. Прысутнічалі таксама прадстаўнікі ватыканскіх дыкастэрыяў з Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў і Папскай Рады па справах мігрантаў і падарожных. Важнай часткай у рытме сустрэчы былі набажэнствы з наведваньнем Сафіі і Плоўдзіва — двух найважнейшых гарадоў у хрысьціянскай гісторыі Баўгарыі, якія былі спалучаны з шэрагам дакладаў, аб’яднаных агульнай тэмай «Крытэры царкоўнасьці Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў і сёньняшняя рэальнасьць». Галоўнай высноваю сустрэчы стала прызнаньне таго, што крытэр царкоўнасьці Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў базуецца менавіта на поўнай еднасьці (сулучнасьці) гэтых Цэркваў з Апостальскім Пасадам Пятра.

Урачыстае сьвяткаваньне 150-годдзя Еднасьці адбывалася 4 лістапада ў памяшканьні Экзархату ў Сафіі, дзе былі прэзентаваныя два даклады па гісторыі Каталіцкай Царквы візантыйска-славянскага абраду. Гэтую ўрачыстасьць узначаліў Найдастойны Ўладыка Хрыста Пройкаў — экзарх Каталіцкай Царквы ўсходняга абраду ў Баўгарыі; разам з Яго Эмінэнцыяй Кардыналам Петэрам Эрдзё — Прэзідэнтам Рады Біскупскіх Канферэнцыяў Еўропы, на ёй прысутнічалі Апостальскі нунцый у Баўгарыі, а таксама прадстаўнікі баўгарскага ўраду і Прэзідэнта краіны.

Працоўная частка сустрэчы ўсходне-каталіцкіх біскупаў Еўропы распапчалася раніцай 5 лістапада. Адразу пасьля прывітаньняў была адслужана паніхіда па манс. Элеўтерыё Фарціна, які спачыў 22 верасьня гэтага году. Менавіта ён павінен быў адкрыць сёлетнюю сустрэчу дакладам на тэму: «Крытэрыі царкоўнасьці ўсходніх каталіцкіх Цэркваў на аснове дакументаў Другога Ватыканскага Сабора і Сусьветных Архірэяў». На аснове чарнавікоў, зробленых у рамках падрыхтоўкі да гэтай сустрэчы самым манс. Фарціна, а таксама іншых яго ранейшых прац, даклад падрыхтаваў і прачытаў Архімандрыт Мануэль Нін — рэктар Грэцкай Папскай калегіі ў Рыме. Ён паспрабаваў асьвятліць крытэры царкоўнасьці ўсходніх каталіцкіх Цэркваў у разуменьні манс. Фарціна, які доўгія гады быў памочнікам сакратара Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў. Пасьля дакладу біскупы актыўна абмяняліся думкамі па гэтай тэматыцы. Другі даклад прамовіў Высокадастойны Ўладыка Антоніа Марыя Вэльё, Прэзідэнт Папскай Рады па справах мігрантаў і падарожнікаў, на тэму «Душпастырскія структуры для католікаў мігрантаў — вернікаў Усходніх Цэркваў на аснове інструкцыі Erga migrante Caritas Christi». У сваім дакладзе Высокадастойны Ўладыка Вэльё акрэсьліў сітуацыю з душпастырскім служэньнем для ўсходніх каталікоў мігрантаў, а таксама зьвярнуў увагу на праблемы ў знаходжаньні або стварэньні душпастырскіх структураў, якія спрыялі б яго разьвіцьцю і дапамагалі б вернікам у дыяспары працягваць сваё хрысьціянскае жыцьцё. У другой палове дня Ўладыка Хрыста Пройкаў узначаліў Боскую Літургію ў царкве айцоў-асумпцыяністаў у Плоўдзіве, якая была прысьвечана памяці грэка-каталіцкіх мучанікаў, якія пацярелі ў часы камуністычнага перасьледу. З вялікім узрушаньнем Экзарх узгадаў папярэдні юбілей 100-годдзя еднасьці Баўгарскай Царквы з Рымскім Апостальскім Пасадам, які праходзіў у 1960 годзе, калі Каталіцкая Царква ўсходняга абраду ў Баўгарыі была амаль цалкам зьнішчана. На сьвяткаваньні таго юбілею Ўладыка, будучы тады яшчэ маладым алтарнікам, прыслугоўваў на Боскай Літургіі тагачаснаму біскупу і адзінаму сьвятару, якія на той час не былі зьняволеныя.

