Пошук
Архіў навін
16.11.2016
Пілігрымы з Беларусі на сьвяткаваньні 100-годдзя перанясеньня мошчаў сьв. Язафата ў Вену
 
На запрашэньне кардынала Крыстафа Шэнбарна, архібіскупа Вены і ардынарыя для грэка-католікаў Аўстрыі, група грэка-каталіцкіх сьвятароў і вернікаў з Беларусі 12 лістапада 2016 году прыняла ўдзел ва ўрачыстым сьвяткаваньні памяці сьвятамучаніка Язафата (Кунцэвіча) ў Вене — паведамляе сайт SvJazep.org.
 
Гэты Дзень памяці быў прымеркаваны да 100-годдзя перанясеньня мошчаў сьв. Язафата, архібіскупа Полацкага 9-17 ліпеня 1916 году з Белай Падляскай (дзе яны доўгі час былі схаваныя ў былой базыльянскай царкве) у Вену, у грэка-каталіцкую царкву сьв. Барбары.
 
Прадстаўнікі БГКЦ на ўрачыстасьцях у гонар сьв. Язафата ў Вене перадаюць кардыналу Шэнбарну зямлю з месца мучаніцтва сьвятога.
Пілігрымку ўзначальваў протапрасьвітар Усходняга дэканату БГКЦ, душпастыр парафіі Ўваскрасеньня Гасподняга ў Віцебску а. Зьміцер Грышан.
 
Шлях пілігрымаў у сталіцу Аўстрыі праходзіў праз Белую Падляскую (Польшча), адкуль 100 гадоў таму мошчы сьв. Язафата перанесьлі ў Вену. Па дарозе да беларускіх пілігрымаў далучыўся Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар грэка-католікаў Беларусі.
 
Пілігрымы затрымаліся на малітву ў санктуарыюме ў Велеградзе (Чэхія). У базыліцы Ўсьпеньня Багародзіцы і сьвятых Кірылы і Мятода яны папрасілі малітоўнага заступніцтва сьвятых Настаўнікаў Славянаў і апекуноў Еўропы, а таксама памаліліся да першага іхняга вучня — сьв. Гаразда, які зьяўляецца апекуном студэнтаў-багасловаў.
 
Урачыстае сьвяткаваньне ў Аўстрыі з нагоды 100-годдзя перанясеньня мошчаў сьв. Язафата узначальваў Першаярарх Украінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Сьвятаслаў (Шаўчук). У суботу, 12 лістапада, у Вене Апостальскі Візітатар БГКЦ архім. Сяргей Гаек, а. Зьміцер Грышан і а. Андрэй Абламейка ўдзельнічалі ва ўрачыстай акадэміі ў Архібіскупскім палацы Вены, прысьвечанай постаці сьв. Язафата, архібіскупа Полацкага, якую арганізаваў Ардынарыят для грэка-католікаў Аўстрыі.
 
Увечары 12 лістапада беларускія пілігрымы ўдзельнічалі ў цэнтральнай падзеі сьвяткаваньняў — архірэйскай Боскай Літургіі у гонар сьв. Язафата, якую ў катэдральным саборы сьв. Стэфана ў Вене, у прысутнасьці кардынала Крыстафа Шэнбарна правіў першаярарх УГКЦ Яго Блаславенства Святаслаў (Шаўчук). Разам з ім саслужылі мітрапаліт Мельхіцкай Грэка-Каталіцкай Царквы з Алепа (Сірыя) архібіскуп Ян Жанбарт, Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек), а. Юры Коласа, генеральны вікарый вернікаў візантыйскага абраду ў Аўстрыі, рэктар калегіюма «Арыентале» у Айхштэце, прадстаўнік Протаархімандрыта базыльянскага чыну сьв. Язафата, шматлікія сьвятары Ўсходніх Каталіцкіх Цэркваў візантыйскай традыцыі (украінскай, румынскай, мельхіцкай, русінскай, славацкай, беларускай).
 
Напрыканцы Боскай Літургіі Архімандрыт Сяргей падзякаваў кардыналу Хрыстафору (Шэнбарну) за каштоўны духоўны дар — частку архірэйскай вопраткі (набедранік) сьв. Язафата, які аўстрыйскі кардынал урачыста перадаў БГКЦ ў санктуарыюме ў Будславе ў ліпені 2016 году. У знак падзякі Апостальскі Візітатар БГКЦ і а. Зьміцер Грышан з Віцебску перадалі кардыналу Хрыстафору зямлю з месца мучаніцтва полацкага архібіскупа.
 
У нядзелю, 13 лістапада 2016 году беларускія пілігрымы ўдзельнічалі ў беларускамоўнай Боскай Літургіі ў гонар сьвятамучаніка Язафата і сьв. Яна Залатавуснага, якую па запрашэньні экзарха Грэка-Каталіцкай Царквы Чэхіі Ўладыкі Ладзіслава (Гучка) адслужыў у грэка-каталіцкім храме сьвятых Кузьмы і Дзям’яна ў Празе архімандрыт Сяргей (Гаек) у саслужэньні а. Андрэя Абламейкі і а. Зьмітра Грышана. Дыяканскае служэньне нёс дыякан Вячаслаў Гарчакоў з Івацэвічаў. Падчас набажэнства сьпявалі ўдзельнікі хору «Прасфара» з Менску.
 
Падчас набажэнства адбыўся хрост хлопчыка з сям’і пражскіх грэка-католікаў беларусаў. Таксама ў гэты ж дзень адбыўся хрост яшчэ аднаго беларускага хлопчыка ў горадзе Градэц Кралавэ.
 
У старажытнай Празе перад Літургіяй беларускія пілігрымы мелі магчымасьць наведаць мясьціны, зьвязаныя з жыцьцём і дзейнасьцю беларускага першадрукара Францішка Скарыны, а таксама памаліліся ў катэдральным грэка-каталіцкім саборы сьв. Клімента ў сталіцы Чэхіі.

Фота Аляксандра Маламы.
Гл. таксама:
13.06.2017
Ноч храмаў — традыцыя, якую варта запазычыць Беларусі
12.04.2017
Апостальскі Візітатар БГКЦ пра найбліжэйшыя царкоўныя планы і задачы
06.12.2016
У Берасьці падчас сьвята парафіі ў 420-ыя ўгодкі Уніі асьвяцілі крыж на каплічцы
19.11.2016
У Вільні прадстаўнікі БГКЦ ушанавалі памяць сьв. Язафата і продкаў
17.11.2015
Беларускія пілігрымы на ўрачыстасьці ў гонар сьв. Язафата ў Ватыкане