Пошук
Архіў навін
18.11.2016
Першаярарх УГКЦ сустрэўся з Рымскім Архірэем
 
Папа Францішак прыняў на прыватнай аўдыенцыі Вярхоўнага Архібіскупа Кіева-Галіцкага Сьвятаслава (Шаўчука), Першаярарха УГКЦ, які знаходзіўся ў Рыме і ўдзельнічаў у пленарнай Асамблеі Папскай Рады па спрыяньні еднасьці хрысьціянаў.
 
Пра аўдыенцыю, якая адбылася 10 лістапада 2016 году, паведамляе ўкраінская рэдакцыя Радыё Ватыкану.
 
Паводле словаў Зьверхніка УГКЦ, падчас сустрэчы ён прадставіў Сьвятому Айцу напрацоўкі Сіноду Біскупаў УГКЦ, які адбыўся ў пачатку верасьня, у прыватнасьці, тыя рашэньні і прапановы, якія стасуюцца кампетэнцыі Біскупа Рыму. Першаярарх УГКЦ зьвярнуў увагу на тое, што галоўная тэма гэтага сіноду была дыяконія, гэта значыць, сацыяльнае служэньне. Гэтая тэма была сугучная з Юбілейным годам Божай Міласэрнасьці, што стала нагодаю падвесьці вынікі яго перажываньня ва УГКЦ.
 
Яшчэ адной важнай тэмай, закранутай падчас сустрэчы, быў удзел УГКЦ у працы Міжнароднай зьмяшанай камісіі па багаслоўскім дыялогу паміж каталіцкай і праваслаўнымі Цэрквамі, якая цяпер разглядае пытаньне сінадальнасьці (калегіяльнасьці) і першынства. Адзначана, што досьвед сінадальнасьці УГКЦ можа быць цікавым і карысным і для ўсёй Паўсюднай Царквы. Падкрэсьлена таксама, што ў экуменічным дыялогу УГКЦ жадае ня проста прысутнічаць, але быць актыўным удзельнікам.
 
Распавядаючы пра тое, як Царква, якую ён узначальвае, сьведчыць Евангельле ва ўкраінскім грамадзтве, Яго Блаславенства Сьвятаслаў распавёў Рымскаму Архірэю пра свой нядаўні візіт на ўсход Украіны ў Краматорск, пра тое, як выглядае сёньня жыцьцё людзей у так званай «шэрай зоне» і пра ўдзел УГКЦ у ажыцьцяўленьні ініцыятывы «Папа для Ўкраіны». У гэтым кантэксьце Сьвяты Айцец падзяліўся ўражаньнем ад сваіх нядаўніх Апостальскіх падарожжаў на паўднёвы Каўказ, якія дазволілі сустрэць сітуацыі, падобныя да тых, якія сёньня перажывае Ўкраіна, і што гэтыя зьявы не зьяўляюцца нейкім ізаляваным фактам.
 
Паводле словаў Зьверхніка УГКЦ, Папа запэўніў, што асабліва памятае пра Ўкраіну ў сваім сэрцы і моліцца за ўсіх яе жыхароў, удзяляючы ім сваё Апостальскае блаславеньне.
Гл. таксама:
03.05.2017
Папа Францішак і копцкі праваслаўны патрыярх падпісалі сумесную дэкларацыю
09.03.2017
Вярхоўны архібіскуп УГКЦ Сьвятаслаў Шаўчук: я ня ведаю, чаму Ватыкан не дае біскупа грэка-католікам у Беларусі, я дзіўлюся гэтаму
24.05.2016
Папа Францішак: будзьце закваскай еднасьці, суцяшэньня і любові
19.03.2016
Пасланьне Папы з нагоды 70-х угодкаў Львоўскага псеўдасабору
03.03.2016
Беларускія грэка-католікі пра сумесную Дэкларацыю Папы і Патрыярха