Пошук
Архіў навін

23.12.2010

Калядны зварот а. Аляксандра Надсана да беларусаў

Апостальскі візітатар для беларусаў замежжа айцец Аляксандар Надсан у сваім калядным звароце да вернікаў разважае над сутнасьцю ўладаў і іх адказнасьцю перад грамадзтвам.

“Я прыйшоў, каб паслужыць” “Нязьменны вобраз Айца, водбліск Ягонай спрадвечнасьці, прымае выгляд слугі. Прыйшоўшы ад Дзевы Маці і не зазнаўшы зьмены, Ён застаецца тым, кім быў – спрадвечным Богам, – і прымае тое, чым ня быў, стаўшыся чалавекам дзеля любові да людзей”.

Гэты гімн, які Царква пяе ў Дзень Нараджэньня Хрыстовага, добра перадае сэнс гэтага сьвята, менавіта, што спрадвечны Бог у Сваёй любові да нас, стаецца адным з нас. Ён прыходзіць да нас ня ў сіле, але як маленькае дзіцятка, чакаючы ад нас дапамогі і спагады. Аднак гэта было не звычайнае дзіцятка. Прарок Ісая больш як 700 гадоў да ягонага прыйсьця казаў: “Дзіця нарадзілася нам, сын быў дадзены нам, на ягоных плячох спачыла ўлада” (Іс 9:6).

Дык можа і ня дзіва, што Ягонае прыйсьце ўстрывожыла тых, хто меў уладу. Дзіўная рэч – улада. Як неад’емная частка кожнага грамадзкага ладу, яна ёсьць формаю служэньня бліжняму. Сам Хрыстос сказаў, што Ён прыйшоў “не каб Яму служылі, але каб паслужыць і аддаць жыцьцё за адкупленьне многіх” (Мц 20:28). Тым ня менш нярэдка тыя, хто мае ўладу, паддаюцца спакусе ператварыць яе ў самамэту, як сродак самаўзьвелічэньня коштам іншых. Яна дзейнічае, як наркотык, без якога яны ня могуць жыць, і яны гатовыя на ўсякае злачынства, каб толькі ўтрымаць яе ў сваіх руках. І тады ўлада ператвараецца ў дыктатуру. Прыкладаў гэтага маем шмат у гісторыі, пачынаючы ад Ірада аж да нашых дзён.

У сувязі з трагічнымі падзеямі апошніх дзён у Беларусі шмат хто зьбеларусаў сустракае сьвята Нараджэньня Хрыстовага з трывогаю ў сэрцы. Што чакае нас у будучыні? Няхай жа нованароджаны Хрыстос дасьць супакой усім нам. Хай дасьць зразуменьне кіраўнікам дзяржавы, што ўсякая ўлада ад Бога, і таму накладае на іх абавязак паступаць згодна з Божымі законамі, інакш яны трацяць права кіраваць іншымі. А для ўсіх нас хай будуць суцяшэньнем словы Збаўцы:

“Прыйдзеце да мяне ўсе спрацаваныя і абцяжараныя, і я супакою вас; вазьмеце ярмо Маё на сябе і навучыцеся ад мяне, бо Я лагодны і пакорны сэрцам – і знойдзеце супакой для душаў вашых” (Мц 11: 28-29).

 

Каляды 2010 г.
а. Аляксандар Надсан

Радыё Свабода

Гл. таксама:
27.09.2019
У грэка-католікаў Горадні пабывалі міністранты з Шчучына
07.04.2015
Прэфект Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў павіншаваў беларускіх грэка-католікаў з 25-годдзем аднаўленьня адкрытай дзейнасьці
25.12.2013
Слова на Каляды
05.05.2012
Душпастырская праграма візіту ў Беларусь Сакратара Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў
25.12.2009
Шчасьлівыя міратворцы