Пошук
Архіў навін
04.11.2016
Біблейскае таварыства заклікала актыўна адсьвяткаваць 500-годдзе беларускага перакладу Бібліі
 
Міжканфесійнае хрысьціянскае рэлігійнае брацтва «Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь» заклікала грамадзтва актыўна прыняць удзель у мерапрыемствах, якія ў 2017 годзе будуць прысьвечаныя 500-годдзю перакладу Бібліі першадрукаром і асьветнікам Францішкам Скарынам, паведамляе БелаПАН.
 
Тэкст звароту БелаПАН атрымаў ад арганізацыйнага камітэту па сьвяткаваньні гэтай падзеі.
 
У аргкамітэт па сьвяткаваньні ўваходзяць старшыня Біблейскага таварыства Аляксандар Фірысюк і выканаўчы дырэктар Ігар Міхайлаў, протаярэй Аляксей Васін з Беларускага экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы, кс. Аляксандар Фаміных ад Рымска-Каталіцкай Царквы ў Беларусі, Сяргей Паднюк з Аб’яднанай Царквы хрысьціянаў веры евангельскай, Віктар Яравой ад Канферэнцыі хрысьціянаў-адвентыстаў сёмага дня і Пятро Назараў ад Саюза евангельскіх хрысьціянаў-баптыстаў.
 
Прадстаўнікі Біблейскага таварыства зьвярнуліся да грамадзянаў, улады, дзеячаў адукацыі, навукі і культуры, а таксама СМІ з просьбай спрыяць і браць актыўны ўдзел у мерапрыемствах, што будуць ладзіцца як Цэрквамі, так і сьвецкімі ўстановамі.
 
Біблія Скарыны, нагадалі рэлігійныя дзеячы, стала «першай друкаванай беларускай кнігай» і «ад яе выхаду вядзе сваё летазьлічэньне беларускае кнігадрукаваньне». «Пачынаючы з часоў Францыска Скарыны менавіта Біблія стала адным з галоўных сымбаляў нашай мовы, культуры, сымбалем нашага народу», — падкрэсьліваецца ў звароце аргкамітэту па сьвяткаваньні 500-годдзя беларускага перакладу Бібліі.
 
Як адзначаюць аўтары звароту, у XVI стагоддзі менавіта Скарынава Біблія і шэраг іншых біблійных выданьняў і перакладаў прывялі да значнага «ўздыму ва ўсіх сферах грамадзкага, палітычнага, эканамічнага і культурнага жыцьця». Біблія ў тым ліку паўплывала «на зьмест выдатнага помніка беларускай прававой думкі — Статута Вялікага Княства Літоўскага — і на працягу стагоддзяў фармавала культуру і народ».
 
«З моманту адраджэньня беларускай дзяржаўнасьці ў ХХ стагоддзі юбілеі, зьвязаныя з біблійнымі перакладамі і выданьнямі Францыска Скарыны, адзначаюцца пастаянна і сьведчаць пра агульнанацыянальнае прызнаньне іх вызначальнага ўплыву на гісторыю Беларусі, — падкрэсьліваецца ў дакуменце. — У 1925 годзе адзначалася 400-годдзе беларускага кнігадрукаваньня, у 1967 годзе — 450-годдзе. На 1990 год выпала 500-годдзе Францыска Скарыны, якое адзначалася з асаблівым размахам».
 
«У гэты юбілейны год зьвернемся да кнігі, якая стала пачаткам усіх беларускіх кніг, каб Біблія, якую Францыск Скарына прагнуў даць свайму народу, стала асновай жыцьця кожнага беларуса. Слава Богу, што мы ўваходзім у лік нямногіх краінаў, якія маюць гэтакія даўнія пераклады Сьвятога Пісаньня. Таму лейтматывам юбілейных урачыстасьцяў 500-годдзя беларускага кнігадрукаваньня хацелася б зрабіць важнасьць перакладу і выданьня менавіта Бібліі — кнігі, якая можа зьмяніць жыцьцё, дае веру і паказвае шлях да вечнага жыцьця, падрыхтоўкай да якога зьяўляецца наш шлях зямны», — адзначылі ў сваім звароце сябры Біблейскага таварыства.
Гл. таксама:
10.08.2017
У Менску прайшло духоўна-асьветніцкае сьвята ў гонар Скарыны
05.08.2017
Францішак Скарына. Чалавек сьвету
11.12.2014
Сьвяты Дух перамагае рознагалосьсі і будуе еднасьць
10.12.2014
Еднасьць — гэта шлях, якім неабходна ісьці разам
08.12.2014
Папа схіліўся перад патрыярхам, просячы блаславеньня