Пошук
Архіў навін
24.03.2017
У Хатыні католікі і праваслаўныя разам асьвяцілі памятны крыж
 
24 сакавіка 2017 году ў дзяржаўным мемарыяльным комплексе «Хатынь» адбылося асьвячэньне крыжа, узьведзенага для публічнага пакланеньня — паведамляе Catholic.by. Да гэтага часу ў Мемарыяльным комплексе на месцы хатынскай трагедыі не было ніводнага хрысьціянскага знаку.
 
22 сакавіка споўнілася 74 гады з дня трагічнай гібелі ў 1943 годзе жыхароў вёскі Хатынь. Яна была цалкам зьнішчаная і не адрадзілася, як і яшчэ ня менш за 186 вёсак Беларусі (яшчэ 433 спаленыя вёскі змаглі адрадзіцца пасьля вайны). У Хатыні нацысты падчас карнай аперацыі, нібыта за дапамогу партызанам, забілі або спалілі жыўцом 149 жыхароў вёскі, сярод іх - 75 дзяцей. На яе месцы пасьля вайны быў узьведзены мемарыяльны комплекс для ўшанаваньня памяці жыхароў вёскі Хатынь і ўсіх іншых зьнішчаных беларускіх вёсак.
 
Крыж быў усталяваны летась на старых Хатынскіх могілках. Гэтае месца доўгія гады заставалася па-за ўвагай наведвальнікаў мемарыяльнага комплексу «Хатынь». Між тым, там захавалася некалькі цікавых старых каменных надмагільных помнікаў і крыжоў з XVIII стагоддзя з ледзь чытэльнымі надпісамі. Некаторыя з прысадзістых крыжоў з адтулінамі, бо зробленыя з жорнаў, якія адслужылі свой век. На гэтых могілках спачываюць многія пакаленьні жыхароў Хатыні, якая вядомая з 1551 году, жыхары суседніх вёсак, тут пахаваныя таксама і ахвяры трагедыі 1943 году.
 
Сёньня да старажытных хатынскіх могілак вядзе дарожка з камянёў і жвіру, а ля падножжа ўзгорка ўсталяваны памятны знак — стылізаваны шасьціканцовы крыж сьв. Еўфрасіньні Полацкай. Паводле задумы аўтараў, старажытны Еўфрасіньнеўскі крыж сымбалізуе мучаніцтва і еднасьць вернікаў розных канфесіяў нашай краіны. Ля крыжа, на якім зьмешчаны цярновы вянок, ляжаць тры валуны. Гэтая кампазіцыя нагадвае Галгофу, дзе быў укрыжаваны Ісус Хрыстос. Крыж зьяўляецца напамінам аб той трагедыі і тых пакутах, якія зьведала ня толькі гэтая невялікая, некалі каталіцкая вёска Хатынь, але і ўся зямля Беларусі.
 
Аўтары памятнага знаку — архітэктар Юры Градаў, адзін з аўтараў мемарыяльнага комплексу «Хатынь», і скульптар Канстанцін Селіханаў — унук вядомага скульптара Сяргея Селіханава, які таксама ўдзельнічаў у стварэньні хатынскага мемарыялу.
 
24 сакавіка 2017 году набажэнства ў Хатыні ля мемарыяльнага крыжа ўзначалілі праваслаўны мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павел і дапаможны рыма-каталіцкі біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юры Касабуцкі. У сумеснай памінальнай малітве прынялі ўдзел вернікі розных канфесіяў, а таксама супрацоўнікі мемарыяльнага комплексу і тыя, хто меў дачыненьне да ўзвядзеньня крыжа.
 
Пасьля набажэнства і асьвячэньня памятнага крыжа абодва ярархі зьвярнуліся з прамовамі да прысутных. Як адзначае Catholic.by, Мітрапаліт Павел падкрэсьліў важнасьць мемарыяльнага комплексу «Хатынь» як месца, якое нагадвае пра трагедыю вайны. Кажучы пра неабходнасьць імкненьня да захаваньня міру, праваслаўны ярарх адзначыў: «Нам, людзям розных веравызнаньняў і перакананьняў, няма чаго дзяліць — на зямлі кожнаму хопіць месца». Рыма-каталіцкі біскуп Юры Касабуцкі нагадаў пра важнасьць малітвы за ахвяраў тых трагічных падзеяў, якія адбываліся на беларускай зямлі.
 
Фота кс. Кірылы Бардонава, Catholic.by і Сьвятланы Курэйчык, МЛЫН.BY.
Гл. таксама:
18.12.2018
Сьвяты Пасад захоўвае кантакты з усімі бакамі канфлікту ў праваслаўі
16.06.2018
У Грэцыі прадстаўнікі Каталіцкай і Праваслаўнай Цэркваў дыскутавалі пра прымат і сінадальнасьць
02.05.2017
Папа — копцкаму Патрыярху: нас аб’ядноўвае кроў бязьвінных мучанікаў
25.09.2014
Уніі практыкаваліся ў гісторыі практычна ўсіх Цэркваў
25.01.2012
Мілан Жуст: у экуменізьме трэба заўважаць маленькія крокі наперад