Пошук
Архіў навін
27.07.2010
Парафіяльны фэст у Лучаі
 
У рыма-каталіцкай парафіі сьвятога Юды Тадэвуша, апостала, у м. Лучай пад Паставамі адбыліся парафіяльныя ўрачыстасьці ў гонар сьвятой Ганны, у якіх па запрашэньні гаспадароў бралі ўдзел і грэка-католікі.
 
Парафіяльны фэст у Лучаі.
Традыцыя фэстаў у Беларусі яшчэ толькі адраджаецца і таму на фэст у мястэчку Лучай зьехалася шмат гасьцей з іншых парафіяў Віцебскай дыяцэзіі. Фэст тут ладзіцца ўжо трэці раз, і кожны раз мясцовы пробашч кс. Мікалай Ліпскі дбае пра цікавую і насычаную праграму. Сёлета на фэст ён запрасіў грэка-католікаў з Берасьця, якім прапанаваў выступіць перад мясцовымі вернікамі з сваёй музычнай праграмай.
 
Парафіяльны фэст распачаўся ў суботу, 24 ліпеня 2010 г., урачыстай сьв. Імшой а 16.00 гадз. Разам з лучайскім пробашчам кс. Мікалаем Ліпскім яе саслужыў грэка-каталіцкі сьвятар з
Айцец Ігар Кандрацьеў прмаўляе казаньне ў Лучаі.
Берасьця а. Ігар Кандрацьеў, які гаварыў казаньне для мясцовых вернікаў. У ім ён нагадаў пра лёс сьвятых Якіма і Ганны — бацькоў Найсьвяцейшай Багародзіцы. Сьвятая Ганна — бабуля Ісуса Хрыста, можна сказаць зьяўляецца апякункай дзяцей і ўнукаў. У сваім казаньні сьвятар таксама адзначыў, наколькі важнымі сёньня зьяўляецца падтрымка моцнай сям’і, традыцыйных сямейных каштоўнасьцяў, павага да старэйшых, любоў і пашана да сваіх бліжніх.
 
Пасьля сьвятой Імшы ад 18-й гадз. да самага вечара быў канцэрт для моладзі з танцамі і забавамі. Хрысьціянскую частку музычнай праграмы фэсту распачаў гурт супольнасьці Адновы ў Сьвятым Духу
Сьпявае гурт «Maran atha» з Берасьця.
«Маран ата» з грэка-каталіцкай парафіі сьв. братоў-апосталаў Пятра і Андрэя ў Берасьці, пасьля іх выступіў гурт «Скіфы» з Паставаў. А завершылася сьвята прыгожым феерверкам над старажытным прыгожым барочным касьцёлам.
 
Акрамя хрысьціянскага праслаўленьня і дыскатэкі, на фэсьце ў Лучаі адбыўся цэлы шэраг розных мерапрыемстваў. Працаваў кірмаш, на якім кожны мог падсілкавацца, выпіць квасу, пакаштаваць кіслароднага кактэйлю, паназіраць за працай народнага майстра-ганчара, набыць сабе вырабы з керамікі і іншыя рэчы ды сувеніры.
 
Варта таксама адзначыць, што ў лучайскай парафіі з 4 па 11 ліпеня адбыўся пленэр для мастакоў «У пошуках Атлантыды». Удзельнікі парафіяльных урачыстасьцяў змаглі пазнаёміцца з выставай прац удзельнікаў гэтага пленэру, якая будзе знаходзіцца ў сьвятыні да канца ліпеня.
 
Парафіяльны фэст працягваўся яшчэ і 25 ліпеня, у нядзелю. У гэты дзень — успамін сьвятога Крыштафа паводле традыцыі Заходняй Царквы, які зьяўляецца апекуном вадзіцеляў. Таму ў гэты дзень пасьля сьвятой Імшы пробашч запрасіў сваіх парафіянаў урачыста асьвяціць свой аўтатранспарт. Таксама адбылося асьвячэньне трох новых барэльефных абразоў. Завершыўся трохдзённы фэст у Лучаі сьвятой Імшой у панядзелак, 26 ліпеня, ва ўспамін сьв. Ганны.

Фота Валерыя Кавалёнка, Catholic.by.
Гл. таксама:
12.09.2019
Католікі Берасьця падзякавалі Богу за 1000-годдзе гораду
12.11.2015
Крыж у Курапатах «Памяці берасьцейцаў»
08.04.2015
На Вялікдзень з грэка-католікамі Берасьця маліліся прадстаўнікі Генконсульства Ўкраіны
05.12.2012
Грэка-католікі ў Берасьці адзначылі сваё патранальнае сьвята ў гонар апостала Андрэя
18.06.2009
«Мой Улюбёны — нібы гор вышыні»