У суботу, 6 лістапада, зранку былі зачытаныя яшчэ два даклады: Найдастойнага Ўладыкі Цырыла (Васіля) — Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў, і Дастойнага Ўладыкі Дымітрыяса (Салахаса) — Апостальскага Экзарха ў Грэцыі. Уладыка Кірыла (Васіль) зрабіў даклад на тэму: “Адносіны Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў з усходнімі каталіцкімі Цэрквамі ў Еўропе і персьпектывы гэтых адносінаў у будучыні”. Уладыка Дзьмітры (Салахас) у сваім дакладзе гаварыў на тэму «Усходнія каталіцкія Царквы ў сьвятле афіцыйнага багаслоўскага дыялогу паміж Каталіцкай Царквой і праваслаўнымі Цэрквамі ў іх цэласьці». Абодва даклады выклікалі плённы абмен думак сярод прысутных. Пасьля абеду ўдзельнікі сустрэчы наведалі нацыянальны музей, у якім агледзелі творы мастацтва і археалагічныя знаходкі, якія сьведчаць даўнасьць гісторыі самой Баўгарыі і хрысьціянства ў гэтай краіне.

Затым усе ўдзельнікі паехалі ў манастыр сясьцёр Еўхарыстак. У царкве, названай у гонар блаславёнага Папы Яна XXIII, і якая пабудавана на зямлі, якую ён сам набыў, будучы Апостальскім візітатарам у Баўгарыі, Апостальскі Экзарх Хрыста Пройкаў расказаў пра гісторыю Экзархату, адзначыўшы найважнейшыя моманты ад яго заснаваньня, часы мучаніцтва і адраджэньня ў нашы дні. Пасьля Боскай Літургіі, у якой прынялі ўдзел шматлікія вернікі, Кардынал Сандры ў сваім слове падкрэсьліў значэньне вернасьці Хрысту і Апостальскаму Пасаду для таго, каб данесьці да моладзі праўдзівае сьведчаньне веры. Перад удзяленьнем заключнага блаславеньня Апостальскі Нунцый, Уладыка Балонэк, зачытаў пасланьне, якое ад імя Сьвятога Айца накіраваў Дзяржаўны Сакратар Ватыкану Тарчызіё Бертонэ Кардыналу Леанарда Сандры, Прэфекту Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў з нагоды 150-годдзя Ўсходняй Каталіцкай Царквы ў Баўгарыі. Сьвяткаваньне скончылася канцэртам праваслаўнага хору Яна Кукузеля.

У нядзелю, 7 лістапада, адбылося заключнае пасяджэньне, а затым Уладыка Хрыста (Пройкаў), у саслужэньні ўсіх ярархаў, якія прыехалі на сустрэчу, і шматлікага духавенства адслужыў Боскую Літургію ў катэдральным храме Ўсьпеньня Багародзіцы, які знаходзіцца каля рэзідэнцыі Экзарха.

Наступная сустрэча ўсходніх каталіцкіх біскупаў Еўропы адбудзецца ў г. Орадзя (Румынія) у пачатку лістапада 2011 году. Яна будзе прысьвечана тэме: “Будзьце Мне сьведкамі: евангелізацыя ва ўсходніх каталіцкіх Цэрквах Еўропы».

Друкуецца паводле:
Камунікат па-ангельску: http://www.ccee.ch, па-баўгарску: http://catholic-bg.org

Фота: Catholic-bg.org

Гл. таксама:
08.12.2014
Папа схіліўся перад патрыярхам, просячы блаславеньня
02.11.2014
Ярархі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў: разьдзяленьне Царквы Хрыстовай — анамалія, якую нельга лічыць нормай жыцьця
31.10.2014
Усходнія Каталіцкія Цэрквы павінны быць актыўнымі ўдзельнікамі дыялогу праўды і любові
06.10.2014
Біскуп УГКЦ Багдан Дзюрах: нягледзячы на намаганьні Маскоўскай Патрыярхіі, экуменічны дыялог ідзе наперад
24.11.2013
Зьверхнікі Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў сустрэліся з Рымскім Архірэем