Пошук
Архіў навін
26.12.2010
Ён служыў для адраджэньня Царквы і Бацькаўшчыны
 
На Каляды 2010 году, 26 сьнежня, споўнілася 70 гадоў як адыйшоў да Бога беларускі каталіцкі сьвятар візантыйскага абраду а. Баляслаў Пачопка. Ён памёр на 56-ым годзе жыцьця, змучаны допытамі НКВД, прыдзіркамі і правакацыямі актывістаў бязбожнай савецкай улады, якая прыйшла ў Заходнюю Беларусь у 1939-ым.
 
Баляслаў Пачопка (нарадзіўся 13 кастрычніка 1884, засьценак Уляны Рукойненскай гміны Віленскага павету — памёр 26 сьнежня 1940, мяст. Целяханы, цяпер Івацэвіцкі р-н) — беларускі сьвятар, настаўнік і рэлігійны публіцыст. Актыўны грамадзкі дзеяч — сталы аўтар газэты «Наша ніва», рэдактар-выдавец першай беларускай катaліцкай газэты «Biełarus» (1913—1915), складальнік і выдавец першага беларускага малітоўніка «Boh z nami» (1915) і аўтар першай беларускай граматыкі («Hramatyka biełaruskaj mowy. Apracawaŭ B.Pačobka», распрацавана ў 1915; надрукавана ў Вільні, у друкарні «Homan» у сакавіку 1918). Падрыхтаваў і выдаў шэраг беларускіх рэлігійных кніжак. Пісаў вершы па-беларуску і па-польску, зьбіраў беларускі фальклёр, дасьледаваў гісторыю батлейкі ў Беларусі.
 
Сёньня паступова вяртаецца з забыцьця імя гэтага адданага і руплівага беларускага сьвятара і грамадзкага дзеяча, адкрываюцца новыя старонкі яго дзейнасьці. І сёлета з выдадзенай манаграфіі «Школьная адукацыя ў Беларусі падчас нямецкай акупацыі (1913—1918 г.)» беларускага дасьледчыка Ўладзімера Ляхоўскага даведваемся, што Баляслаў Пачопка аказваецца спрычыніўся яшчэ і да стварэньня першых беларускіх школаў: «Першая беларуская школа ў зоне Обер-Ост была адкрыта 13 лістапада 1915 г. у Вільні на Юр’еўскай (Георгіеўскай) вуліцы, дзякуючы стараньням А. Пашкевіч-Кайрысавай і Б. Пачобкі».
Баляслаў Пачопка (у цэнтры) з братамі Іванам і Антонам Луцкевічамі ды слухачамі 1-х беларускіх настаўніцкіх курсаў у Вільні, у траўні 1916 г. (Фота з прыватнага архіву Ў. Ляхоўскага).
На думку У. Ляхоўскага гэты дзень — 13 лістапада 1915 г., калі была адкрыта першая беларуская школа — «мусіць стаць днём сьвята беларускай школы», бо гэта пачатак масавага беларускага школьніцтва, а гэты дзень «павінен быць уведзены ў рэестар беларускіх нацыянальных сьвят нароўні з іншымі славутымі датамі».
 
Ігар Бараноўскі
 
Гл. таксама:
08.03.2014
Канфесіянальныя “франты”, лініі “культурнага разлому” і “доўгая памяць”
11.01.2014
Ці можа ўніяцтва зноў аб’яднаць беларусаў?
04.10.2013
Алег Дзярновіч: Берасьцейская унія належыць да сьпісу «топ-тэмаў» беларускай гісторыі
13.12.2012
Каб стварыць беларускую царкву ў Лондане, кітаец вывучыў нашу гісторыю
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў