Пошук
Архіў навін
12.11.2016
У Баранавічах адбыліся рэкалекцыі «Быць маладым хрысьціянінам сёньня... і заўтра»
 
Грэка-каталіцкая парафія сьвятых Кірылы і Мятода ў Баранавічах запрасіла моладзь на рэкалекцыі, якія прайшлі 5-7 лістапада 2016 году — паведамляе сайт SvJazep.org.
 
«Быць маладым хрысьціянінам сёння... і заўтра» — такой была тэма трохдзённых рэкалекцыяў у грэка-каталіцкай парафіі, названай у гонар Настаўнікаў славянаў — сьвятых Кірылы і Мятода.
 
У час рэкалекцыяў моладзь малілася рознымі малітвамі, складзенымі Францішкам Скарынам, ушаноўваючы такім чынам памяць беларускага першадрукара і асьветніка.
 
У першы дзень рэкалекцыяў, які меў евангелізацыйны характар, удзельнікі слухалі духоўныя настаўленьні а. Андрэя Буйніча з Ліды – протапрасьвітара Заходняга дэканата і Апостальскага Візітатара БГКЦ Архімандрыта Сяргея (Гаека).
 
Другі і трэці дзень рэкалекцыяў быў прысьвечаны праблемам падрыхтоўкі моладзі да адказнага жыцьця, асабліва да хрысьціянскага сужэнства.
 
У гэтыя дні духоўныя настаўленьні і педагагічныя семінары праводзілі а. Аляксей Варанко з Віцебску разам з а. Андрэем Абламейкам з Менску і яго сужонкай спн. Сьвятланай.
 
У праграме рэкалекцыяў для моладзі ўдзельнічалі таксама душпастыр баранавіцкіх грэка-католікаў а. Яўген Маліноўскі (дацэнт, кандыдат псіхалагічных навук) з сваёй сужонкай Любоўю, якія маюць вялікі досьвед сумеснага жыцьця і выхаваньня дзяцей у шматдзетнай сям’і.
 
Падчас рэкалекцыяў асабліва адзначалася важнасьць падрыхтоўкі беларускай моладзі да сужэнства ў духу любові да духовай спадчыны Бацькаўшчыны.
 
Малітвы аўтарства Францішка Скарыны былі для ўдзельнікаў рэкалекцыяў карыснай дапамогай на гэтым шляху: «Будзь са мною ва ўсякай маёй патрэбе дзеля вялікай радасьці, якую Ты мела пры зачацьці Сына Божага; пачуй маю недастойную малітву і дапамажы мне ў суме маім. У рукі Твае аддаю самога сябе: захавай душу маю, ацалі цела маё, прасьвятлі розум, напраў учынкі мае; накіруй думкі мае да Бога, сэрца маё ўмацуй у добрым; памяць настаў у запаветах; накіруй вочы мае да неба; сумленьне маё ачысьці ад грахоў; аддалі ад мяне пажаданьні цялесныя; адгані д’ябальскія спакусы; захавай ад агульнага сораму; ратуй ад нечаканае бяды, ня дай прыйсьці суму, жалю і роспачы; вызвалі ад вечнага агню. Прымі ад мяне гэтую пахвалу, даючы ўзамен радасьць духоўную і робячы мяне годным радасьці вечнае».
Гл. таксама:
27.09.2019
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
04.10.2017
Царква любіць Еўропу і верыць у яе будучыню
09.12.2016
Памёр былы дэкан Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы
10.02.2016
Споведзь пілігрыма
27.12.2015
Раство ў сучасным сьвеце